Выбрать главу

Я здзвівіўся, але не падаў выгляду.

“Мясцовыя ўлады як-небудзь выявілі сябе з гэтай прычыны?” — пацікавіўся я.

“Пакуль ідзе адсочка. Даволі вялая. Крымінальным жа групоўкам напляваць на нейкі там храм. Вось каб мы пачалі ўсталёўваць бровар...” “Людзі-цені” ненавідзяць праўду.

“А хіба “несвядомыя” самі ведаюць дакладна, хто яны? Як сапраўдным адрозніць несапраўдных, якім чынам? Адсутнічае ў іх самасвядомасць, ці яны рэальныя асобы? На іх жа няма адпаведнага знаку. Плямы там якой на скуры ці радзімкі. Можа вы — таксама “чалавек-цень”, ці вось Андруш?..” “Я — не цень”, — пахмурна аспрэчыў Андруш.

“Цяпер коратка пра сітуацыю, — змяніў тэму Васка Петкавіч. —

У адным з баракаў, ён, дарэчы, двухпавярховы, і верхні займае ўдава былога старшыні сельскагаспадарчага кааператыву — белая, гадоў сарака пяці, а ніжні — яе сваякі і работнікі з абслугі, пачаўся раптоўны вадаспад. Вада ў вялікай колькасці працякала з верхняга паверха, хоць у бараку няма водаправода, няма запасу вадкасці і даўно не было дажджу. Ваду спачатку збіралі і пілі работнікі, але ўнізе раптам памерла адно немаўля, а затым — другое, усе напалохаліся і гэтую ваду піць перасталі. Да мяне дайшлі чуткі, што над дахам будынка часта бачаць агнявы слупок нібы ад зварачных работ, а ў вокнах з’явіліся круглыя дзіркі, праз якія ў пакоі заляталі камяні невялікіх памераў, да таго ж само варушыцца адзенне. Невядома яшчэ якія сюрпрызы там адбудуцца. Калі ўсё гэта мы здолеем засняць, а гэта, на мой погляд, даволі круты палтэргейст, то атрымаем не толькі чарговы доказ, але і шанц няблага зарабіць”.

“Спадзяюся, што так...” empty* * *empty

Неўзабаве мы прыйшлі. Барак, на які паказаў Васка Петкавіч, быў невялікі, але двухпавярховы, і першы паверх займала, як мне патлумачылі, група людзей, аб’яднаных працай на гаспадыню, якая жыла зверху. Той-сёй з тых людзей сядзеў на лаўцы альбо заходзіў у дзверы барака і зноў выходзіў адтуль. Сярод іх былі дзеці, падлеткі і дарослыя сталага веку: мулаты розных адценняў скуры, толькі старая бабуля — белая. Выгляд ва ўсіх іх быў, як я заўважыў, даволі прыгнечаны.

Маладых мужчын і жанчын не было — як патлумачыла старая, яны пайшлі на працу.

Я падумаў і, апярэджваючы Васка Петкавіча, прадставіўся як чыноўнік сістэмы ачысткі камунікацый і толькі сказаў, што прыйшоў да іх прыватна і з мэтай дапамагчы, бо, як я ведаю, у іх тут неспакойна. Вядома, калі яны не супраць.

Яны адразу пачалі пераглядвацца паміж сабой, скаваныя нерашучасцю і страхам, а потым старая пачала гаварыць пра тое, што яны па меры сіл займаюцца працай, спраўна выплачваюць падаткі і ведаюць, што парушаць законы — дрэнна, але тут адзін з падлеткаў: неахайны мурын з пашкоджанай лішаем галавой, сплюнуў пад ногі і груба перабіў яе.

“Не плявузгай за ўсіх, баба”.

“Дык вось, што мне рабіць, калі я ноччу не магу спаць на сваім ложку, а сяджу на вуліцы? Мне непамысна і жахліва, бо ў доме няйнакш завялася погань. Што благога ў тым, што я згаджуся на нечую дапамогу? Ну, вось хоць бы і да вас”, — дадала яна, хутаючыся, нягледзячы на спёку, у драны халат.

“Дык гэта вы тут гаспадыня?” — спытаў я.

“Гаспадыня жыве зверху. Падыміцеся да яе, калі вам няцяжка”.

Мы ўтраіх падняліся на другі паверх па дашчатай лесвіцы, якая рыпела пад нагамі. Знізу адразу пачалася шумная сварка — пэўна, спрачаліся накшталт нас, а можа, і з якой іншай нагоды.

Над дзвярыма вісеў на дроціку вырваны са сцяны званок.

Андруш націснуў на яго, падтрымліваючы адной рукой. Званок працаваў.

“Хто вы і што вам трэба?” — урэшце глуха спытаў з-за дзвярэй жаночы голас. Пэўна, нас разглядвалі ў “вочка”.

“Адчыніце! — узяў на сябе ініцыятыву Андруш. — Вам няма чаго баяцца: цяпер светла, і ўнізе поўна людзей. У нас да вас размова”.

Дзверы адчыніліся, але на шырыню ланцужка. Нас нейкі час разглядвалі, але пасля, нарэшце, упусцілі ў вітальню.

Жанчына, якая дазволіла нам увайсці, была белая, ужо даволі сталага веку: ёй можна было даць гадоў сорак пяць–пяцьдзесят. Высокая, каровістая самка, але са слядамі былой прыгажосці, крыху атлусцелая, з круглым тварам, масіўнымі залатымі завушніцамі і пажадлівым ротам. Я адзначыў, што яна, нягледзячы на рашучы выгляд, вельмі ўзнерваваная і разгубленая, што і адчувалася. Звалі яе Адмета.

Пасля неабходных у такіх выпадках прабачэнняў і тлумачэнняў я спытаў, ці згодна яна, каб мы крыху паназіралі за тым, што адбываецца ў яе жытле і, па магчымасці, ёй дапамаглі?