Гаспадыня недаверліва агледзела нас.
Відавочна, яна вагалася, але, пралічыўшы ўсе “за” і “супраць”, спытала: “Я павінна нешта рабіць? Я бачу, што адбываецца ў доме, і не хачу звяртацца да мясцовых паліцыянтаў, бо здагадваюся, чым усё гэта можа скончыцца. Ва ўсякім разе не дабром. Так ці не?” “Скажыце, вашмуж-нябожчык пакінуўвамвялікую гаспадарку?” — здалёк пацікавіўся Васка Петкавіч.
“Я спраўлялася. Але як цяпер — не ведаю”.
“Як даўно вы яго пахавалі?” — спытаў я.
“Ужо месяц. Ён выглядаў такім моцным, здаровым, і раптам злёг. Ён быў упэўнены, што яго атруцілі ці сурочылі”.
Я раптам адчуў, што размова рухаецца ў патрэбным мне напрамку.
“Па якім звычаі яго пахавалі?” “Як у нас тут прынята: на могілках”.
“Ён сам так пажадаў?”
Але тут гаспадыня быццам сумелася.
“Як вам сказаць: ён не верыў у тое, што памрэ. Але аднойчы пачаў гаварыць абы-што — быц-цам, па звычаях продкаў, яго цела пасля смерці мы павінны ўжыць у ежу, а чэрап захаваць у доме. Я
чула нібы ў некаторых паселішчах, дзе шмат перасяленцаў, такое адбываецца і цяпер, але ж я не дзікунка якая, і ніколі б не стала такое рабіць”.
“А вашы дзеці? Дзе яны?” “Два сыны і дачка ўладкаваліся ў горадзе. Я нават баюся іх сюды запрашаць. Усё пачалося з таго, што з даху палілася вада, хоць адкуль ёй там брацца, потым пачалі падаць каменні, біцца посуд.
Чамусьці ўсё гэта ноччу. Хоць у апошні час здараецца і днём”.
“У вас на даху нешта зварвалі? — пацікавіўся Андруш. — Можа, трубы?” “Вядома, не. Там і металічнага нічога няма”. “І на гарышчы?” “Таксама”.
Нейкі час я абдумваў пачутае, а потым спытаў: “Скажыце, ад чаго, па-вашаму, памерлі дзеці паверхам ніжэй?” “Інфекцыя. Яны, напэўна, паспыталі той самай вады, што сцякала ўніз па сценах і са столі”.
“Але ж іх столь — гэта ваша падлога. Можа, вы перакулілі якую ёмістасць?” “Зірніце самі: у мяне яе няма”.
“Мы чулі, што адно дзіця лётала ў паветры. Гэта так?” “Унук маёй сястры. Яе вы бачылі ўнізе”.
“Колькі год было таму ўнуку? Ён што-небудзь расказваў?” “Так. Але ў чатыры гады хіба ён што разумее? Быццам яго нехта трымаў у паветры. Казаў, што гуляў з нейкім бліскучым мячыкам.
Ніхто іншы той мячык не бачыў”.
“Вы не супраць, што мы пакінем у вас на ноч відэакамеру? —
папрасіў я дазволу. — Яна незаўважная і здымае нават у поўнай цемры, калі задаць адпаведную праграму”.
Запанавала невялікая паўза.
Адмета падумала і згадзілася. Мы нейкі час пахадзілі па пакоях, але нічога не здаралася. Урэшце Васка Петкавіч пачаў развітвацца і мы сышлі ўніз.
“Дарэчы, — спытаў я напаследак гаспадыню, — у якім месцы пахаваны ваш муж?” “На паўночных могілках, калі вам цікава. Там ёсць пліта, на якой выбіты надпіс: Тэафіл Слімак. Гэта і ёсць яго магіла, бо я пахавала яго па сваім звычаі”.
“Ну і што вы пра ўсё скажаце? — спытаў мяне Васка Петкавіч, калі мы зноў апынуліся на вуліцы. — Гэтая хрэнь цягне на доказ?” “На маю думку, усё толькі пачынаецца, — сказаў я. — Ноччу мне давядзецца наведаць могілкі. І, верагодна, не адзін раз”.
“Калі вы не супраць, я з вамі”, — прапанаваў Андруш.
Я шчыра адказаў яму, што нават рады. Перспектыва хадзіць ноччу ў пошуках апошняга пры-станку Тэафіла Слімака аднаму не вельмі ўражвала. Урэшце, мы дамовіліся з Андрушам, што ён зойдзе да мяне ўвечары.
Між тым, блізілася да поўдня, і сонца ўжо бязлітасна вісела на блакітным, без адзінага воблачка, небе. Я спытаў Васка Петкавіча, як мне пабачыць той самы храм, які будуецца, ён паказаў мне туды дарогу, затым мы развіталіся, і я пайшоў адзін.
Слабы вецер даносіў са звалак смуродны дым, змешаны з пахам памыяў, якія вылівалі па баках вуліцы проста з баракаў. Насустрач мне часам крочылі напаўаголеныя людзі, бачна было, што многія з іх паспелі ўжо ўжыць алкаголь. Я таксама скінуў кашулю, бо спёка станавілася невы-носнай: па маіх разліках, у ценю было каля сарака градусаў па Цэльсію.
Як я ведаў, храм, альбо Месца для агучвання Ісціны, аднаўляўся на базе былога ангара, і там працавалі добраахвотнікі з мясцовага белага насельніцтва, і мастак, таксама з высланых, які падрадзіўся распісаць будынак з сярэдзіны, і пра якога недвухсэнсоўна паведаміла мне Мойра. Я раптам падумаў, што і іду ў той храм менавіта, каб пабачыць свайго магчымага саперніка — у душы я ўжо вырашыў змагацца за гэтую жанчыну да апошняга. Урэшце, чаму бы і не? Былі ж мы з ёй межава блізкія, хіба не так? Я спадзяваўся, што калі мне ўдасца занатаваць доказ, даць яму адпаведныя матэрыялістычныя тлумачэнні і адзнаку, а я заўсёды быў далёкі ад усялякай містыкі, то на заробленыя грошы набуду сабе адпаведныя, стоадсоткавыя дакументы і цалкам, магчыма, што здолею пераканаць Мойру з’ехаць са мной як мага далей ад гэтага змрочнага месца, хоць увесь цяперашні свет, як я з горыччу прызнаваўся сам сабе, хіба што ўсяго толькі суцэльнае дэградацыйнае плата.