Думкі мае перабіла чарнаскурая дзяўчына гадоў дванаццаці, якая рашуча заступіла мне шлях, папрасіўшы прыбаўкі на дозу. На ёй была толькі паркалёвая спадніца і аніякай бялізны вышэй каленяў. Кучаравыя валасы на яе яйкападобнай галаве — вынік не зусім удалай дэфармацыі — былі коратка падстрыжаны і блішчэлі тлушчам.
Я стрымана адказаў, што не маю грошай, але яна раптам хіснулася да мяне і ашчаперыла абед-звюма рукамі, шэпчучы на вуха, што гатовая хоць зараз заплаціць мне сваім целам.
Я адарваў ад сябе яе рукі, ад дзяўчыны надта ж адчувальна несла сумессю гармонаў з потам. З кішэні шортаў я выцягнуў некалькі магнітных жэтонаў — рэшту, якую мне выдалі перадусім у краме, і аддаў ёй, каб адчапіцца — з баракаў ужо выглядвалі падазронага аблічча постаці.
Я збочыў два разы, як раіў мне Васка Петкавіч, а потым ужо і сам здалёк убачыў будынак храма ў свежых рыштаваннях — ён быў вышэйшы за баракі.
Зблізу гэта аказаўся ангар, пачаткова пабудаваны дзесьці прыкладна ў пачатку мінулага ста-годдзя, калі пасля ранейшых вялікіх разбурэнняў, новае пакаленне пачало быццам апантана абнаўляць веру, не без каварства і тайных інтрыг, расшыраючы такім чынам адну этнапалітычную прастору і звужаючы аналагічную ў суседзяў. Храмы даўно перасталі быць апірышчам духу, меркаваў я, разглядаючы ангар. Нават пакаленне, захопленае вялікай камуна-бальшавіцкай мутацыяй, якое раўнавала цэрквы, касцёлы і сінагогі, было па-свойму больш сумленнае, чым тое, што прыйшло за ім. Разбуралі храмы, таму што яны не ратавалі чалавека, а ён шукаў духоўнага ратавання, і не ў прывіднай будучыні, а менавіта цяпер, і не знаходзіў. І атрымаў, урэшце, сапраўднае рабства духу, бо рэлігія і не можа даць ратавання, бо таксама за-снаваная на мане, і ў ёй, на мой погляд, шукаюць хутчэй за ўсё сховішча ад суцэльнай бессэнсоўнасці жыцця. Таму ідэя мясцовых, яшчэ невядомых мне асоб, хутчэй за ўсё гэта былі такія ж самыя высланыя ў паселішча накшталт мяне, зрабіць храм Месцам для агучвання Ісціны, здавалася мне, на першы погляд, даволі слушнай. Урэшце, храмы і павінны быць такімі месцамі, адкуль узаконеныя недатыкальнасцю людзі выказвалі б свае думкі, не зважаючы на магчымыя пакаранні з боку ўладаў.
Але, меркаваў я, разглядаючы ангар, якую ісціну думаюць абвясціць людству мясцовыя змагары за свабоду духу? Бо аблічча праўды, як выказаўся калісьці старажытны філосаф, грознае. Яна нешта страшнае, невыноснае і смяротнае. Так. Людзі ў сваёй большасці ненавідзяць яе.
На вонкавых рыштаваннях, нягледзячы на спёку, працавалі некалькі чалавек. Усе — белыя, з аблупленай ад сонца скурай на плячах, жылістыя і цягавітыя.
Я пашукаў вачыма ўваход у ангар і, асцярожна пераступаючы праз будаўнічы хлам пад нагамі, рушыў да яго, але раптам спыніўся.
На цаглянай сцяне будучага храма я ўбачыў наклеены аркушык паперы. Налепка называлася “АБ ЦЕМРЫ”
У экстрэмальнай сітуацыі, калі частку сутак вас акаляе цемра, трэба ведаць і запомніць некалькі парад.
Першая: абзавядзіцеся зброяй.
Другая: не хадзіце ў адзіночку.
Трэцяя: ідзіце толькі сярэдзінай вуліцы, а не ў ценю дамоў ці парканаў.
Чацвёртая: калі вы зойдзеце ў пад’езд, варта запаліць святло ці якім іншым спосабам высветліць прастору вакол вас — з дапамогай надалонніка, кішэннага ліхтарыка альбо запалкі.
Пятая: абыходзьце групы людзей: гэта, звычайна, тыя, хто пераступае закон.
Шостая: калі вас спынілі, будзьце гатовыя, не марудзячы, ужыць зброю. Спакойна рэагуйце на агрэсію — калі ў вас будуць выяўлены малейшыя прыкметы страху, ведайце: гэта знак для на-паду менавіта на вас.
Сёмая: паводзьце сябе па прынцыпе драпежніка — абыходзьце моцнага і будзьце гранічна ас-цярожныя.
Восьмая: калі супраць вас ужыты гвалт, не вагайцеся, бо гэта смяротна небяспечна.
Дзевятая: не прасіце, бо лістасці ў цемры няма.
Дзесятая: памятайце пра спрадвечную нянавісць “недалюдзей” да тых, хто моцны розумам і ду-хам.
Мана і хлусня найлепш адчуваюць сябе ў цемры, і калі ў вокнах не гарыць святло і яго не выпраменьвае ніводны ліхтар, ведайце — нехта палюе і на вас.
Таўстыя, свежаабабітыя бляхай дзверыангара былі прыадчынены, і я асцярожна ўвайшоў унутр.