Выбрать главу

У той жа дзень я з’ехаў з былой кватэры, эканомячы грошы і часова пасяліўся ў цяперашняй мансардзе высотнага састарэлага будынка. Адзінай перавагай майго новага, непрацяглага да гэтага часу жытла, было тое, што я, дзякуючы сваёй раптоўнай вынаходлівасці, дадумаўся адразу зрабіць на балкончыку вадасцёк, і з даху ў пластыкавую ёмістасць у час рэдкіх, заўжды кіслотных дажджоў, сцякала вада, якую пасля кіпячэння можна было нават піць. Вады, якая каштавала вялікіх грошай, паўсюдна не хапала, і за яе раз-пораз нават забівалі.

На маёй крэдытнай картцы яшчэ заставалася сёе-тое з грошай, але становішча маё пагаршалася з кожным днём. Трэба было рыхтавацца да ад’езду, а знайсці якую працу ў паселішчах вакол горада было амаль немагчыма, але я, урэшце, пэўна, стоік, і гэта мяне ўратоўвае.

У той вечар пачуццё голаду, як заўсёды, адхіліла мяне ад маіх змрочных думак і прымусіла дзейнічаць. Лядоўня была пустая, і я пачаў апранацца. Вечар быў неабавязковы ў сэнсе сустрэч з кімнебудзь ці якіх асабістых спраў, і я вырашыў спусціцца ўніз.

Але мяне падсвядома непакоіў нейкі дыскамфорт: урэшце я ўспомніў — трэба неадкладна знішчыць “клапа” на шкле, пра яго я мог і запамятаваць, а гэта заўсёды небяспечна. Пра абстрэл імплантантамі для падслушкі ведалі, пэўна, усе, тым не менш, многія на гэтым пагарэлі, і справы скончыліся лагерам.

Я асцярожна адчыніў акно, аперазаў сябе вяроўкай, якую прывязаў да ножкі стала, і, перавесіўшы цела вонкі, неўзабаве намацаў на шкле празрысты пухірок. Я выцягнуў яго і раструшчыў нагой на падлозе. Цяпер можна было займацца іншым.

Перад тым як выбрацца са свайго прытулку ў вонкавы свет, я падышоў да люстэрка і прыкінуў, як мне хоць крыху змяніць аблічча. Дарэчы, мяне завуць Берташ Яновіч. Я — белы. Вышэй ся-рэдняга росту — дзесьці каля ста дзевяноста сантыметраў, валасы ў мяне русыя, вочы шэрыя, лоб шырокі, але нізкі, нос прамы, падбародак звычайны. Мае продкі з гэтых мясцін і, наколькі я ведаю, збольшага захоўвалі этнічную чысціню. Але зараз такія, як я, — нешматлікія адзінкі на вуліцах Мегаполіса і часам выклікаюць да сябе неадэкватныя адносіны: знянацку цябе могуць зняважыць словам, а то і пырнуць нажом. І калі нажавая рана можа загаіцца, то абраза ў вы-глядзе слова — ніколі. Супраціў жорстка падаўляўся, а іншадумцаў, як у маім выпадку, высылалі ў так званыя Выхаваўчыя Паселішчы — сельскагаспадарчыя кластэры, дзе сасланыя альбо працавалі пад прымусам, альбо былі проста кінутыя на волю лёсу і асабістых здольнасцей да выжывання ў экстрыме.

Я ніколі не скарджуся на сваю інтуіцыю, можа, дзякуючы ёй, я мажліва і выжыў на мінулай вайне. Якраз цяпер яна, інтуіцыя, чамусьці ўпарта перасцерагала мяне, дасылаючы сігналы аб небяспецы. Калі ж больш дакладна, то ў мяне днямі з’явілася пачуццё, што за мной пачалася адсочка, і таму я вырашыў злёгку мяняць сваю знешнасць — такое часта спрацоўвае, збівае з толку тых, хто за табой сочыць. Чаму цяпер, меркаваў я, мне не паспрабаваць зноў стаць адным з большасці?