Выбрать главу

Я знайшоў на паліцы адмысловы крэм, які раней набыў у тэатральнай краме, выціснуў крыху з цюбіка на далонь і ўцёр на скуру, з-за чаго твар набыў карычневы колер, потым тое ж паўтарыў і з тыльным бокам далоняў. Цяпер, калі на лоб нізка насунуць капялюш, на вочы — акуляры, апрануць кашулю з даўгімі рукавамі, то можна сысці і за “каляровага” — ва ўсялякім разе станеш непрыкметным у натоўпе. Менавіта так пра гэта калісьці і выказаўся старажытны філосаф: “Будзь непрыкметны”. Лічыцца, што Эпікур меў на ўвазе зусім іншае, але зараз я ў гэтым сумняваюся.

У апошні момант я, пасля роздуму, сунуў у кішэню, спачатку праверыўшы перасцерагальнік, свой рэвальвер старога ўзору, забраў “надалоннік” — кішэнны , магнітную картку-пропуск і, зачыніўшы дзверы, зайшоў у ліфт. Ліфт працаваў.

Унізе я праверыў паштовую скрыню з нумарам маёй кватэры, але яна аказалася пустая. Тым не менш, мяне гэта не заспакоіла, бо дзень таму, хоць жыву тут лічаныя гадзіны, я знайшоў у ёй канверт без адраса. З канверта, які я адразу ускрыў, я выцягнуў папяровы аркушык, на якім выявіў толькі два словы і лічбу. Словы і лічбу я запомніў, а паперку адразу знішчыў. Урэшце такія паперкі маглі ўкінуць не толькі ў маю, а і ў любую іншую паштовую скрыню. На паперцы было напісана звычайнай асадкай: “Сімуляцыя. Блог 2412”.

Я занепакоіўся таму, што сам, вядома, ананімна, вяду ў Сеціве асабісты блог, а гэта, у залежнасці ад тэмы запісаў, можа каштаваць, у лепшым выпадку, свабоды, а фільтрацыйна-папраўчы лагер — не паселішча, якое ў параўнанні з ім лічыцца курортам, а месца, якое з неверагоднай хуткасцю скарочвае жыццё нават самага фізічна здаровага чалавека з самай устойлівай нервовай сістэмай. З-за недахопу грошай, рэштку якіх я абачліва эканоміў, я не ўваходзіў у Сеціва ўжо некалькі дзён, але паперку трымаў у памяці, адклаўшы ўсё на потым.

Квартал, дзе я цяпер спыніўся, змешаны ў сэнсе яго насельнікаў.

У адрозненне ад больш забяс-печаных, тут няма камунальнай сістэмы абароны з высокімі мурамі, абсталяваных фотаэлементамі (у такіх кварталах-камунах жывуць людзі, якія аб’яднаюцца па рэлігійнай, крымінальнай, расавай ці якой іншай карпаратыўнай супольнасці, а таксама геі, транссексуалы і лесбіянкі). Ён больш небяспечны і часта бывае полем, на якім са зброяй высвятляюць свае адносіны, змагаючыся за сферы ўплыву, а, значыць, за ваду, ежу і права на секс шматлікія маргіналы. Увогуле, наша квазікраіна, не абароненая ў свой час пазбаўленымі свядомасці продкамі, нагадвае своесаблівы еўрапейскі этнічны гноеадстойнік. І хоць у суседніх краінах не намного лепш, тут, у нас здолела выпладзіцца тое, што выклікае ўвогуле пераацэнку вартасці самога жыцця.

Я ведаў, што як толькі зачыню за сабой дзверы, то адразу апынуся ў сістэме кантролю. Гэта та-тальная сістэма была запушчана ў мегаполісах гадоў дзесяць таму і з пераменным поспехам выкарыстоўваецца і зараз, бо шматлікія напаўкрымінальныя і крымінальныя суполкі, якія ў апошні час набылі амаль легальны статус і лёгка фарміравалі і самыя ўрадавыя колы, адпаведна напрацавалі свае меры абароны. Часткова гэтая сістэма адносін даўно перайшла ў заняпад, але тым не менш толькі за жыццёвым рухам, што бясконца віруе ў Мегаполісе, назіраюць спадарожнікі (хоць большасць з іх ужо згарэла), тысячы відэакамер суправаджэння, ахоўных відэакамер дробных прадпрыемстваў, фірм, супермаркетаў, банкаў, забаўляльных і сексаабслу-говых устаноў і проста ўсялякіх прытонаў. Я ведаў, што камеры назірання аснашчаны оптыкай, якая дае моцнае павелічэнне. Камеры гэтага ці аналагічнага тыпу дазваляюць бачыць і скрозь фіранкі. Я таксама ведаў, што сярод безлічы звычайных спадарожнікавых антэн ёсць замаскіраваныя пад іх камеры слыхавога назірання, з дапамогай якіх можна адначасова не толькі сачыць, а і падслухоўваць, пра што размаўляюць субяседнікі, і запісаць тую размову. Даўно распаўсюджанай з’явай стала і выкарыстанне сотавых “надалоннікаў” як праслухоўваючых — увод адмысловага кода робіць сотавы тэлефон менавіта такой прыладай. Аналагічная функцыя ёсць і ў многіх мадэлях звычайных тэлефонаў, набраўшы код якіх, можна праз іх праслухоўваць тое, што робіцца дома і пра што гавораць у сваіх кватэрах іх насельнікі. Камеры спадарожнікаў, якіх яшчэ дастаткова круціцца вакол Зямлі, знойдуць любога вызначанага ім чалавека, дзе б ён ні знаходзіўся. На амаль кожнага з нас, як я ведаў, пры нараджэнні раней заводзілася спецыяльнае дасье, куды заносіліся не толькі адпячаткі пальцаў, а і асобныя выказванні і ўчынкі. Нашы ўлады заклапочаныя цяпер галоўным чынам сваёй бяспекай, на што і выдаткоўваюцца асноўныя сродкі, а ўсё астатняе, у прыватнасці, бяспека саміх грамадзян — у іх асабістых руках. І хоць амаль усе пералічаныя мной вышэй тэхнічныя прылады і хітрыкі пачалі прыходзіць у заняпад, я рэдка выходжу з дому без нажа ці рэвальвера, хаця валоданне зброяй без дазволу забаронена і жорстка караецца спецслужбамі.