Выбрать главу

У двары, цесна застаўленым павільёнамі з ігравымі аўтаматамі, шапікамі па продажы секспрылад і іншых дробных рэчаў, было ў гэты час немнагалюдна. Некалькі малпападобных тынэйджараў са сваімі сяброўкамі крыўляліся на лаўках, уводдаль пад музыку з транзістара торгаліся ў скоках дзве пары мурынаў — з яўна імплантаванымі ў галовы інтэрфэйсамі, выйшлі з суседняга пад’езда, трымаючыся за рукі, дзве цёмнаскурыя лесбіянкі і пяшчотна падарыўшы адна адной пацалунак, разышліся.

Як былы смяцяр, я зноў прафесійна адзначыў, што служба ачысткі ў гэтым квартале, як і ў многіх іншых, у заняпадзе, бо смеццязборнікі былі перапоўнены і ад іх зыходзіў непрыемны і ўстойлівы пах гнілі. Побач у адыходах корпаліся брудныя постаці дэкласаваных асоб. Часам яны нібы жывёлы апускаліся на карачкі і разграбалі адкіды рукамі, а калі перамяшчаліся ў пошуках здабычы, то гірчэлі адзін на аднаго нібы сабакі і не падымаліся на ногі, адразу прымушаючы згадваць пра інвалюцыю.

Даследчыкі, успомніў я, быццам высветлілі прычыны павелічэння колькасці людзей, што рухаюцца выключна на карачках. Гэта звязана з дэфектамі ў розных участках іх ДНК, у прыватнасці, парушэння структуры гена VLDLR-рэцэптара ліпапратэіну, размеркаванага ў 9-й пары храмасомаў. Але ў некаторых выпадках прычыны развіцця загадкавай хваробы выявіць не ўдалося, што здзівіла навукоўцаў. Гэтыя асобы ніколі не скарыстоўваюць адны толькі ногі, бо хоць і здольныя ўстаць з сідзячай паставы і нейкі час утрымліваць сябе на паўсагнутых канечнасцях, не здольныя рухацца, як звычайныя людзі.

На вуліцы аднастайны шум рухавікоў, шмат у якіх папрагаралі глушыцелі, прымусіў мяне сунуць у вушы бірушы. Я азірнуўся па баках і, не спяшаючыся, рушыў па вузкім ходніку ў напрамку да бліжэйшага супермаркета. Некалькі пар чарнаскурых геяў у спадніцах, у абдымку прайшлі мне насустрач, адзін з іх, як я адзначыў, быў ужо ва ўзросце і вёў з сабой маладога, амаль хлопчыка. Эфебафіл. “Грэбаныя педэрасты”, — звыкла падумаў я і сплюнуў пад ногі.

Пачыналася ж усё, прыкрываючыся правамі чалавека, свабодай сумлення, дэмакратыяй, быццам з нязначных адхіленняў: яшчэ з пачатку мінулага стагоддзя шмат дзе ўзнікалі рухі за права насіць мужчынам спадніцы, за права мяняць пол, а потым і заключаць аднаполавыя шлюбы.

За пяць дзесяткаў год з пачатку дваццаць першага стагоддзя карпаратыўныя і заможныя сексу-альныя меншасці ўпершыню апынуліся ледзь не ў большасці, а колькасць коітусаў, паміж натуральнымі партнёрамі, як я ведаў з неафіцыйнай статыстыкі, зменшылася ў некалькі разоў, гомасексуальныя шлюбы, якія не здолеў забараніць нават іслам, вядома ж традыцыйна не давалі і не маглі даць патомства. Пасля таго, як нараджальнасць сярод белых дзесяцігоддзе назад упала значна ніжэй чым двое дзяцей на адну жанчыну, аднаўленне насельніцтва ідзе ў асноўным за кошт каляровых, сярод якіх прадстаўнікі розных рас і народаў. Вядома, сюды панаехалі не самыя лепшыя, і ўжо таксама дэградуюць. Яны салідарныя ў адным: непрыязні да белых, асабліва да аўтахтонаў. У Сусветным Сеціве я неаднойчы адсочваю звесткі пра тое, што частка белых, альбо, як цяпер я, была сасланая ў Паселішчы, альбо змушана была яшчэ раней, як і зараз, пакідаць цэлыя кварталы і жылыя масівы і шукаць сабе прыстанішчы ў іншых месцах. Тэксты, накшталт маіх, размешчаныя аднадумцамі на шматлікіх сайтах і блогах, не адабраюцца, а так званая ксенафобія ва ўсіх яе, нават самых нязначных праявах, жорстка пераследуецца, але скажыце мне, напрыклад, пра мэтазгоднасць такога пераследу: калі б не было ксенафобіі, не было б, на мой погляд, уражальнай і жыватворчай рознасці культур, плямёнаў, народаў, якая яшчэ там-сям захавалася ў нешматлікіх малаабжытых кутках Зямлі.

Некалькі падлеткаў, між тым, рухаліся мне насустрач, а сустрэчы з імі заканчваюцца іншым разам непрадбачнымі наступствамі. Так, з год таму я быў нечакана атакаваны імі побач з домам, дзе жыў, і хоць магу пастаяць за сябе, тая сутычка каштавала мне пераламанага рабра і нажавой раны на прадплеччы, бо нападаюць яны без прычын, спантанна, і, як пацукі — адразу ўсе. Зняважыць белага для іх асаблівая асалода, і я, павагаўшыся, падняў каўнер сваёй курткі, каб схаваць колер валасоў і глыбей насунуў на галаву капялюш. Хоць, меркаваў я, выцягні я рэвальвер, усе яны адразу ператварыліся б у “марафонцаў”.