Выбрать главу

Шум ад працуючых рухавікоў, віск тармазных калодак, агні рэкламных шчытоў, як звычайна, абрынуліся на мяне. З-за замацаваных і замаскіраваных там-сям у сценах рэпрадуктараў, як я набліжаўся і праходзіў побач, да мяне даносіўся зазыўны шэпт аўтамаклераў і агентаў — усялякія крамкі прапаноўвалі сваё: тавары масавага попыту, сексуальныя паслугі з забеспячэннем натуральных ці механічных партнёраў ці партнёрш, азартныя гульні, парнаграфічныя касеты, дазволеную ахоўную зброю, каталогі ўсялякіх турысцкіх падарожжаў і забаўленняў і яшчэ шмат чаго іншага. Урэшце я не прыслухоўваўся: калі на ўсё гэта непатрэбства звяртаць увагу, то можна і звар’яцець. Тым больш, што, як я ведаў, шматлікія вар’ятні за межамі мегаполісаў перапоўнены, вар’ятаў адтуль перыядычна выпускаюць, хоць і там калі-нікалі ўжываюцца лабатамія і аўтаназія.

У падземным пераходзе некалькі трансвестытаў і прастытутак атакавалі мяне. Хоць афіцыйна пад націскам іслама такія паслугі забараняюцца, што я лічу станоўчай з’явай, гандаль целам існуе, і займаюцца гэтым як жанчыны, так і мужчыны, і нават дзеці. Прастытутак за некалькі мінулых дзён я ўжо ведаў у твар. Большасць з іх — белыя, дзве мулаткі. Адну з іх — Джэму — я дзень таму нават прывёў да сябе. І справа тут не ў маёй сексуальнай усюдыіснасці, а ў тым, што мне часам становіцца невыносна аднаму, бо мая нявеста раптоўна знікла паўгода таму. Яна затрымалася на працы, было ўжо даволі позна, ніхто не падвёз яе дамоў, а мне яна не пазваніла — пэўна не хацела турбаваць і рызыкнула спусціцца ў метро. Яна была белая, і яе звалі Эрыка. У падземках раз-пораз знікалі жанчыны, і не толькі белыя. Я змяніўся з той пары. Нават вайна не зрабіла са мной такога. Месяцы са два я ездзіў у падземцы, распытваў яе выпадковых і пас-таянных насельнікаў, навучыўся мяняць сваю знешнасць і выдаваць сябе за “каляровага”, але ўсё дарэмна. Я толькі выявіў, што стаў больш жорсткі да людзей. Што ж, у гэтым маёй віны не было.

Я прыспешыў крок. У некаторых дзяўчат ваяўніча ўзнімаліся аголеныя грудзі з ушытымі ў іх сіліконавымі трансплантантамі. Адна была зусім без трусікаў у лёгкім хітончыку, нагу, сагнуўшы ў калене, яна знарок паставіла на прыступку так, што была бачная каляровая татуіроўка на верхняй частцы бледнага, незагарэлага бядра.

Нягледзячы на мой маскіравальны камуфляж, Джэма беспамылкова пазнала мяне. У гандляроў і прастытутак цупкая памяць.

“Прывітанне, Берташ! — захіхікала яна і па-змоўніцку зашаптала ў вуха. — Цябе вэндзілі? Ці ты хаваешся ад падатказбіральнікаў?” “Дабрыдзень, Джэма, — стрымана павітаўся я.” “Можа, зробім шпацыр да цябе? — Ты ў настроі?” “Не так часта, — сказаў я, абыходзячы яе па крывой. — Прабач, Джэма.”

Я зірнуў на мулатку больш уважліва. Нават за тыя два-тры дні, калі я завёў яе да сябе на ноч, яна адчувальна дэградавала. І хоць на яе руках я не ўбачыў слядоў ад шпрыца, яна выглядала значна горш: скура на прыкметна азызлым твары набыла нездаровае адценне, па кутках пажадлівага роту з’явіліся зморшчыны, а ёй жа, як я ведаў, толькі крыху за дваццаць. Урэшце здагадка напрошвалася сама — дзяўчыну губіў алкаголь.

“Я заняты, Джэма. Другім разам.”

Яна не настойвала, у іх гэта, дарэчы, не прынята.

Я зноў рухаўся да выхаду з пераходу, і натоўп абцякаў мяне з бакоў. К ночы ўсе спяшаліся да-дому. Мой надалоннік раптам засігналіў.

“Гэта зноў Джэма, — пачуў я голас мулаткі. — Мы ж абмяняліся тэлефонамі — памятаеш? Твой мабільнік у мяне на...” “Што ты хочаш, Джэма?” — незадаволена перапыніў я.

“За табой хвост.” “Ты ўпэўнена?” — праз паўзу пацікавіўся я.

“У мяне вока вострае.” “Штучнік?”

“Не. Іх двое. Мужчына і жанчына. Белыя. Яны цябе адсочваюць.” “Як яны выглядаюць?” — спытаў я.

“Мужчына цяжкаваты. За трыста фунтаў. Жанчына ў хіджабу, зялёнай сукенцы. Але яна, мяр-кую, не мусульманка. Высокая, хударлявая. На мадэль можа і не цягне, але — супер.” “Досыць, — сказаў я. — Дзякуй, Джэма.”

Я ўстрывожыўся. Служба бяспекі выяўляе сябе заўсёды раптоўна, калі чарговая яе ахвяра нават не падазрае пра блізкі напад і не чакае яго. Так, раптоўна, забралі майго бацьку —

шараговага навукоўцу, які займаўся тэхнічнымі распрацоўкамі, але, на бяду, меў дапытлівы розум і схільнасць да нетрадыцыйных ідэй. Ён зацікавіўся квантавай фізікай, тарсіённымі палямі, ва-

куумам, гравітацыяй, урэшце, уфалогіяй, парапсіхалогіяй — што ўжо даўно было пад забаронай. Больш я яго не бачыў, а ў яго распрацоўках пакрысе, прынамсі ў большасці, разабраўся сам, а “флэшкі”, памерам з вітамінную капсулу, з запісамі яго работ я здолеў схаваць засыпанымі ў цукар. Іх не знайшлі пры вобыску.