Выбрать главу

З гэтымі думкамі я выйшаў з пераходу наверх, тасуючы ў галаве варыянты. Урэшце, хавацца не мела аніякага сэнсу: мяне заўсёды б вылічылі. Хіба што як мага хутчэй знікнуць з Мегаполіса назаўсёды. Але ж у мяне пакуль няма запасной лежкі, запасных дакументаў на іншую асобу, няма і асноўнага для выканання гэтага плана — грошай. Частку ўсяго гэтага я спадзяваўся знайсці праз Сеціва.

З ходнікаў я ступіў на эскалатар, які вёў у супермаркет, і паволі паехаў унутр разам з усімі патэнцыяльнымі пакупнікамі. Да гэтага часу я ўжо амаль супакоіўся. Калі б мяне хацелі браць, то, пэўна ж, зрабілі б гэта па ўсіх правілах: адсеклі б ад транспарту, заманілі ў які дробны побытавы канфлікт і запіхнулі б, у рэшце рэшт, у аўтазак, а то і прымянілі б псіхатропны сродак імгненнага дзеяння. А палохацца звычайнай адсочкі не было нагоды — цяпер мала хто яе мінаў.

З-за пастаяннага недахопу вады, якая ў бедных кварталах была рэдкасцю, ад людзей, якія рухаліся побач са мной, смярдзела потам, пах якога не маглі заглушыць ніякія дэзадаранты. Урэшце я заўсёды пачынаў задыхацца як ад аднаго, так і другога, бо даваў сябе адчуць устойлівы астматычны сіндром, набыты мной у час службы ў войску. Я выцягнуў з кішэні насоўку і, прыціснуўшы да носа, пачаў дыхаць праз яе. Было, да таго ж, яшчэ і невыносна спякотна.

Каб пабачыць бліжэй сваіх праследавацеляў, я рэзка звярнуў у нішу з банкаматамі, адкуль быў выхад на супрацьлеглы бок, і прыціснуўся да сцяны, робячы выгляд, што шукаю ў кішэнях: тут было багата відэакамер. Неўзабаве я пазнаў сваю адсочку — маладога мужчыну гадоў трыццаці пяці, мажнага, змрочнага выгляду, і жанчыну, гадоў на восем–дзесяць маладзейшую за яго, вы-сокую, даволі прыгожую на мой погляд, у зялёнай доўгай сукенцы, шчыльна павязаную хусткай-хіджабам. Яны азіраліся па баках, пэўна, шукалі мяне. Як мне здавалася, абодва не маглі мець дачынення да службаў бяспекі, хоць я мог і памыляцца. Незаўважна я праслізнуў за іх спінамі назад, і эскалатар зноў вынес мяне на вуліцу, толькі з іншага боку.

Сонца ўжо амаль зайшло. Сістэма штучнага асвятлення не працавала і неўазабаве павінна было сцямнець, а з наступам ночы на вуліцах панаваў крымінал. На пераходзе я спешна набыў танны харчовы пакет для разавага карыстання і вярнуўся да свайго жылога дома іншым шляхам. Я не бачыў логікі ў падзеях апошняй гадзіны.

Заснуць я не спадзяваўся, а змыў грым, паеў без апетыту геннамадыфікаваных сасісак і падключыў свой танны , каб звыкла і з намерам пабадзяцца ў Сусветным Сеціве, але раптам у дзверы пазванілі. Вар’яцкая думка пра тое, што гэта вярнулася Эрыка, мая былая каханка, прымусіла мяне імкліва падхапіцца з крэсла. Я падышоў да дзвярэй і ўключыў вонкавую камеру. На дысплеі я, тым не менш, з трывогай убачыў знаёмую пару: мужчыну, які нагадваў цяж-каатлета, і яго спадарожніцу. Я схадзіў па рэвальвер і, памарудзішы, спытаў праз дамафон, хто яны і што ім трэба: прытварацца, што мяне няма дома не было сэнсу — чым хутчэй я ўсё вы-светлю, тым лепш.

“Гэта вы Берташ Яновіч?” — спытаў мужчына. “Так.” “У нас да вас размова.”

Я падумаў некалькі секунд і чамусьці адчыніў. Як яны ўвайшлі, я адступіў на крок і, трымаючы іх пад прыцэлам, загадаў стаць тварам да сцяны.

“У вас ёсць зброя?” — спытаў я.

“Не.” “Вы маніце — без зброі ноччу ў гэтым квартале пагібель.” “Да вас мы вырашылі прыйсці без яе,” — сказала жанчына.

Я наспех асцярожна абмацаў кішэні мужчыны і запрасіў іх у пакой, дзе пасадзіў у крэсла, а сам сеў за стол, паклаўшы пад руку рэвальвер.

“Слухаю,”—сказаў я і, магчыма, ўпершыню ўважліва паглядзеў на іх.

Жанчына зняла з галавы хустку. Яна была высокая, цёмнавалосая, з рэзкім, вуглаватых абрысаў, крыху асіметрычным тварам, з якога на мяне, вывучаючы, пазіралі шэрыя,з зеленаватым адлівам вочы. Яе знешнасць гаварыла аб наяўнасці характару.

Мужчына, выцягнуў з кішэні і ўключыў антыпраслухоўваючую прыладу, а потым маўчаў, неяк адхілена гледзячы на мяне з-пад ілба. У яго вачах я не прачытаў ні цікаўнасці, ні хітрасці, ні нават раўнадушша. Пэўна, цяпер за ўсё адказвала і вяла рэй жанчына.

Яна і загаварыла першай.

“Вас мы ведаем. Мяне завуць Мойра. А яго, — яна кіўнула на свайго спадарожніка, — Платон.”

Мужчына, нібы абудзіўшыся, злёгку кіўнуў. Жанчына, якая назвала сябе Мойрай, зрабіла ня-значую паўзу, і я ўставіў слова.

“Чым абавязаны? — груба пацікавіўся я, — і адкуль вы мяне ведаеце?”

Але яна ніяк не адрэагавала.

“Мы ўсе, мяркую, абмежаваныя ў часе. Не будзем яго губляць.

Мы прыйшлі да вас з прапановай.”

Яна зрабіла паўзу і сустрэлася са мной позіркам.

“Спачатку патлумачце, навошта вы адсочвалі мяне?” — сказаў я.