Выбрать главу

“Каб даведацца, дзе вы жывяце. Вы за апошні тыдзень змянілі месца пражывання.” “Вынікае, што я ў вас даўно на прыкмеце?” “Так. Вы падыходзіце нам як асоба і як даследчык.” “Даследчык чаго?”

“Хіба вы не забіралі з вашай паштовай скрыні паперку? Мы цяпер зазірнулі — там яе няма.” “Што з таго, калі нават і забіраў?” “Вы заходзілі з той нагоды ў Сеціва?”

“Не, — адказаў я незадаволена. — Патлумачце мне на словах, у чым ваша справа і ваша патрэ-ба?”

“Мы прапануем вам зафіксаваць доказ і паспрабаваць тым самым зарабіць неблагія грошы, — сказала жанчына па імені

Мойра. — Мяркую, толькі вы здолееце нам дапамагчы.” “Не правакуйце мяне. Я не збіраю доказы.”

“Зразумела, што вы не даяце нам веры. Але я калісьці працавала з вашым бацькам. Вы, канешне, знаёмы з яго почыркам? Вось яго ліст да мяне асабіста.”

Жанчына выцягнула з барсеткі паперу і паклала на стол. Я

кінуў вокам і ўважліва прачытаў некалькі сказаў. Потым зірнуў на подпіс. Ліст, безумоўна, быў напісаны бацькавай рукой.

“І што з таго?” — спытаў я.

“Ваш бацька збіраў доказы.” “Хвіліну.”

Я зноў неўпрыкмет іх агледзеў. Нейкая шляхетнасць і прыхаваная пародзістасць твараў хоць і не кідаліся ў вочы, але былі заўважныя. Дый навошта ім было мне маніць? З якой мэтай?

Я, па сутнасці, маргінал, які не мае ні багацця, ні якіх іншых цікавых для іх каштоўнасцей.

Жанчына нервова аблізнула вусны — зубы ў яе былі белыя і роўныя. Яе спадарожнік па імені Платон глядзеў кудысьці ўбок, у бачную яму аднаму кропку нерухомым позіркам. Я задумаўся на кароткі час.

Доказаў, дарэчы, нягледзячы на апантаны і люты пераслед уладаў, большала з кожным днём. І калі знішчыць іх часам разам з іх носьбітамі ў непасрэдным рэальным жыцці цалкам было не-

магчыма, то ў Сусветным Сеціве яны станавіліся агульнавядомымі.

Я ведаў, што нават калі ўсе супрацоўнікі праваахоўных органаў і сілавых структур будуць кінуты на кантроль за тым Сецівам, яно ўсё роўна застанецца бескантрольным месцам, дзе любы чалавек, часам не называючы сябе, можа выказаць сваю думку і выклікаць тым самым не толькі просты роздум, а і нянавісць неабмежаванай аўдыторыі да асобных постацей ці сацыяльных груп, якія блакіравалі ўсе пошукі да праўды.

Так, мой бацька таемна збіраў доказы, і з некаторага часу я з цікавасці і пачуцця супраціву таксама працягваў яго справу, укараніўшы ў Сеціва некалькі з іх. Вось толькі, ці прывядзе ўся гэта дзейнасць да чагосьці істотнага? Асабіста я не надта спадзяваўся, але тая невыносная бездань, за якой усіх нас можа чакаць, і я ўсё больш упэўніваўся ў тым, што чакае больш чым неспадзяванае і нават катастрафічнае ўзрушэнне, ужо незваротна прыцягвала мяне.

“Чаму вы самі не выкарыстоўваеце вашу знаходку як магчымасць? — пацікавіўся я, — урэшце не прадасцё яе з выгодай?” “Яна, мяркую, хуткаплынная. Сёння ёсць, а заўтра — хто ведае. Да яе патрэбны адпаведны — навуковы каментар, а ў нас, каб разабрацца ва ўсім, не хапае ведаў, а вось ваш бацька збіраў і сістэматызаваў іх, і лагічна тое, што тыя веды ён камусьці перадаў. Як вы думаеце — каму?”

“Я ўсяго толькі дробны чыноўнік. Смяцяр. Дый тое ў мінулым.” “Дастаткова зірнуць на вас адзін раз, каб упэўніцца ў тым, што вы здольны на большае,” — ска-зала жанчына.

“Дзякую за камплімент, — адказаў я, тым не менш адчуўшы, як раптам мяне злёгку кінула ў жар, — але цяпер я заняты пошукамі працы ў правінцыі. Калі я не знайду яе праз Сеціва, то ўсё роўна буду вымушаны туды з’ехаць. Мяне выселілі за сто першы кіламетр, і ў мяне заканчваюцца грошы.”

Упершыню за ўвесь час нашай гутаркі мужчына па імені Платон няўцямна, але з доляй цікавасці, зірнуў на мяне.

“Усё гэта вы знойдзеце ў нас,” — заўважыў ён.

“Дзе — у вас? Канкрэтызуйце.” “ У Новым Эдэме. Да яго якраз кіламетраў сто пяцьдзесят.”

Вось яно што. Я ў думках зазірнуў у мапу, уявіўшы наш раён (а ў мяне выдатная фатаграфічная памяць) і віртуальна знайшоў амаль побач з горадам паселішча з прэтэнцыёзнай назвай, якая, вядома, маскіруе яе сапраўдны змест, а хутчэй за ўсё гэта звычайны, населены стракатым элек-таратам, сельскагаспадарчы і дробнапрамысловы кластэр, куды раз-пораз улады скіроўвалі і скіроўваюць цяпер, як мяне, людзей, у добранадзейнасці якіх з іх боку маюцца сумненні.

“Вы прапануеце мне аплату за невядома якія паслугі, але ці здольны я выканаць іх, і наколькі реальная будзе ўзнагарода? — пасля непрацяглага роздуму пацікавіўся я. — Вы ўсё пралічылі?” “Гэта будзе залежаць ад вас самога. Вам, калі дазволяць абставіны і вы здолееце — трэба будзе зняць адпаведную стужку на камеру, пракаменціраваць гэта, вынікаючы з вашых ведаў, астатняе ж, у прыватнасці, продаж стужкі, мы бяром на сябе.”