Выбрать главу

РУЖЫ

На труне паміраюць ружы (іх прынеслі сябры для мяне). І пунсовасці ветразь кружыць жаўцізну, што ляжыць у труне.
Не шкадуйце мяне, не трэба. Шкадаванне не тоіць надзей. Сілай ружы жывіла глеба, каб памерлі яны для людзей.

ЭЛЕГІЯ

Вецер, вецер, шаноўны мой вецер! Белай стужкай далёкіх аблок Ты нясешся з нябыту на вечнасць, Ахвяруючы нам халадок.
Я таксама, мой вецер, жадаю Белай стужкай імчаць над зямлёй І прамовіць да ўсіх: пакідаю Вам у спадчыну сэрца спакой.

P.S.

Маё сэрца ў нябыт адышло, паляцела да сонца птушкай, пакахаў я з маленства святло і лятучых вясёлак стужкі.
Не задаў я зямнога быцця, дзе аблокі аблашчыць нельга І дзе нельга пражыць, як дзіця, што вачыма цалуе неба.
Маё сэрца ў нябыт адышло, паляцела да сонца птушкай, каб вярнуцца ў тваё жытло мяккім промнем і першай думкай.

Хоку

I Вецер і поўня. Флеш похвы ў срэбным пылку. Семя і сліна.
II Дна не існуе: Бясконцае падзенне — Шлях да ўласнага.
III Дождж ліў як з вядра. Парасону ўсё роўна. ён спаў на шафе.
IV І зноў самотна. І зноў не снег і не дождж. Жоўты верабей.
V Каруны соснаў Разварушылі сонца. Трымціць лістота.
VI Кропкі на сцяне Утаймоўваюць думкі. Разглядаю іх.
VII На шальках вачэй Пераважвае вільгаць Вуснаў каханкі.
VIII Не зацікавіць Высакароднасць неба Згорбленасць працы.
IX Немаўля бачыць Рэчаіснае ў кроплі Адлюстраванне.
X Ноч сярпом жне пыл. Шпурляю глыж у ставок. Кругі на вадзе.
XI Пішу жанчыну. Далоні ў плямах фарбы. Немаўля плача.
XII Паганскі ідал Ператварыўся ў мараль. Метамарфоза.
XIII Па смерці кожны Сустракае самога Сябе. Жахліва...
XIV Распранутая Прыгажуня ў трупярні Моцна смярдзела...
XV Рву эдэльвейсы. Водару асфадэляў Прагне каханне.
XVI Смерць вылучае Кожнаму асаблівы Колер вясёлкі.
XVII Слухаю комін. Па-за подыхам агню Дождж, перабрэх. Крок.
XVIII Трачу прытомнасць: Цалаваць каханку, як Падаючы снег.
XIX Эпітафія: Малады нябожчык смерць Упрыгожвае.
XX Як творчасць Слова, Жыватворная гліна Спасцігне Бога.

Танка

* * *

Каляровая

Нявыказанасць снення.

Пэндзлем раніцы

Размалёўваю Сусвет.

Жывыя святлацені.

* * *

Нябожчык едзе

На могілкі. Воз трасе

Па калдобінах.

Нямазаныя колы

Скуголлем рэжуць вушы.

* * *

Дзве ружы ў вазе

Пакахалі васілёк.

Зайздрошчу яму

I выплюхваю ваду.

Засмяглыя - завянуць!

Версэты

* * *

Закахана пазіраюць кветкі. Зрываю найпрыгажэйшую. Яна расчуленая і павольна вяне.

Крохкія букеты ўспамінаў на сметніку прывабнага. Вяртаюся да кветніка. Водар жывых красак узмацняецца.

* * *

Струна тоіць гук. Бялізна - жаночае цела. Мелодыю ўтаймавалі ноты.

Кранаю струны.

Рапсодыя для дваіх.