Выбрать главу

Сонца. Надта пячэ. Мала таго што бліжэй да святла — смагу спаталіць няма адкуль. Там, на зямлі, з рэчкі зачарпнуць. Вунь, з вяршыні піраміды, Ніл, як кудзеля, уецца. Зайздрасць бярэ...

Але, паклаўшы рукі на галаву, чаму і каму зайздросціць? Мурашам? Гм..., ды і кудзелю не п’юць, хіба толькі там, унізе.

А майму небу з сонцам нішто не перашкаджае, піраміда цалкам належыць — нават цень яе ніхто не ўсведамляе, бо ўнізе толькі тое, што бачна, — тое і разумеюць.

Не! Хай поўзуны глытаюць пыл і спаталяюць смагу!

Для мяне вы ўсё роўна мурашы, а Ніл ваш — звычайная кудзеля.

Лялька Нона

Сексуальная зацікаўленасць

нашага Ганса не ведае сумнення, але яна стварае з яго даследчыка...

Зігмунд Фройд

Першую дзяўчынку, з якой я пасябраваў, звалі Нона. Нона была суседкаю. I мы разам гулялі ў доктара. Лекі рабіліся з прысмакаў, і дзяўчынка старанна глытала шакаладныя таблеткі і цукровыя парашкі, запіваючы ўсё мікстурамі. Апошнія гатаваліся загадзя, і не адзін літр духмяных варэнняў пайшоў на іх выраб. Лекарскія намаганні не былі безвыніковымі. Мая хворая стала самаю паслухмянаю ў свеце. Глытаючы лекі, суседка рабіла выгляд, што вельмі горка, пунсовыя вусны крывіліся, а вочкі напаўняліся слёзкамі. Тым не менш, Нона старанна выконвала ўсе загады свайго доктара. Далікатна старым шалікам я бінтаваў яе ручкі і ножкі, уводзіў «болі-болі», як мы называлі ўколы.

Каб пераканацца ў сваіх фармацэўтычных здольнасцях, час ад часу, употайкі, салодкае аздаблялася сапраўднымі таблеткамі і парашкамі. Калі не ўдавалася скрасці лекі, апошнія з поспехам замянялі другія хімічныя рэчывы, якія ў вялікай колькасці траплялі мне пад руку. Іншым разам, пасля гэтых рэчываў з цукрам, Нончын роцік пачынаў выдзьмуваць пухіры і суседзі тэрмінова выклікалі хуткую дапамогу. Я ўважліва сачыў за працаю прыезджых лекараў, якая выклікала маю падазронасць. Аднойчы нават вырашыў спрактыкаваць больш якаснае пераклізмаванне, злучыўшы вадаправодны кран са шлангам. Ды разгубіўся, дакладна не ведаючы, у якую з дзірак накіраваць струмень. Вырашыў дачакацца наступнай «хуткай» і быць больш пільным. Але нечаканы выпадак парушыў мае планы...

Нона была не толькі сытым дзяўчом, а і значна старэйшаю за мяне. Пасля дбайнага дэзінфіцыравання жывоціка сінькаю бацькі забаранілі ёй прыходзіць на працэдуры. Маўляў, малы я і блытаю зялёнку з сінькаю. Трэба спачатку крыху падрасці, а ўжо тады займацца лекарствам. Аблаялі дальтонікам. Адным словам, стала мне сумна гуляць без пацыенткі.

Расчуліўшыся, мая маці купіла ляльку, як я і прасіў, з блакітнымі, бы ў суседкі, вачыма і белымі валасамі. Ляльку назвалі Нонай. Другая Нона толькі і ўмела, што плюскаць вачыма, а яе адзіная сукенка набіла аскому. Лялька Нона мне хутка надакучыла, і я вырашыў ахвяраваць яе дзеля навукі. Упільнаваўшы, калі нікога не будзе ў хаце, і на ўсялякі выпадак стуліўшыся за шафаю, малатком раструшчыў ляльчыну галаву. Вельмі цікавіла паглядзець мазгі, бо вонкавае ведаў даволі дасканала. Колькі ні ўглядаўся і колькі ні трос ляльку, нічога не ўбачыў і не вытрас.

За пашкоджаную цацку адстаяў цэлую гадзіну ў кутку. Там і зразумеў: тое, што не было ўкладзена адразу, нават малатком нельга выбіць. А лекарам я ўсё ж такі стаў, сапраўдным стаматолагам. Вось толькі лялька Нона за дзень да майго захворвання ці да знаёмства з чарговай каханкай усміхаецца мне праз сненне.

Беззаганны мысляр

(Рэфлексія на Фрыдрыха Ніцшэ)

Пакінь сябе тут!

Ты ў хату ліха не прынясеш

Ліха тут само жыве…

Рыхард Вагнер
“Пярсцёнак Нібелунга”

І

Так было, так ёсць і так будзе, што сонца ў бясконцым вяртанні сябе кружляе над зямлёю, месяц ліе ўласным святлом, а зоркі… вечныя.Шукайце зоркі ў бязмесячную і бясхмарную ноч і знойдзеце ўсіх разам і кожную на сваім асобным месцы. Але бачнасць зорак не вымагае задзіраць галаву, дастаткова заплюшчыць вочы, і іх ззянне разнаколернае напоўніцца рухам, напружаннем і кананнем. А калі хочаце глядзець, накіруйце свой позірк глыбей у зямлю і ўбачыце, як серп Венеры жне чалавекаў, абесчалавечваючы сусвет.