Выбрать главу
Неба дзень на мармур хмарыць, і пад лесу спеў фанфарны ліст руды ляціць і марна аб наступным леце марыць.

ДОЖДЖ

Ідзі! Ты не ўмееш кахаць.

Ян Райніс
А на вуліцы дождж, І надвор’е не спрыяе ў каханне гуляць. Расцягнуўшыся ўздоўж на падвор’і, люстраваў бруднай лужыны пляц. А пад вокнамі госць нечаканы безнадзейна чакаў дабрыні... Будзе ў непагадзь хтосьць некаханы ў адзіноце шукаць цеплыні. Не шкадуйце яго, не шкадуйце: без кахання на свеце ён жыў. Не ратуйце яго, не ратуйце ад дажджу, што мацней заімжыў.

ЖОЎТЫ ТРЫПЦІХ

Дануце Бічэль — Загнетавай

...пажоўклы ліст адзін за адным

нясе свой жаль над полем пустым.

Уільям Шэкспір
І Адчуванне смерці неабходна тым, хто хоча вечна жыць, — жаўцізною восені паходня доўга будзе нам свяціць. Адспяваюць птушкі напрадвесні толькі раз на цэлы год, асалодзяць нашых боляў песні, згорклы ў сэрцы даўні мёд...
ІІ На пытанні, што стаяць спрадвеку, з цягам часу знойдзецца адказ. Хваляванні сённяшняга веку хваляваць не будуць заўтра нас. Хай жа лёс хвілінай летуцення нам запаліць жоўтыя агні!.. Тыя словы, рэчы, справы, цені, з болем сэрца восеньскія дні.
ІІІ Але ўсё на свеце з божай ласкі! Восень сцеле жоўтым дываном, І ўсе стомленыя твараў маскі ціхім спачываюць сном...

БУЛЬБА

Алесю Бакачу
Ноч. Вароны спяць. На могілках вогнішча з кнігаў. Агмень злучыў супрацьлегласці і працяў цемру. Дым узнімаецца і не перапаўняе доннасці. Думкі вяртаюцца небу, попел — зямлі. Смажыцца бульба. Халодны ўзгорак свежае магілы — стол на дзве паверхні. Бульба смярдзіць паліграфіяй.

РАНІЦА

Ноч цалуецца ў садзе з дажджом на развітанне. Час самотна загортвае том перад світаннем. Свечка сплакала ценямі воск — знікла ў люстэрку. Акаймоўвае сонечны хвост неба талерку. Не пакінуўшы след на вадзе, змрок расчыніўся. Сненнем-казкаю ноч праплыве, свет абудзіўшы.

ХМАРЫ

ДОЖДЖ

Вечар. Вецер. Дождж ліе, б’е па шкле крохкім. Рэжа межы даўніх сноў болем зноў вохкім. Соннасць. Млоснасць. У акне, бы ў труне, вечнасць. Крочыць з крозаў небыцця да жыцця вернасць. Вецер. Вечар. Дождж ліе...

КРЭДА

І Будуем-разбураем Вежы, Шукаем шлях — Знаходзім межы.
ІІ Апляванае зоркамі Неба І падраны на мне Чаравік. Вось крычыць Нехта з голаду: — Хлеба! Ахвярую яму Ржавы цвік.

Прафанацыя

Алесю Бакачу
Зневажаю мараль і плюю ў яе вочы, А яна, балаўніца, мне толькі рагоча, Шчэрыць пастку зжаваных зубоў.
Па касцёлах і цэрквах з іконаў святыя Пазіраюць здаўна.., але гэта не тыя, Хто сарве кайданы з нас, рабоў.
На слупах ліхтары абмяжоўваюць неба, I ад іх інтэлекту за горад ганебна, Вочы поўняцца горыччу слёз.
Ну, а нас абмяжоўваюць хлусам прарокі, Што разносяць па вуліцах гулкія крокі, I ад крокаў па скуры мароз...

ПЛАЧ

Віктару Сырыцы
Каля іконаў плачуць свечкі, І плача з імі Беларусь... Абрыдлі артадоксаў спрэчкі — Нахабны хлус. Абрыдлі невуцтва і хамства, Што ахвяруюць на алтар. І свінства — вопраткаю панства, — І панства, страціўшае твар, — ...а ля іконаў гаснуць свечкі.