Выбрать главу

Пятроні глянуў на яго казаў бы з нейкай зайздрасцяй.

— Шчаслівы, — кажа. — Хоць бы свет і жыццё было найгоршае, адно ў іх астанецца вечна добрае — маладосць!

А па хвіліне спытаў: — І не прагаварыў да яе?

— Прагаварыў пасля. Апрытомнеўшы крыху, сказаў, што вяртаюся з Азіі, што выбіў руку на прадмесці й вельмі балела, але ў хвіліне, калі мне пакідаць прыходзіцца гэты гасцінны дом, бачу, што боль у ім больш варты, чым дзе інакш роскаш, хвароба — больш, чым дзе здароўе. Яна слухала мяне таксама ўзварушаная, спусціўшы галованьку ды нешта грымзолячы трасцінаю на пяску. Пасля падняла вочы, шчэ раз зірнула на тыя накрэсленыя знакі, а потым на мяне, якбы хацела штось спытаць — і ўцякла неспадзявана, як гамадрыяда ад дурнаватага фаўна.

— Павінна мець чароўныя вочы.

— Як мора. І ўтануў я ў іх, бы ў моры. Вер мне, Архіпелаг менш блакітны! Неўзабаве прыбег малы Плаўт ды пачаў нешта пытацца. Але я не сцяміў, пра што яму расходзіцца.

— О Афіна! — адазваўся Пятроні. — Здымі гэтаму хлопцу з вачэй заслону, якую завязаў Эрос, інакш бо голаў сабе расквасіць аб калумну святыні Венеры.

Пасля звяртаецца да Вініця: — О ты, веснавы пупышак на дрэве жыцця, першазелень ты вінаградная! Мусяў бы замест да Плаўтаў загадаць несці цябе ў дом Гелоцыя, у дом нежыццясведамых хлапцоў.

— Чаго ты смяешся з мяне?

— А што ж рысавала на пяску? Ці не імя Амура, ці не пранізанае стралою сэрца ягонае, або нешта, з чаго мог бы здагадацца, што сатыры ўжо розныя тайны жыцця шапталі гэнай німфе? Як жа можна было не пацікавіцца гэным знакам!

— Перш я ўбачыў тогу, чым табе здаецца, — бароніцца Вініць, — і пакуль прыбег малы Аўл, разглядаў я гэныя знакі. Ведаю бо, што і ў Грэцыі, і ў Рыме дзяўчаты не раз рысуюць на пяску вызнанні, якіх не адважваюцца вымавіць іх вусны. Але згадай, што нарысавала?

— Калі не тое, што я думаў, то не згадаю.

— Рыбу.

— Што?

— Рыбу, кажу. Ці мела гэта азначаць, што ў ейных жылах дагэтуль плыве халодная кроў — не ведаю! Але ты, што абазваў мяне веснавою зеленню жыцця, пэўна лепш патрапіш гэны знак зразумець.

— Царысімэ! Пра такія рэчы спытай Плінія. Ён знаецца на рыбах. Калі б стары Апіць шчэ жыў, можа б таксама меў бы табе нешта сказаць, бо з’еў у жыцці рыбы больш, чым можа яе адразу змясціць Неапалітанская затока.

Але далейшая гутарка перарвалася, уняслі бо іх на ройныя вуліцы, дзе ўсё заглушаў людскі гоман. Праз Вікус Апалонус звярнулі на Рымскі Форум, дзе пагоднымі днямі перад заходам сонца збіраліся грамады абібокаў, каб пашвэндацца між калюмнаў, падзяліцца навінамі, паразяўляцца на лектыкі важных людзей, а ўрэшце заглядаць у залатарні, кнігарні, размяняльні грошай, мануфактурныя крамы, бранзоўні ды ўсялякія іншыя, каторых поўна было ў дамох проці Капітолю. Палавіна Форума, што межавала тут жа з замкам, была ўжо ў цяні, толькі калюмны вышэйшых святынь залаціліся ў сонцы на асноведзі блакіту. Ніжэйшыя кідалі даўгія цені на мармуровыя пліты, — а ўсюды так было іх поўна, што губілася вока сярод іх, бы ў лесе. Выглядала, якбы тым будоўлям і калюмнам цесна было побач з сабою. Таўпіліся адны над другімі, беглі ўправа і ўлева, успіналіся на ўзгор’і, туліліся да замкавых муроў або адны да другіх, на падобу большых і меншых, грубейшых і танчэйшых, залатавых і белых галамнёў, то расквечаных пад архітравамі кветкай аканту, то пазавіваных йонскімі рагамі, то завершаных простым дарыйскім квадратам. Над гэным лесам блішчалі каляровыя трыгліфы, з тымпанаў выхіляліся рэзьбяныя постаці багоў, з шчытоў аскрыдляныя залатыя квадрыгі казаў бы рваліся вылецець у паветра, у той блакіт, што спакойна звісаў над гэным збітым местам святым.

Пасярэдзіне рынку ды па берагох плыла людская рака: грамады прахаджаліся пад люкамі базылікі Юлія Цэзара, грамады сядзелі на сходах святыні Кастара і Палукса й круціліся ля святліцы Весты, падобныя на гэнай вялікай мармуровай асноведзі да рознаколерных матылёў ці жукоў. З гары, праз вялікія ступяні, ад стараны святыні «Jovi optimo maximo»[14] наплывалі новыя хвалі; пры Рострах слухалі нейкіх прынагодных моўцаў; тут і там чутны былі заклікі гандляроў, прадаючых садавіну, віно або ваду з фігавым сокам; круцялёў з цудоўнымі лякарствамі, варажбітаў, адгадчыкаў укрытых скарбаў, разгадчыкаў сноў.

Дзе-нідзе з гоманам гутарак, заклікаў мяшаліся зыкі сістры, егіпскай самбукі або грэцкіх флейтаў. Дзе-нідзе хворыя пабожныя або стурбаваныя няслі ў святыні ахвяры. Сярод людзей збіраліся на каменных плітах ласыя на ахвяраванае зерне, падобныя да рухлівых цёмных і стракатых плямаў, стады галубоў, то здымаючыхся з лопатам крылляў, то зноў западаючых на апарожненае людзьмі мейсца. Час ад часу грамады людскія расступаліся перад лектыкамі, у якіх відны былі выхарашаныя твары жанчын або галовы сенатараў і рыцараў, закрэплых і выснажаных жыццём. Рознамоўная грамада вымаўляла голасна імёны іхнія, дацінкі або пахвалы. Між бязладнымі гуртамі праціскаліся часам ступаючыя мерным крокам аддзелы ваяроў ці вігілаў, пільнуючых вулічнага парадку. Грэцкая мова чутна была навокал нароўні з лацінскаю.

вернуться

14

«Ёвішу (Юпітэру) Найпершаму Найвялікшаму» (лац.).