Вініць, які даўно не быў у горадзе, прыглядаўся з пэўнай цікавасцяй на тое раявішча людзей ды на той Рымскі Форум, адначасна й пануючае над хваляю свету й залітае ёю, і, адгадаўшы думкі таварыша, назваў яго гняздом Квірытаў — без Квірытаў. Іставетна тубыльчы род амаль гінуў у гэнай суталацы розных расаў, народаў. Тут відаць было этыёпаў, відаць было вялігурных яснавалосых людзей з далёкай поўначы, брытанаў, галаў і германаў, касавокіх жыхароў Сэрыкума, людзей з-над Эўфрату ды з-над Інду, з маляванымі на цэглясты колер бародамі; сірыйцаў з берагоў Аронту, з чорнымі салодкімі вачыма; як косць сухіх жыхароў арабскае пустыні, жыдоў з запаўшымі грудзьмі; егіпцянаў з вечна ўсмехненым тварам, і нумідаў, і афраў; грэкаў з Гэлады, што нароўні з рымлянамі валадалі народам, але йшчэ валадалі ведай, мастацтвам, розумам і круцельствам; грэкаў з Архіпелагу й Малой Азіі, і з Егіпту, і з Італіі, і з Нарбонскае Галіі. У натоўпе нявольнікаў з падзіраўленымі вушамі нямала было й вольнае галайстры, якую цэзар забаўляў, карміў, а нат адзяваў, — вольных прыбышоў, каторых у вялікі горад звабіў лёгкі хлеб і перспектывы фартуны; былі й святары Серапіса з пальмавымі галінкамі ў рукох, і святары Ізыды, на алтар якое зносілі больш ахвяр, чым у святыню Ёвіша капітолінскага, — і святары Кібеллі з залатымі кісцямі рысу, і святары вандроўных бостваў, і танцоркі ўсходнія ў далёкапрыкметных мітрах, і прадаўцы амулетаў, і халдэйскія магі, урэшце людзі без ніякага занятку, якія штотыдзень прыходзілі да надтыбранскіх сверняў па збожжа, біліся за латарэйныя білеты ў цырках, праводзілі ночы ў западаючых дамох затыбранскага кварталу, а сонечныя і цёплыя дні ў крыптапортыках, у няхлуйных гаркухнях Субуры, на мосце Мільвійскім або перад «інсулямі» багатых, дзе ім час ад часу выкідалі недаедкі са стала нявольнікаў.
Пятронія добра зналі гэтыя грамады. Да вушэй Вініціевых далятала ўсцяж: «Ніс еst!» — «То ён». Любілі яго за шчодрасць, а асабліва папулярнасць яго ўзрасла ад таго часу, як сталася ведамай ягоная прамова перад цэзарам у абароне асуджанай на смерць цэлай фаміліі, г. зн.: усіх без розніцы плоці і веку нявольнікаў прэфекта Пэданія Сэкунда за тое, што адзін з іх забіў гэнага людаеда ў часіну роспачы. Пятроні, праўда, выразна адцемліваў, што для яго было гэта абыякава, і прамаўляў да цэзара толькі прыватна, як арбітэр элеганцярум, якога пачуццё эстэтычнае абурала такая рэзь, годная якіх сцытаў (скіфаў), а не рымлян. Усё ж такі народ, узбураны гэнай рэззю, любіў ад тае пары Пятронія.
Але ён пра тое не дбаў. Не забыў, што гэты народ любіў таксама і Брытаніка, якога Нэрон звёў із свету, і Агрыпіну, якую загадаў замардаваць той жа Нэрон, і Актавію, якую задушылі на Пандатарыі, падрэзаўшы ёй жылы ў гарачай пары, і Рэбелія Плаўта, што быў выгнаны, і Трэзэя, якому кажнае заўтра магло прынесці смяротны прысуд. Паважанне людское магло быць уважаным хутчэй за дрэнны прагностык, а скептычны Пятроні быў адначасна забабонны. Натоўпу не любіў падвойна: і як арыстакрат, і як эстэт. Людзі з запахамі пражанага бобу ў запазусе, а пры тым вечна ахрыплыя й спацелыя ад ігры ў мору на рагох вуліц ды перыстылях, не заслужвалі ў яго на назову людзей.
Дык зусім не звяртаючы ўвагі на авацыі, ані на пасыланыя стуль ці ссюль цалункі, расказваў Марку справу Пэданія і кпіў пры тым з нясталасці вулічнае галайстры, якая назаўтра пасля грознага абурэння віватавала Нэрону, як праязджаў у святыню Ёвіша Статара. Але перад кнігарняй Авірануса казаў затрымацца і, высеўшы, купіў аздобны рукапіс, каторы аддаў Вініцію.
— Гэта падарунак табе, — сказаў.
— Дзякую! — адказаў Вініць і, зірнуўшы на загаловак, спытаў: — «Сатырыкон»? Гэта нешта новае. Чыё гэта?
— Маё. Але я не хачу йсці ў сляды Руфіна, гісторыю якога меў табе расказаць, ані ў сляды Фабрыцыя Вэента, таму ніхто аб гэтым не ведае, а ты нікому не кажы.
— Казаў, што не пішаш вершаў, — прыпамінае Вініць, заглядаючы ў сярэдзіну, — а тут вось бачу прозу, густа імі пераплеценую.
— Як будзеш чытаць, звярні ўвагу на банкет Трымальхіёна. Што да вершаў — збрыдлі мне ад тае пары, як Нэрон пачаў пісаць эпас. Вітэль, бач, хочучы сабе дагадзіць, закладае сабе ў горла палачку з косці слановае; іншыя паслугоўваюцца перынамі фламінгаў, мачанымі ў аліве або ў адвары мацярдушкі. Я ж чытаў паэзію Нэрона і — вынікі ў той жа хвіліне. Магу іх пасля хваліць, калі не з чыстым сумленнем, то з чыстым страўнікам.