— На жаль, такія часы, — адказаў Аўл. — Не маю двух пярэдніх зубоў, выбіў іх мне камянём брытанец, таму так гутарка мая свішчаватая, аднак жа найшчаслівейшыя дні жыцця правёў я ў Брытаніі… — Бо пераможныя, — дакінуў Вініць. Але Пятроні, баючыся, каб стары ваяк не зачаў гарадзіць аб старых сваіх войнах, змяніў тэму гутаркі.
— У ваколіцы Прэнэсты, — пачаў, — сяляне знайшлі нежывое ваўчанё з дзвюма галавамі, а падчас анагдайшай навальніцы пярун адарваў гзымс у святыні Луны, гэта з увагі на познюю восень было нечуваным дзівам.
Нейкі так жа Котта, які яму гэта расказваў, казаў, што святары тае ж святыні запавяшчаюць катастрофу гораду з гэтай прычыны або эвентуальна руйну вялікага дому, якую льго адвярнуць толькі вялікімі ахвярамі.
Аўл, выслухаўшы гэта, выказаў думку, што такіх знакаў не можна, аднак, пушчаць міма вушэй. Багі могуць быць загневаны перабранай мерай злачынства, няма чаго гэтаму дзівіцца, а дзеля таго экспіяцыйныя ахвяры зусім да мейсца.
На гэта Пятроні: — Твой дом, Плаўце, не ёсць так вялікі, а жыве ў ім вялікі чалавек; мо й, праўда, завялікі на так марнага ўласніка, але таксама замалы. А калі расходзіцца пра руйну так вялікага, напрыклад, як «domus transitoria»[17], то ці аплаціцца нам даваць ахвяры, каб аддаліць гэну руйну?
Плаўт не адказаў на гэта пытанне, гэтым крыху крануў Пятронія, пры цэлым бо недахопе пачуцця розніцы між дабром і злом не быў ён, аднак, ніколі даношчыкам, і можна было з ім гутарыць зусім бяспечна. Вось жа змяніў зноў гутарку і пачаў выхваляць памешканне Плаўта, добры густ у ягонай абстаноўцы.
— Старая гэта сядзіба, — адказаў Плаўт, — у якой нічога не змянілася ад часу ўнаследжання яе.
Пры адсуненай заслоне між атрыюмам і таблінумам дом адкрыты быў навылет, так што праз таблінум, праз наступны перыстыль і залю за ім, званую «экус», вока бегла аж у парк, што красаваўся здалёк, моў ясны малюнак, апраўлены ў цёмную раму. Вясёлыя дзіцячыя смехі нясліся адтуль.
— Ах, ваявода, — азваўся Пятроні, — дазволь нам бліжэй прыслухацца да таго шчырага смеху, якога так сяння мала.
— Калі ласка, — запрашае, устаючы, Плаўт. — Гэта мой малы Аўл і Лігія забаўляюцца шпурляком. Але, што да смеху, думаю, Пятроні, што жыццё тваё ў ім тоне.
— Жыццё ёсць вартае смеху, дык смяюся, — іранізуе Пятроні. — Тут, аднак, смех звініць інакш.
— Пятроні, — дадаў Вініць, — смяецца, бач, не ў ясны дзень, а ў начы.
Так гутарачы, прайшлі праз увесь дом і выйшлі ў вагарод, дзе Лігія й малы Аўл гулялі з шпурлякамі, якія адумысныя нявольнікі, так званыя «сфэрыстыя», падымалі ім з зямлі й падавалі ў рукі. Пятроні кінуў быстрым вокам на Лігію, малы Аўл, згледзеўшы Вініція, прыбег вітацца, а той, праходзячы, скланіў голаў перад красуняй, што стаяла з шпурляком у ручцы і развеенымі крыху косынькамі, зазяханая й румяная.
Але ў вагародным трыклініюме, ацененым зеленню вінаграду й казінага зелля, сядзела Пампонія Грэцына, дык пайшлі прывітацца з ёю. Пятронію, хоць не бываў у Плаўтаў, была яна знаёмая, спатыкаў бо яе ў Антыстыі, дачкі Рубэлля Плаўта, дый у Сэнэкаў, у Паліёна. Не без пэўнага подзіву глядзеў на ейны паважны, але пагодны сум, шляхотнасць паставы, жэстаў, слоў. Пампонія да таго блытала ягоныя паняцці аб жанчынах, што гэны распушчаны да крайнасці й самапэўны, як ніхто ў Рыме, чалавек не толькі пачуваў да яе пэўнага роду пашану, але як бы рабіўся менш самапэўным. І цяпер вось, дзякуючы ёй за апеку над Вініціем, устаўляў як бы мімаходзь слова «доміна», якое ніколі не збягала яму на язык, калі гутарыў, напрыклад, з Кальвіяй Крыспінілай або Валерыяй, Салінай ды іншымі жанчынамі з вялікага свету. Падчас вітання й падзякі пачаў таксама зараз наракаць, што так рэдка бачацца, што не можна спаткаць яе ані ў цырку, ані ў амфітэатры, — на гэта адказала яму спакойна, палажыўшы сваю далонь на мужавай: — Старэем дый абое штораз больш любім хатняе зацішша.
Пятроні хацеў пярэчыць, але Плаўт дадаў сваім свіставатым голасам: — Ды штораз чужэйшымі чуемся сярод людзей, якія нават нашых рымскіх багоў завуць грэцкімі імёнамі.
— Багі сталіся ўжо толькі рытарычнымі фігурамі, — кажа нядбала Пятроні, — адыж рыторыцы вучылі нас грэкі, дык і мне, напрыклад, лягчэй сказаць Гера, чым Юно.
Гэта сказаўшы, абярнуў вочы на Пампонію, моў у ейнай прысутнасці не магло яму больш ніякае слова збегчы на думку; наступна пачаў запярэчваць таму, што казала пра старасць: — Людзі старэюцца, праўда, хутка, але ёсць такія, што жывуць зусім іншым жыццём. Апрача таго ёсць цэры, аб якіх Сатурн як бы забыўся.