Выбрать главу

Пятроні гаварыў гэта з пэўнай нат шчырасцяй, Пампонія бо, хоць схіляла ўжо з жыццёвага паўдня, мела незвычайную свежасць цэры, а пры дробнай галаве й твары бывала, што паміма свае чорнае сукні, міма павагі й суму, выклікала ўражанне зусім маладое жанчыны.

Тым часам малы Аўл, які падчас прабывання Вініція ў іхнім доме здружыў з ім, падыйшоўшы, пачаў яго запрашаць да гульні ў шпурляка. За хлопцам увайшла ў трыклініюм і Лігія. Пад фіранкай зелені з іграючымі касулямі на твары паказалася цяпер Пятронію прыгажэйшай, чым на першы пагляд, і сапраўды падобнай да нейкай німфы. Яшчэ не віталіся дагэтуль, дык устаў, скланіў перад ёю голаў і, замест звычайных вітальных слоў, пачаў цытаваць сказы, якімі Адысей вітаў Наўзікаю:

Не знаю, боства ты або дзяўчо смяротна! Няўжо наш свет прыдатны, каб тварыць падобна? Тады я родзічаў тваіх за гэта бласлаўляю, Як і братоў тваіх, чароўная Даная…

Нат Пампоніі спадабалася вынайдаваная ветлівасць гэтага бывальца. Лігія слухала ўзварушаная й анясмеленая. Але паволі на вуснах ейных зайграў смяшок, на твары малявалася змаганне дзявочага сораму з ахвотай адказу — і, відаць, тая ахвота перамагла, зірнула бо раптам на Пятронія й адказала яму словамі тае ж Наўзікаі, вырэцытаванымі крыху па-вучнёўску:

Не абы-хто ты сам, дый у мазгох не пуста…

Пасля закруцілася на назе ды ўцякла, бы спалоханая птушка. Цяпер прыйшла чарга здзіўлення на Пятронія — не спадзяваўся бо пачуць верш Гомэра ў вуснах дзяўчыны, аб барбарскім паходжанні якое чуў ад Вініція.

Глянуў також пытаючым вокам на Пампонію, але тая не магла яму даць адказу, бо глядзела на здаволенага Аўла.

А ён не ўмеў таго гордага здавальнення сукрыць. Перш-наперш прывязаўся быў да Лігіі, як да роднага дзіцяці, а па-другое, паміма сваіх старарымскіх нехацяў да грэччыны, уважаў яе за доказ таварыскае агляды. Сам не мог яе ніколі добра навучыцца, і гэтага скрыта шкадаваў, дык вось цяпер рад быў, што гэтаму вытворнаму мужу й літарату, які гатоў быў уважаць дом ягоны за барбарскі, адказана ў ім моваю й вершам Гомэра.

— Ёсць у нас грэк-педагог, — кажа, звяртаючыся да Пятронія, — вучыць нашага хлапца, а дзяўчо прыслухоўваецца лекцыям. Птушанё гэта яшчэ, але мілае птушанё, да якога прывыклі мы абое.

Пятроні ўглядаўся цяпер праз гушчару поўсці й капрыфоліюма на парк ды на разгуляную тройку. Вініць скінуў тогу і ў толькі туніцы падбіваў угару шпурляк, які Лігія насупраць з паднятымі ручонкамі намагалася схапіць.

На першы пагляд малодухна не зрабіла на Пятронія вялікага ўражання. Выдавалася яму лішне тонкай. Але ад моманту, калі ў трыклініюме ўзглянуў на яе бліжэй, падумаў сабе: так магла выглядаць хіба толькі заранка — і, як знаўца, задэцыдаваў, што ёсць у ёй нешта незвычайнае. Усё зацеміў ды ўсё ацаніў: і ружова-празрысты тварык, і свежыя, ну проста просячыя цалунку, губкі, і блакітныя, бы мора, вочы, і алебастравую бель чала, і буйнасць цёмных косынькаў з бурштынавым і карынфскай медзі водблескам на лёчках, і лёгкую шыйку, і боскую лінію плячукоў ды цэлую постаць — гнуткую, танклявую, маладую маладосцю майскае расцвіўшае вясны.

Збудзіўся ў ім мастак і смакун красы, які адчуў, што пад фігуру гэтае красуні аж просіцца подпіс: «В я с н а». Раптам прыпомніў сабе Хрызатэміс, і парваў яго пусты смех: паказалася яму з сваёй залатою пудраю ў валасох ды начэрненымі бровамі надта звялаю, падобнай да скідаючай пялёсткі ружы. А ўсё ж такі гэнае Хрызатэміс зайздросціў яму цэлы Рым. Наступна прыгадаў сабе Папею — і тая праcлаўная Папея таксама паказалася яму бяздушнай васковай маскай. У гэтай жа дзяўчыне танагрскіх кшталтаў была не толькі вясна — была й светлая Псыхэ, прамянеючая з яе ружанага цела, моў касулі з лямпы.

— Вініць праўду казаў, — падумаў, — а мая Хрызатэміс старая, старая… моў Троя!

Пасля звярнуўся да Пампоніі Грэцыны — і, паказаўшы на парк, сказаў: — Разумею цяпер, доміна, што з такімі дваіма не хочацца вам ні палатынскіх банкетаў, ні цырку.

— Так, — адказала, звяртаючы погляд на малога Аўла і Лігію.

А стары ваяр пачаў расказваць гісторыю дзяўчыны і тое, што чуў калісь ад Атэлія Гістэра пра народ лігаў з далёкае поўначы.

А тыя скончылі гуляць у шпурляка і нейкі час хадзілі па агародным пяску, рысуючыся на цёмнай асноведзі цыпрысаў, бы тры белыя статуі. Лігія трымала за руку малога Аўлюса. Пашпацыраваўшы крыху, селі на лаўцы пры «пісцыне»[18], на сярэдзіне агароду. Аўл зараз сарваўся плёшыць рыбу ў люстраной вадзе, а Вініць вёў далей зачатую падчас шпацыру гутарку: — Так, — казаў нізкім трэмолавым голасам. — Ледзь скінуў я прэтэксту, выслалі мяне ў азіяцкія легіі. Не знаў ні гораду, ні жыцця, ні кахання. Умею напамяць крыху Анакрэонта і Гарацыя, але не патрапіў бы так, як Пятроні, гаварыць вершы тады, калі розум нямее з подзіву й слоў знайсці не можа.

вернуться

18

Басэйн (лац.).