Выбрать главу

Будучы хлопцам, хадзіў я ў школу Мусонія, які вучыў нас, што сутнасць шчасця ў тым, каб хацець таго, чаго багі хочуць — значыцца, ад нашае волі залежыць. На маю ж думку, ёсць іншае — даражэйшае й большае, — якое не залежыць ад волі, бо яго толькі каханне даць можа. Шукаюць таго шчасця cамі багі, дык і я, о Лігія, што не каштаваў дагэтуль кахання, йдучы ў іхнія сляды, шукаю такжа тае, каторая б схацела мне даць шчасце… Умоўк — толькі плюск вады, у якую малы Аўл кідаў каменьчыкі, страшачы рыбу, нарушаў цішыню. Па хвілі Вініць зноў пачаў гутарыць яшчэ цішэйшым і мякчэйшым голасам.

— Хіба ж знаеш Веспасыянавага сына Тытуса? Кажуць, ледзь ад хлапчаняці падняўся, як пакахаў Берэніку так, што туга амаль не выссала з яго жыцця… Так і я б умеў пакахаць, о Лігія!.. Багацце, слава, улада — пусты дым! Марнота! Багаты знайдзе багатшага за сябе, слаўны — слаўнейшага, магутны — магутнейшага… Але ці сам цэзар, ці каторы бог нат можа мець большую роскаш або шчаслівейшым быць, чым просты смяротнік, які прыціскае да сваіх грудзей іншыя грудкі або цалуе каханыя губкі… Дык каханне раўняе нас з багамі — о Лігія!..

А яна слухала неспакойна і здзіўлена так, як бы слухала тонаў грэцкае флейты ці цытры. Часамі здавалася ёй, што Вініць пяе нейкую песню дзіўную, што сочыцца ёй у вушы, запаляе ў ёй кроў, ды адначасна праймае млоснасць і нейкая няўцямная радасць.

Здавалася ёй таксама, ён гаворыць тое, што ўжо было ў ёй перадом, а чаго не ўмела ўцяміць. Чула, як ён нешта ў ёй разбуджае, што дагэтуль драмала, і як у гэнай хвіліне ймглісты сон мяняецца ў штось выразнейшае, больш мілае й прыгожае.

Тым часам сонца перакацілася даўно за Тыбр і завісла нізка над Янікульскім узгор’ем. На спакойныя цыпрысы падала чырвонае святло — і ўсё паветра было ім перасычана. Лігія падняла свае блакітныя, як бы разбуджаныя з сну, вочы на Вініція, і цяпер, у вячэрнім водбліску нахілены над ёю з просьбаю ў раз’іскраных вачах, паказаўся ёй прыгажэйшы за ўсіх людзей, за ўсіх грэцкіх і рымскіх багоў, якіх статуі спатыкала на франтонах святынь. А ён абняў лягонька пальцамі ейную ручаньку вышэй костачкі й пытае: — Няўжо ты не ўгадала, Лігія, чаму я гэта кажу табе?..

— Не! — адшапнула так ціха, што Вініць ледзь дачуў.

Але не паверыў ёй і, прыцягаючы штораз мацней ейную руку, быў бы прыцягнуў яе аж да сэрца, б’ючага ад жады бы молат — і быў бы проста выказаў ёй гарачыя словы, каб не паказаўся на сцежцы неспадзявана стары Аўл, які, падыйшоўшы, сказаў: — Сонца заходзіць, сцеражэцеся вячэрняга холаду і не жартуйце з Лібітынай… — Не, — адказаў Вініць, — я не апрануў дагэтуль тогі й не адчуў холаду.

— А вось ужо толькі паўкруга з-за гор выглядае, — адказаў стары ваяк. — Гэта не салодкі клімат Сіцыліі, дзе вечарамі народ збіраецца на рынках хорам развітацца з заходзячым Фэбам.

І, забыўшы, што перад хвілінай сам перасцерагаў ад Лібітыны, пачаў расказваць аб Сіцыліі, дзе меў вялікую гаспадарку, якую надта любіў. Успомніў таксама, што не раз прыходзіла яму на думку перанясціся ў Сіцылію і там спакойна дажыць да смерці. Даволі зімовай белі таму, хто мае ўжо белы голаў. Яшчэ пакуль лісце з дрэваў не паабсыпалася і над горадам зычліва ўсміхаецца чыстае неба, але як пажоўкне вінаград, як спадзе снег у горах Альбанскіх, а багі пашлюць сцюдзёны віхар з Кампаніі, тады хто ведае, ці з цэлым домам не перанясецца ў сваю ціхую сялянскую сядзібу.

— Меў бы ахвоту развітацца з Рымам, Плаўце? — спытаў устрывожаны Вініць.

— Ахвоту гэтую даўно ўжо маю, — адказаў Аўл, — там бо спакайней ды беспячней.

І давай выхваляць свае сады, жывёлу, дом, схаваны ў зелені, і прыгоркі, аброслыя кменам і чабаром, над якімі звініць пчаліны рой. Але Вініць не зважаў на гэтыя выхвалянні — і, маючы на думцы тое, што можа разлучыцца з Лігіяй, паглядаў у бок Пятронія, як бы ад яго адзінага чакаў ратунку.

Пятроні тым часам, седзячы пры Пампоніі, любаваўся краявідам заходзячага сонца, парку й стаячых пры сажалцы людзей. Белая адзежа іхняя на цёмнай пляме міртаў свяціла золатам ад вячэрняга бляску. На небе пачала займацца вячэрняя зарніца пурпураю, фіялетам ды пералівацца пажогай.

Небасхіл высока станавіўся ліліёвы. Цёмныя цыпрысы сталіся шчэ цямнейшымі, а ў людзей, на дрэвах ды ў цэлым парку запанаваў вячэрні супакой.