Выбрать главу

І загадалі нясціся разам да Хрызатэміс.

Але ў прысенку Пятроні палажыў руку на плечы Вініція і кажа: — Стой. Здаецца, прыдумаў спосаб.

— Хай усе багі табе адплацяць!..

— Так! Здаецца, добры спосаб. Ведаеш, Марк, што?

— Слухаю, Афіна ты мая… — Цераз некалькі дзён боская Лігія будзе спажываць у тваім доме зерне Дэметры.

— Ты вялікшы, чым цэзар! — падняў голас Вініць.

IV

Пятроні датрымаў слова.

Назаўтра пасля адведзін Хрызатэміс, праўда, спаў цэлы дзень, але ўвечар загадаў нясціся на Палатын і меў з Нэронам сакрэтную гутарку, вынікам якое на трэці дзень перад домам Плаўтаў з’явіўся цэнтурыён з колькінаццацьма прэторыянскімі ваярамі.

Часы былі няпэўныя й страшныя. Такога роду пасланцы былі часта вестунамі смерці. Вось жа, калі цэнтурыён вытнуў малатком у дзверы Аўла, а загадчык атрыюма далажыў, што ў сенях стаяць ваяры, жах ахапіў увесь дом. Радня зараз акружыла старога ваяводу, ніхто бо не сумняваўся, што небяспека перадусім яму гразіла. Пампонія, абняўшы яго за шыю, прытулілася да яго з усіх сіл, а ссінелыя вусны ейныя шапталі хутка нейкія словы; Лігія, белая, моў палатно, цалавала ягоныя рукі; малы Аўл учапіўся за тогу — з калідораў, з пакояў паверхавых для служніц, з чаляднай, з лазні, падвалу, з усяго дому пачаў высыпацца рой нявольнікаў і нявольніц. Падняліся крыкі: «Heu, heu, me miserum!»[19], жанчыны завялі плач; некаторыя пачалі ўжо дзерці твар і накрываць галовы хусткамі.

Сам толькі стары ваявода, што даўно прывык смерці проста глядзець у вочы, стаяў спакойны, а яго кароткае арлінае аблічча скамянела. Супакоіўшы крыкі і парассылаўшы службу, сказаў: — Пусці мяне, Пампонія, калі ўжо мне прыйшла пара, то будзе шчэ час на развітанне.

І адсунуў лягонька яе — а яна кажа: — О, каб жа доля нас не разлучыла, Аўл!

Пасля, упаўшы на калені, пачала маліцца з такою сілай, якую толькі трывога пра найдаражэйшую асобу даць можа.

Аўл пайшоў у атрыюм, дзе чакаў яго цэнтурыён. Быў гэта стары Кай Гаста, даўны яго падуладны і таварыш з брытанскіх войнаў.

— Вітаю ваяводу, — сказаў. — Прыношу табе загад і вітанне цэзара — а вось таблічкі і знак, што ад яго прыходжу.

— Дзякую цэзару за вітанне, а загад выканаю, — адказаў Аўл. — Добры дзень, Гаста, кажы ж, з якім даручэннем ты прыйшоў.

— Аўл Плаўт, — пачаў Гаста, — цэзар даведаўся, што ў тваім доме прабывае дачка князя лігаў, якую той князь яшчэ за боскага Клаўдыя аддаў у рукі рымлян як заруку, шго лігі ніколі не нарушаць імперыі. Боскі Нэрон табе ўдзячны, ваявода, што праз столькі гадоў гасціў яе ў сябе, і, не хочучы далей абцяжаць твайго дому, дый таму, што дзяўчына, як заложніца, павінна быць пад апекай самога цэзара і сенату — загадвае табе выдаць яе ў мае рукі.

Аўл завялікі быў ваяк ды муж загартаваны, каб жаліцца на загад. Аднак жа разорка гневу й болю воміг з’явілася на ягоным чале. Перад такім нахмураннем дрыжалі калісь брытанскія легіі — і нат цяпер на твары Гасты маляваўся страх. Але цяперака проці загаду Аўл Плаўт пачуўся безабаронным.

Глядзеў праз хвіліну на таблічкі, на знак, пасля, падняўшы вочы на старога цэнтурыёна, кажа ўжо спакойна: — Пачакай, Гаста, у атрыюме, пакуль падрыхтуем табе закладніцу.

І пайшоў на другі канец дому ў залю, званую экус, дзе Пампонія Грэцына, Лігія і малы Аўл чакалі на яго з трывогай.

— Нікому не пагражае смерць ані ссылка на далёкія атокі, — пацяшае, — аднак пасланец цэзара ёсць вяшчуном няшчасця. Пра цябе расходзіцца, Лігія.

— Пра Лігію? — падняла здзіўлены голас Пампонія.

— Так! — прыцвярдзіў Аўл.

І, звярнуўшыся да дзяўчыны, пачаў выясняць: — Лігія, гадавалася ты ў нашым доме, бы наша роднае дзіця, і абое з Пампоніяй любім цябе, як дочаньку, але ведаеш аб тым, што ты не нашая дачка. Ты заложніца, якую даў Рыму твой народ, і апякавацца табою павінен цэзар. Вось жа цэзар забірае цябе з нашага дому.

Ваявода гаварыў спакойна, але нейкім дзіўным незвычайным голасам.

Лігія слухала ягоных слоў, маргаючы вачыма і як бы не разумеючы, пра што расходзіцца. Пампонія збялела; у дзвярах з калідору ў экус пачалі зноў паказвацца розныя нявольнікі.

— Воля цэзара мусіць быць выканана, — кажа Аўл.

— Аўл! — загаласіла Пампонія, абнімаючы рукамі дзяўчыну, як бы манілася яе бараніць. — Лешая для яе была б смерць.

А Лігія, тулячыся да ейных грудзей, паўтарала: «Мама! Мама!», не могучы ад плачу нічога больш сказаць.

вернуться

19

«Вой-вой, мне няшчаснаму!» (лац.).