Выбрать главу

На твары Аўла зноў маляваўся гнеў і боль.

— Каб быў сам адзін адзінокі на свеце, — адазваўся панура, — не аддаў бы яе жывое — і сваякі мае яшчэ сяння маглі б злажыць ахвяры «Jovi liberatori»[20]. Але не маю права губіць цябе й нашага дзіцяці, якое можа шчаслівых часаў дачакацца… Пайду шчэ сяння да цэзара і буду яго маліць, каб адмяніў загад. Ці паслухае мяне — не ведаю. Тым часам, будзь здарова, Лігія, і ведай, што і я і Пампонія заўсёды багаславілі той дзень, у якім засела ты пры нашым вогнішчы.

Гэта вымавіўшы, палажыў ёй руку на галованьцы, і, хоць намагаўся быць спакойным, то ўсё ж, калі падняла на яго заплаканыя вочы Лігія і пачала прыціскаць да вуснаў яго руку, задрыжаў бацькаўскі голас ягоны.

— Бывай, сэрцайка наша, золатца наша, — сказаў.

І хутка вярнуўся ў атрыюм, каб не дапусціць да сябе нясвомага рымлянам узварушэння.

Тым часам Пампонія, завёўшы Лігію ў кубікулюм, пачала супакойваць яе, пацяшаць, будзіць надзеі і выказваць словы — дзіўныя ў гэтым доме, у якім побач у святліцы стаялі шчэ лярарыюм і агмень, на якім Плаўт, верны даўным звычаям, клаў ахвяры дамовым багом. І вось прыйшло гора. Калісь Віргіній прабіў грудзі свае дачкі, каб вызваліць яе з рук Апія; а перад тым Лукрэцыя прыплаціла ганьбу жыццём. Дом цэзара ёсць пропасцяй ганьбы, злыбяды, злачынства. «Але ж мы, Лігія, ведаем, чаму не маем права налажыць на сябе рукі!..» Так! Гэта права, пад якім абедзве жывуць, ёсць іншае, вялікшае, свяцейшае, дазваляе, аднак, бараніцца ад благога й ганьбы, хоць гэну абарону жыццём трэ было б прыплаціць. Хто чыстым выходзіць з гнязда распусты, тым большая ягоная заслуга. Зямля ёсць такім гняздом, але, на шчасце, жыццё ёсць адной хвілінай, а ўстаецца толькі з такога гробу, за каторым не ўладае Нэрон, толькі Міласэрнасць, — і замест болю ёсць радасць, замест слёз — весялосць.

Пасля гэтага зачала гаварыць аб сабе. Так! Яна спакойная — але і ў ейным сэрцы ёсць балючыя раны. Вось на вачах ейнага мужа ляжыць яшчэ бяльмо, яшчэ не засвяціла над ім святло. Не можна ёй таксама выхоўваць сына ў праўдзе. Дык як падумае, што гэтак можа быць да канца жыцця, і што можа стацца хвіліна разлукі з імі ў сто раз большай і горшай, чым гэтая часовая, ад якое плачуць цяпер вось абедзве — не можа нат уявіць, як патрапіць быць без іх аж у небе шчаслівай. І многа начэй ужо праплакала, многа прамалілася, просячы змілавання й ласкі. Але боль Богу паручае — і чакае, і спадзяецца. А калі цяпер прыходзіць новае гора, калі загад людаеда забірае ад яе дарагую галованьку — тую, якую Аўл назваў святлом вачэй, — мае шчэ надзею, веручы, што ёсць магутнасць большая, чым Нэронава, і міласэрнасць мацнейшая за ягоную злосць.

І яшчэ мацней прыціснула да грудзей галованьку дзяўчаці, а тая зараз асунулася да ейных каленяў і, схаваўшы вочы ў хвандах ейнага пеплюма, доўга маўчала і, калі ўрэшце ўстала, выглядала ўжо крыху спакайнейшай.

— Шкада мне цябе, мамка. І таты, і брата. Але ведаю, што супраціў нічога не паможа, толькі мог бы згубіць нас усіх. Затое прыракаю табе, што слоў тваіх не забуду ніколі ў доме цэзара.

Яшчэ раз абняла яе, а пасля, як абедзве выйшлі ў экум, пачала развітвацца з малым Плаўтам, з старым грэкам — іхнім настаўнікам, з сваёю ўбіральніцай, што калісь яе няньчыла, ды з усімі нявольнікамі.

Адзін з іх, высокі й плячысты ліг, якога дома называлі Урсус і які сваім часам разам з маткай Лігіі ды з ёю прыйшоў у рымскі лагер з іншай службай, ён упаў цяпер да ейных ног, пасля скланіўся да калень Пампоніі, кажучы: — О доміна! Дазвольце мне йсці з маёю князёўнаю, буду служыць ёй і пільнаваць у доме цэзара.

— Ты не наш, толькі Лігін слуга, — адказала Пампонія Грэцына, — але ці ж цябе дапусцяць да дзвярэй цэзара? Ды як жа пільнавацімеш яе?

— Не ведаю, доміна. Ведаю толькі, што жалеза ломіцца ў маіх руках, бы шчэпка.

Аўл Плаўт, які падыйшоў у гэтым моманце, даведаўшыся, пра што расходзіцца, не толькі не спрацівіўся намерам Урсуса, але сказаў, што не маюць нат права яго затрымліваць. Адсылаюць Лігію як закладніцу, якое дамагаецца цэзар. дык абавязаны адаслаць і ейную світу, якая пераходзіць разам з ёю пад апеку цэзара. Тут шапнуў Пампоніі, што пад відам світы можа ёй дадаць столькі нявольніц, колькі захоча — цэнтурыён бо не можа іх не прыняць.

Для Лігіі была ў гэтым пэўная пацеха, дый Пампонія была рада, што можа яе забяспечыць службаю ўласнага выбару. Дык апрача Урсуса вызначыла ёй старую ўбіральніцу, дзве цыпрыйкі-часальніцы ды дзве купальніцы-германкі.

Выбрала толькі вызнавальнікаў новае навукі, а калі і Урсус вызнаваў яе ўжо некалькі год, Пампонія магла спадзявацца на вернасць гэтае службы дый пацяшацца адначасна думкай, што зерне праўды будзе пасеяна і ў цэзаравым доме.

вернуться

20

«Ёвіш (Юпітэр) Вызваліцель» (лац.).