Выбрать главу

Напісала таксама пару слоў Нэронавай вызвольніцы Актэ, паручаючы ейнай апецы Лігію. Пампонія не спатыкала яе, праўда, на зборышчах новае навукі, чула, аднак, ад іх, што Актэ ім спрыяе й чытае прагавіта лісты Паўла з Тарсу. Адыж ведамым ёй было, што маладая вызвольніца заўсёды сумуе, што ёсць асобай іншай, чым усе жанчыны Нэрона, і што наагул ёсць добрым духам палацу.

Гаста падручыўся сам перадаць ліст Актэ. Уважаючы таксама за натуральную рэч, што княжна павінна мець сваю світу, не перашкаджаў забраць іх у палац, болыш дзівячыся малой колькасці іх. Прасіў аднак жа спяшацца, каб не асудзілі за маруднае спаўненне загадаў. Прыйшла развітальная хвіліна. Вочы Пампоніі і Лігіі зноў заплылі слязьмі. Аўлюс яшчэ раз багаславіў, і цераз хвіліну ваяры пад крыкі малога Аўла, які гразіў кулакамі цэнтурыёну за адабранне сястры — павялі Лігію ў дом цэзара.

Але стары ваявода загадаў прыладжваць для сябе лектыку, кажучы Пампоніі ў пінакатэцы: — Слухай, Пампонія, іду да цэзара, хоць мо надарма, а хоць і слова Сэнэкі ў яго ўжо нічога не варта, буду і ў Сэнэкі. Сяння большае значэнне маюць Сафон, Тыгэлін, Пятроні або Ватыній… Што да цэзара, можа і не чуў ніколі аб народзе лігаў, і калі зажадаў выдачы Лігіі як закладніцы, то дзеля таго, што нехта яго да гэтага падбухторыў. І не цяжка здагадацца, хто гэта зрабіў.

А яна кінула на яго зорка вокам: — Пятроні?

— А няўжо ж хто.

Праз хвіліну маўчалі, пасля ваявода гаварыў далей: — Вось што знача ўпусціць за парог каторага з гэных людзей без гонару й сумлення. Праклятая хвіліна тая, калі Вініць увайшоў у наш дом. Гэта ён прывёў да нас Пятронія. Гора Лігіі, бо не пра закладніцу, толькі пра наложніцу ім расходзіцца.

Ад гневу і бяссільнай закатнасці з жалю па дзіцяці сталася яшчэ больш свіставатай ягоная мова. Змагаўся з сабою, заціснутыя кулакі сведчылі, як гэтае нутраное змаганне было цяжкім.

— Я дагэтуль аддаваў чэсць багом, — кажа, — але цяпер мне здаецца, што няма іх над светам, а ёсць толькі адзін — люты, шалёны й страшны. Імя яго Нэрон.

— Аўл! — талкуе Пампонія. — Нэрон — гэта толькі жменя гнілля перад Богам.

Ейны муж пачаў мераць шырокімі крокамі мазаіку пінакатэкі. У жыцці ягоным былі вялікія чыны, але не было вялікіх няшчасцяў, дык не прызвычаіўся да іх. Стары ваяр, аказваецца, больш быў прывязаны да Лігіі, чым яму здавалася, і цяпер не мог сумірыцца. Дый чуўся паніжаным! Завісла над ім ненавісная рука, проці якой, аднак, не мае сілы. Дык вось, суняўшы крыху гнеў, адазваўся: — Думаю, што Пятроні не забраў нам яе для цэзара, з увагі на помсту Папеі. Дык або для сябе, або для Вініція… Яшчэ сяння буду ведаць аб гэтым.

І па хвіліне лектыка нясла яго ў бок Палатыну, а Пампонія, застаўшыся сама адна, пайшла да малога Аўла, які не пераставаў плакаць па сястры ды пагражаць цэзару.

V

Сумнівы Аўла спраўдзіліся, да Нэрона яго не дапусцілі. Адказана яму, што цэзар заняты пяяннем з лютністым Тэрпнасам і што наагул не прыймае тых, каго не клікаў. Інакш кажучы, гэта быў знак, каб Аўл і напасля не маніўся з ім бачыцца.

Затое Сэнэка, паміма гарачкі, прыняў старога ваяводу з належнай яму пашанай, але, пачуўшы, пра што яму расходзіцца, горка ўсміхнуўся й сказаў: — Адну толькі магу табе даць услугу, Плаўце, не паказвацца ніколі перад цэзарам з тым, што я балюча спачуваю табе і хачу дапамагчы. Бо калі б цэзар западозрыў гэта, ведай, што не аддаў бы табе Лігіі, хоць бы на самы толькі задор проці мяне.

Не раіў яму таксама йсці да Тыгэліна, ні да Вітэлія. Можа грашмі й можна было б што з імі зрабіць, можа таксама хацелі б што зрабіць на злосць Пятронію, якога ўплыў намагаюцца падкапаць, але найпраўдападабней здрадзілі б перад цэзарам, як вельмі Лігія дарагая для Плаўтаў, а тагды цэзар тым горш яе не аддаў бы. Тут стары мудрэц пачаў казаць з куслівай іроніяй проці сябе самога: — Маўчаў, Плаўце, маўчаў, Плаўце, маўчаў праз цэлыя гады, а цэзар не любіць тых, што маўчаць! Як жа табе не захапляцца было ягонай красою, цнотай, песняй, ягоным майстэрствам фурмана ды дэкламацыяй вершаў! Як жа табе было не выслаўляць смерці Брытаніка, не сказаць слова пахвальнага на чэсць маткабойцы ды не павіншаваць з нагоды задушэння Актавіі! Не маеш прадбачлівасці, Аўл, якую мы, шчаслівыя пры двары, маем пад дастаткам.

Гэта сказаўшы, узяў кубак, што насіў за поясам, зачэрпаў з вадаліву вады, адсвяжыў спечаныя вусны і гаварыў далей: — Ох, Нэрон мае ўдзячнае сэрца! Любіць цябе, бо ты служыў Рыму ды ймя ягонае расславіў на ўвесь свет, і любіць мяне, бо вучыў яго замаладу.