Выбрать главу

Слаўнейшыя адразу садзіліся за стол, а меншыя дапамагалі пры балаўстве падчас яды, чакаючы на тую хвіліну, калі служба ім дазволіць накінуцца на прысмакі й напіткі. Такіх гасцей дастаўлялі Тыгэлін, Ватыній і Вітэлій, не раз гасцям мусялі старацца адзежы, вымаганай у доме цэзара, які, праўду сказаць, любіў такое таварыства, чуўся бо сярод яго найсвабоднейшым. Збыткоўнасць двору ўсё залаціла, усё пакрывала бляскам. Вялікія й малыя, нашчадкі вялікіх родаў і галота з гарадскога бруку, магутныя мастакі й ліхотныя падскрэбіны талентаў лезлі ў палац, каб насыціць захопленыя вочы надлюдскаю пышнатою і збліжыцца да валадара ласкаў, дабра й багацця, адзін капрыз якога мог, праўда, паніжыць, а мог і бязмерна вывышыць.

Таго дня і Лігія мелася быць на падобным банкеце. Трывога, няпэўнасць і ашаламленне пасля наглых выпадкаў змагаліся ў ёй з думкай супраціву.

Баялася цэзара, баялася людзей, баялася палацу, гоман якога адыймаў у яе прытомнасць, баялася банкетаў, аб гідоце якіх чула ад Аўла, ад Пампоніі Грэцыны ды іхніх прыяцеляў. Хоць была шчэ маладая, не была нясведамай, бо сведамасць благога ў тых часах даволі рана даходзіла да дзіцячых вушэй.

Дык ведала, што ў гэным палацы чакала на яе гібель, ад якой і Пампонія яе перасцерагала. Маючы, аднак, маладую душу, неабытую з гідотай, і вызнаючы высокую навуку, прышчэпленую ёй прыбранаю маткаю, абяцала бараніцца ад тае пагубы: матцы, сабе і адначасна таму Боскаму Вучыцелю, у якога не толькі верыла, але й любіла сваім дзіцячым нявінным сэрцам за салодкую навуку, за ахвярную горкую смерць і за хвалу згробуўстання.

Была пэўная, што цяпер ужо ні Аўл, ні Пампонія Грэцына не будуць адказваць за ейныя ўчынкі, дык думала, ці не лепш будзе супрацівіцца й не йсці на банкет. З аднаго боку страх і трывога адзываліся ў ёйнай душы, а з другога радзілася ахвота паказання адвагі, вытрываласці мучаніцкай. Адыж Боскі Вучыцель так казаў. Адыж сам даў прыклад. Дый Пампонія расказвала ёй, што гарачэйшыя вызнавальнікі цэлаю душою жадаюць мучаніцкае нагоды й просяць яе. І Лігію, як была шчэ ў Аўлаў, часамі апаноўвала такая ахвота. Уяўляла сябе мучаніцай з ранамі ў руках і нагах, бы снег белай, прыгожай засветнаю горкасцю, няслі яе анёлы ў блакіт. Такімі й падобнымі з’явамі любавалася ейная ўява. Было ў гэтым шмат дзіцячых летуценняў, але крыху й самаўпадобы, за якую ганіла яе Пампонія. Цяпер жа, калі супраціў цэзаравай волі мог пацягнуць за сабою страшэнную кару і калі мары маглі стацца рэчаіснасцяй, да захопных уяваў і ўпадобаў далучылася яшчэ са страхам змяшаная нейкая цікавасць: як яе абвінавацяць ды якія пакуты ёй прысудзяць.

І так хісталася ейная паўдзіцячая шчэ душа на два бакі. Але Актэ, даведаўшыся аб гэтых хістаннях, глянула на яе з такім здзіўленнем, як бы заўважыла ў ёй гарачку. Цэзару думаеш працівіцца? Сцягнуць ад першае хвіліны ягоны гнеў? На гэта трэба быць горкім дзіцянём, няведаючым, што гаворыць. З ейных слоў вынікае, што яна не ёсць закладніцай, але звычайнай, забытай праз свой народ, дзяўчынай. Не бароніць яе ніякае права народаў, а нат каб і бараніла, то ў цэзара хопіць магутнасці, каб яго ў гневе стаптаць.

Падабалася цэзару яе ўзяць, і ад тае пары распараджаецца ёю. Ад гэнай пары ёсць на ягонай волі, над якою няма іншае.

— Так, — талкавала далей Актэ, — і я чытала лісты Паўла з Тарсу, і я ведаю, што ёсць Бог над зямлёю, ёсць Сын Божы, што згробуўстаў, але на зямлі ёсць толькі цэзар. Памятай аб гэтым, Лігія. Ведаю таксама, што вера твая не дазволіць табе быць тым, чым я была, і што вам, як стоікам, аб якіх расказваў мне Эпіктэт, калі давядзецца выбіраць бессаромнасць і смерць, можна толькі смерць выбраць. Але ці ты ведаеш, што цябе чакае? Няўжо не чула пра дачку Сэяна, якая, шчэ дзіцянём будучы, мусіла на загад Тыбэрыя, для датрымання права, забараняючага караць дзявіц смерцяй, перажыць ганьбу перад смерцяй? Лігія, Лігія, не дражні цэзара! Калі прыйдзе вырашальная хвіліна, калі мусіцьмеш выбіраць ганьбу або смерць, дык зробіш, як табе твая праўда скажа, але не шукай згубы самахоць ды не дражні абы-чым так страшнага зямнога бога!