Актэ гаварыла з вялікай ласкавасцяй ды чуласцяй, а маючы з нараджэння прыкараткі зрок, прысунула бліжэй свой салодкі твар да твару Лігіі, як бы манячыся спраўдзіць, якое ейныя словы зрабілі ўражанне.
А Лігія, закінуўшы па-дзіцячаму даверліва ёй на шыю рукі, сказала: — Добрая ты, Актэ.
Актэ, заахвочаная пахвалою й даверам, прытуліла яе да сэрца і, вызваліўшыся з ейных ручонак, адказала: — Маё шчасце мінула, і радасць мінула, але я не злую.
Пасля гэтага пачала хадзіць хуткімі крокамі па хаце, як бы сама да сябе прыгаворваць: — Не! І ён не быў ліхім. Ён сам думаў тады, што ёсць добры. Я найлепш гэта ведаю. Гэта ўсё прыйшло пазней… як пакінуў кахаць… Гэта іншыя зрабілі яго такім, як цяпер, гэта іншыя — і Папея!
І вочы яе заплылі слязьмі. Лігія перш вадзіла за ёю сваімі блакітнымі вачыма, пасля кажа: — Табе шкада яго, Актэ?
— Шкада! — глуха адказала.
Ды зноў пачала хадзіць са сціснутымі, як бы ад болю, рукамі ды бязрадным абліччам.
А Лігія нясмела пытала далей: — Ты яшчэ любіш яго, Актэ?
— Люблю… Пазней дадала: — Яго ніхто, апрача мяне, не любіць… Настала маўчанне, падчас якога намагалася супакоіць раскалыханую ўспамінамі душу, і калі на твары зноў загасціў ціхі сум, сказала: — Гаворым аб табе, Лігія. Нават і не думай супраціўляцца цэзару. Гэта было б адчаем. Урэшце, супакойся. Ведаю добра гэты дом і думаю, з боку цэзара нічога табе не пагражае. Калі б Нэрон загадаў цябе забраць для сябе, не прывялі б цябе на Палатын. Тут валадарыць Папея, а Нэрон ад тае пары, як нарадзіла яму дачку, шчэ больш паддаецца ейнай уладзе… Не. Нэрон, праўда, загадаў, каб ты была на банкеце, але не бачыў цябе дагэтуль, не пытаў пра цябе, дык яму пра цябе не расходзіцца. Можа, адабраў цябе ад Аўла й Пампоніі толькі праз злосць да іх… Мне пісаў Пятроні, каб апекавалася табою, але пісала й Пампонія, дык хіба згаварыліся з сабою. Можа, ён зрабіў гэта дзеля ейнае просьбы. Калі так ёсць, калі і ён заапякуецца табою, нічога табе не пагражае, і хто ведае, ці не нагаворыць Нэрона, каб аддаў цябе дамоў. Не ведаю, ці Нэрон надта яго любіць, але ведаю, што рэдка калі асмяляецца яму пярэчыць.
— Ах, Актэ! — адказвае Лігія. — Пятроні перад гэтым быў у нас, і маці мая была пераканана, што Нэрон зажадаў мяне праз яго намову.
— Гэта было б дрэнна, — адцеміла Актэ.
Але, надумаўшыся, гаварыла далей: — Можа, Пятроні на якой вячэры выгаварыўся ненарокам перад Нэронам, што ў Аўлаў жыве закладніца лігаў, і Нэрон, прагавіты на сваю ўладу, зажадаў цябе толькі таму, што закладнікі належаць да цэзара. Дый ён не любіць Аўла й Пампоніі… Не! Пятроні дзеля свае захцеванкі не адбіраў цябе гэткім спосабам… Не ведаю, ці Пятроні лепшы за тых, што акружаюць цэзара, але ёсць іншы… Адыж можа апрача яго знойдзецца ж каго іншага, хто за цябе заступіўся б. Ці ў Аўлаў не пазнала каго з блізкіх цэзара?
— Спатыкала Вэспасыяна й Тытуса.
— Цэзар іх не любіць.
— І Сэнэку.
— Даволі, каб Сэнэка што параіў, то Нэрон зробіць наадварот.
Яснае аблічча Лігіі пачырванела.
— І Вініція… — Не ведаю яго.
— Гэта Пятроніевы сваяк, што вярнуўся нядаўна з Арменіі… — Ці думаеш, Нэрон рад яму?
— Вініція ўсе любяць.
— І захацеў бы заступіцца за цябе?
— Так.
Актэ чула ўсміхнулася й сказала: — Дык напэўна яго на банкеце спаткаеш. Быць на ім мусіш насамперш таму, што мусіш… Толькі такое дзіцянё, як ты, магло б інакш думаць. Па-другое, калі хочаш вярнуцца да Аўлаў, мецьмеш нагоду папрасіць Пятронія й Вініція, каб сваімі ўплывамі выпрасілі для цябе права павароту. Каб тут яны былі абодва, сказалі б табе тое, што і я: было б адчайнай злыбядой спрабаваць упірацца.
Цэзар мог бы мо не дагледзець твае адсутнасці, але калі б зацеміў і ўспомніў, што ты зламала ягоную волю, не было б ужо для цябе ратунку. Хадзі, Лігія… Ці чуеш гоман у доме? Сонца зніжаецца, і госці зараз пачнуць збірацца.
— Праўду кажаш, Актэ, — вырашае Лігія, — пайду за тваёй радай.
Колькі ў гэтай дэцызыі было жадання спаткацца з Вініціем і Пятроніем, колькі жаночай цікавасці, каб раз у жыцці пабачыць такі банкет, а на ім цэзара, двор, слаўную Папею ды іншыя красуні і ўвесь той нечуваны сплендор, пра які цуды расказвалі ў Рыме, сама Лігія не магла расцеміць. Але Актэ мела рацыю, дзяўчына гэта ведала добра. Трэба было йсці, і калі мус ды проста розум падмацавалі пакусу, перастала вагацца.
Актэ завяла яе тады да свайго ўнктуарыюма, каб прыхарашыцца, а хоць у цэзара багата было нявольніц, дый Актэ іх даволі мела для асабістае прыслугі, то праз спагаду да дзяўчыны, краса й нявіннасць якое хапілі яе за сэрца, вырашыла ўбраць яе сама. І зараз паказалася, што ў маладое грэчанкі, паміма ейнае журлівасці й лектуры лістоў Паўла з Тарсу, уцалела шчэ многа гэлінскае душы, да якое краса цела прамаўляла мацней, чым усё на свеце. Распрануўшы Лігію, ахапіўшы вокам ейную фігуру, лёгкую, гладкую, ну проста вылітую з перламутру й ружы, аж крыкнула ад захопнага подзіву і, адступіўшы некалькі крокаў, песціла замілаваным вокам гэную чароўную постаць вясны.