Выбрать главу

— Лігія! — адазвалася ўрэшце. — Ты ж у сто разоў прыгажэйшая за Папею!

Але дзяўчына, узгадаваная ў суровым доме Пампоніі, дзе сціпласць забавязвала жанчын, нат калі былі сам-насам толькі, — стаяла цудная, бы цудны сон, гарманійная, моў твор Праксытэлеса ці як песня; але стрывожаная, ад сарамлівасці румяная, стуліўшы калені, рукамі засланяючы грудкі й спусціўшы вочанькі. Раптам падняла рашучым рухам рукі, выняла шпількі з валасоў і ў адной хвіліне, сцяпянуўшы галавою, моў плашчом, пакрылася імі.

Актэ, падыйшоўшы й дакрануўшыся да ейных цёмных локаў, далей захаплялася: — Ах, што за валасы!.. Не трэ ім залатое пудры, яны самі на закрутках залацяцца… Ледзь дадам хіба толькі ім залатога полыску, але лёгка, лягонька, каб прасвятлялі іх касулькі… Чароўны, не йначай, ваш край Лігаў, дзе такія чаруні родзяцца!

— Я не памятаю яго, — адказала Лігія, — толькі расказваў Урсус, што ў нас лясы, лясы і лясы.

— А ў лясох кветкі цвітуць, — дасказала Актэ, мачаючы далоні ў вазе з вервенай ды змочваючы ёю валасы Лігіі.

Скончыўшы гэта, пачала далікатна намашчаць усё ейнае цела арабскімі алейкамі, пасля атуліла яе залацістаю мяккаю тунікай без рукавоў, на якую дасць потым снежна-белы пеплюм. Але шчэ трэ было ўчасаць валасы, дык ахінула яе тым часам шырокай хусцінай, так званай «сынтэсіс», і, пасадзіўшы на крэсле, аддала яе на хвіліну нявольніцам, наглядаючы часанне здалёк. Дзве нявольніцы пачалі адначасна накладаць на ножанькі Лігіі белыя пурпураю гафтаваныя чаравічкі, барсаючы іх накрыж тасьмамі да алебастравых костак.

Калі часанне было скончана, надзелі на яе пеплюм з уложанымі стройнымі хвалдамі, тады Актэ, прыпяўшы ёй перлы на шыі, пазалаціўшы лочкі, загадала прыбіраць сябе самую, водзячы цэлы час захопленымі вачыма за Лігіяй.

Хутка сама была гатова, і як перад галоўнаю брамай пачалі паказвацца першыя лектыкі, увайшлі абедзве ў бакавы крыптапортык, з якога відаць была галоўная брама, галярэі й панадворак усярэдзіне, акружаны калюмнадаю з нумідыйскага мармуру.

Штораз болей праходзіла людзей пад высокім люкам брамы, над якою стройная квадрыга Лізвыяша казаў бы ўносіла ў паветра Апалона й Дыяну.

Пышны від ачараваў Лігію, аб якім скромны дом Аўла не мог ёй даць найменшага паняцця. Была гэна хвіліна заходзячага сонца, і апошнія касулі ягоныя азаралі жоўты нумідыйскі мармур калюмнаў, што гарэлі золатам у гэным бляску ды пераліваліся ружавою. Між калюмнамі, вобак белых статуяў Данаід ды іншых багоў і герояў, плыла рака людзей — мужчын, жанчын, — падобных да гэтых статуяў, бо ўдрапаваных у тогі, пеплюмы і столы, ападаючыя стройна мяккімі хвандамі да зямлі, а на іх дагасалі водбліскі заходзячага сонца. Велізарны, з асветленай шчэ галавою, Апалон ад грудзей быў ужо ў ценю калюмны, паглядаў згары на гэную грамаду. Актэ паказвала Лігіі сенатараў у шырока аблямованых тогах з паўмесяцамі на абутку, і вершнікаў, і знакамітых актораў, і рымскіх жанчын, убраных па-рымску, па-грэцку або ў фантастычныя ўсходнія строі, з валасамі, уложанымі ў вежу, піраміды, або зачэсаных, моў багіні, гладка ды прыстроеных аднізу ў кветкі. Многа мужчын і кабет Актэ называла паіменна, дадаючы да імёнаў кароткія й часамі страшныя гісторыі, ад якіх Лігія праймалася жахам, подзівам, здумленнем. Быў гэта для яе дзівосны свет, прыгажосцю якога ўпаяліся ейныя вочы, але супярэчнасцяў ягоных не мог зразумець ейны дзявочы розум. У гэных зарніцах на небе, у гэных радох непарушных калюмнаў, уцякаючых у далячынь, і ў тых людзях, падобных да статуяў, быў нейкі вялікі супакой; здавалася, што сярод гэных просталінійных мармураў павінны быць бестурботныя, шчаслівыя людзі-паўбогі, тым часам ціхі голас Актэ адкрываў паступова штораз іншую страшную тайніцу і гэтага палацу, і гэтых людзей. Вунь там далёка відаць крыптапортык, на калюмнах якога й на пасадцы чырваняцца шчэ крывавыя плямы, якімі аблюзгаў белыя мармуры Калігула, забіты нажом Касія Хрэі; там замардавана ягоную жонку; там дзіцянё разбілі аб каменні; там, пад гэным крылом, ёсць падзямелле, у якім з голаду грыз рукі Друз-малодшы; там атруцілі старэйшага; там віўся ад жаху Гэмэль, там з канвульсіяў Клаўдый, там Германік. Усюды сцены гэтыя чулі енкі й стогны канаючых, а тыя людзі, што спяшаюцца цяпер на банкет у тогах, у краскавых туніках, у кветках і кляйнотах, — гэта, можа, заўтрашнія асуджэнцы; можа, не на адным твары жах прыкрываецца смехам; можа, гарачка, жарсць і зайздрасць раз’ядаюць сэрцы гэтых напазор бестурботных паўбагоў.