Вініць талкаваў ёй, што аб вывязенні яе даведаўся ад самога Аўла. Чаму яна тутака — не ведае. Цэзар ні перад кім не тлумачыцца з сваіх паступкаў і загадаў. Аднак жа хай яна не баіцца. Ён бо, Вініць, пры ёй будзе. Лепей бы страціў вочы, чым яе спрад вачэй, лепей бы аддаў жыццё, чым ад яе аддаліцца. Яна ёсць ягонай душой, дык пільнавацьме яе, як уласнае душы. Збудуе ёй у сваім доме алтар, моў багіньцы, на якім кадзіцьме ёй мыраю, алоэзам, а вясною — пралескамі й цветам яблыні… А калі баіцца цэзаравага дому, дык прыракае ёй, што ў гэным доме яна не будзе.
А хоць гаварыў жартаўліва й часамі падхлушваў, у голасе ягоным вычувалася праўда, почувы бо ягоныя былі праўдзівымі. Авалодвала ім шчырая літасць, і словы прыліпалі да ягоных вушэй так, што калі пачала дзякаваць яму ды запэўніваць аб удзячнасці й міласці Пампоніі за дабрату яму, што хіба ніколі ў жыцці не здолеў бы адмовіць ейнай просьбе, сэрца ў ім расплывалася.
Краса ейная ўпойвала яго почувы, будзіліся пажаданні, але адначасна пабойваўся чымся зняважыць гэтае боскае стварэнне; з’яўлялася непаўстрыманая ахвота гутаркі пра ейную красу, пра свой подзіў, і, карыстаючы з банкетнага гоману, прысунуўся да яе бліжэй ды пачаў шаптаць салодкія любошчы — сардэчныя, мілагучныя, упаяючыя, бы віно. Ды ўпаіў жа яе. Паміж чужых тут выдаваўся ёй штораз бліжэйшым, штораз мілейшым, шчырэйшым.
Супакойваў яе, абяцаў вырваць з дому цэзара; прыракаў служыць і апекавацца ёю. Калісь у Аўлаў гутарыў з ёю толькі агульна пра каханне й шчасце, якое даць яно можа, цяпер жа прызнаваўся ёй адкрыта, што любіць яе, што яна яму наймілейшая ды найдаражэйшая.
Лігія першы раз чула такія словы з мужчынскіх вуснаў, і чым больш слухала, тым больш уяўляла сабе, што нешта ў ёй будзіцца, бы ад сну, што падпальвае ейнае нейкае шчасце, у якім бязмерная радасць мяшаецца з бязмернай трывогай. Загарэліся шчочкі, затрапятала сэрца, вусны расхіліліся бы з подзіву. Баялася гэных слоў, а ні за што не хацела ўраніць аніводнага з іх. То спушчала, то падымала на Вініція вочанькі іскрыстыя, баязлівыя, пытаючыя, казаў бы — просячыя: «Гавары яшчэ!» Гоман, музыка, пах кветак ды водар арабскага кадзідла пачалі зноў адураць яе. Рымскі абычай вымагаў пры стале на банкетах выцягацца наўзлокатку, але дома Лігія займала мейсца між Пампоніяй і малым Аўлам, тут жа ляжаў вобак яе Вініць, малады, урадлівы, раскаханы, гарачы, дык рабілася ёй сорамна, але й раскошна. Авалодвала ёю нейкая салодкая знямога, млоснасць і самазабыццё, бы які раскошны сон яе марыў.
Але й на яго пачала ейная блізкасць дзеяць. Твар збялеў, ноздры хадзілі, бы ў каня арабскага. Відаць, і ягонае сэрца скакала пад шкаратнаю тунікай, бо зяхаў прыспешна, а сказы заміралі яму ў вуснах. І ён таксама першы раз быў так пры ёй. Думкі яму памутнелі, у жылах адчуваў полымя, якое надарэмна натужваўся гасіць віном. Не віно, але ейны цудны твар, яе нагія ручанькі ды дзявочыя грудкі, хвалюючыя пад тунікай, і ейная постаць, атуленая белымі хвандамі пеплюма, упаялі яго штораз больш. Урэшце не ўсцерпеў, абняў яе руку вышэй костачкі, як было ўжо раз у Аўлаў, і, цягнучы яе да сябе, пачаў шаптаць дрыжачымі губамі: — Я цябе люблю, Каліна… боская мая!..
— Марк, пусці, — бароніцца Лігія.
А ён з вачыма памутнелымі далей: — Багіня мая!.. Пакахай мяне!..
Нараз адзываецца голас Актэ з другога боку Лігіі: — Цэзар паглядае на вас.
Вініція парвала наглая злосць і на цэзара, і на Актэ. Словы бо ейныя знішчылі чар упаення. Юнаку нат і спагадны голас выдаваўся дакукаю, думаў бо, што Актэ манілася знарок перарваць ім гутарку. Дык, падняўшыся ды акінуўшы вокам экснявольніцу з-за плячэй Лігіі, цыкнуў: — Кажуць, што слепнеш, дык як жа можаш яго дагледзець?
А тая бы з сумам адказвае: — Аднак жа яго бачу… Ён таксама блізарукі й абсэрвуе вас праз шкло.
Усё, што рабіў Нэрон, будзіла чуйнасць нат і найбліжэйшых ягоных, і Вініць устрывожыўся й асеў — ды пачаў нязначна кідаць вокам у бок цэзара.
Лігія, якая напачатку банкету бачыла яго, ад нясмеласці, бы праз ймглу, а пасля, захопленая Вініціем, не глядзела на цэзара зусім — цяпер таксама звярнула да яго цікаўныя й адначасна трывожныя вочы.
Актэ праўду казала. Цэзар, нахіліўшыся над сталом ды прыжмурыўшы адно вока, узброенае круглым шмарагдам, глядзеў на іх. На хвіліну зрок ягоны спаткаўся з вачыма Лігіі, і сэрца дзяўчыны сціснуў жах. Калі за дзіцячых гадоў бывала ў сіцылійскай вёсцы Аўла, старая няня, егіпская нявольніца, расказвала ёй аб смоках з горскіх нетраў, вось жа цяперака здалося ёй: глядзяць на яе зекра такога смока. Хапіла за руку Вініція, бы спалоханае дзіцянё, а ў галаву пачалі налазіць раптоўна спагудныя з’явы. Дык гэта ён? Той страшны ды ўсёмагутны? Не бачыла яго ніколі, інакш сабе яго ўяўляла. Імагінавала сабе нейкае людаедскае аблічча з закамянелаю злосцю; тым часам тут угледзела вялізную, асаджаную на грубезным карку галаву, страшную, праўда, але больш смешную, чым жахлівую, падобную бо здалёк да галавы дзіцячае. Туніка колеру аметыставага, забароненага звычайным смяротнікам, кідала сіняваты водблеск на ягоны шырокі кароткі твар. Валасы меў цёмныя, модна ўложаныя на манер Атона ў чатыры рады пукляў. Барады не насіў, нядаўна бо ахвяраваў яе Ёвішу, за гэта ўвесь Рым складаў яму падзяку, хоць паціху шаптаў сабе, што ахвяраваў яе з прычыны рудога колеру, якім абрастаў увесь ягоны род. На чале ягоным, моцна выступаючым над бровамі, было, аднак, штось алімпійскае. У насупленых бровах знаць было сведамасць вялікамагутнасці; але пад гэным чалом паўбога мясціўся твар малпы, п’яніцы й камедыянта, твар пустагона, поўны ўсялякае жады, наліты, міма маладога веку, салам, твар хваравіты й плюгавы. Лігіі выдаваўся ён агідным, зладумным.