Выбрать главу

Пасля палажыў шмарагд і перастаў глядзець на яе. Тады ўгледзела ягоныя пукатыя вочы, прыжмураныя ад лішняга святла, шклястыя, бязмысныя, падобныя да вачэй мерцвякоў.

Абярнуўшыся да Пятронія, спытаў: — Ці гэта тая закладніца, у якую закахаўся Вініць?

— Тая, — адказаў Пятроні.

— Як завецца ейны народ?

— Лігі.

— Вініць уважае яе за красуню?

— Убяры ў жаночы пеплюм спарахнелы пень аліўны, дык Вініць назаве яго прыгожым. Але на тваім твары, о знаўца незраўнаны, прысуд на яе ўжо чытаю. Не патрабуеш яго й аглашаць. Так ёсць. Засухая! Хударлявая! Іставетная макаўка на тоненькім сцібурыку; а ты ж, боскі эстэта, цэніш у жанчыне сам сцібур, і твая праўда — у тры, у чатыры столкі праўда! Самы тварок яшчэ нічога не значыць. Я многа пераняў ад цябе, аднак так меткага вока яшчэ не маю… І гатоў пайсці ў заклад з Туліем Сэнэцыем на ягоную каханку, што хоць цяжка пры банкеце, калі ўсе ляжаць, мераць стан вокам, ты ўжо сабе адмераў: «Завузкая ў паясніцы».

— Завузкая ў клубох, — пацвердзіў з прыжмураным вокам Нэрон.

Па губах Пятронія прабег ледзь прыкметны смяшок, а Тулій Сэнэцый, які заняты быў дасюль чаўпнёю з Вестам, расказваючым пра свае сны, зварочваецца да Пятронія і, хоць не ведаў, у чым рэч, кажа: — Махлюеш! Я веру цэзару.

— Добра, — адказаў Пятроні. — Я цвярдзіў іменна, што ты маеш крошку розуму, а цэзар цвердзіць, што ты асёл без дамешку… — Habet![22] — кажа Нэрон, смяючыся й звяртаючы ўніз вялікі палец рукі, як гэта робіцца ў цырках на пагібель гладыятару, які атрымаў удар ды меў быць дабіты.

Вестын жа, думаючы, што йдзе гутарка ўсё яшчэ пра сны, адзываецца: — А я веру ў сны, і Сэнэка мне калісь казаў, што ён таксама верыць.

— Снілася мне апошняе ночы, быццам сталася я вясталкаю, — умяшалася, перагінаючыся праз стол, Кальвія Крыспініла.

У адказ на гэта Нэрон пачаў пляскаць у далоні, іншыя паўтаралі тое самае, і за хвіліну навакол разлягаліся ладкі, Крыспініла бо, колькіразовая разводка, была ведамай з свае нечуванае распусты ў цэлым Рыме.

Але яна, не засаромеўшыся ані крошкі, казала: — І што ж? Усе яны старыя й брыдкія. Адна Рубрыя да людзей падобна, і так было б нас дзве, хоць і Рубрыя мае рабаценне летам.

— Дазволь, аднак, прачыстая Кальвія, — кажа Пятроні, — вясталкаю магла ты стацца хіба толькі праз сон.

— А калі цэзар загадае?

— Уверыў бы, што збываюцца сны нат найдзівачнейшыя.

— Бо й спраўджаюцца, — дакінуў Вестын. — Разумею людзей, якія не вераць у багоў, але як можна не верыць у сны?

— А варожбы? — спытаў Нэрон. — Варажылі мне калісь, што Рым перастане існаваць, а я панавацьму над цэлым Усходам.

— Сны і варожбы — гэта мае з сабою сувязь, — талкуе далей Вестын. — Раз адзін праконсул, вялікі недаверак, паслаў нявольніка з апячатаным лістом да святыні Мопса, якога не дазволіў адкрываць, каб зверыцца, ці бажок патрапіць адказаць на пытанне, пастаўленае ў лісце. Нявольнік праспаў у святыні, каб прысніць варожбны сон, пасля вярнуўся й кажа так: сніўся мне ясны, як сонца, юнак, каторы вымавіў мне адно толькі слова: «Чорнага».

Праконсул, пачуўшы гэта, збялеў і, звяртаючыся да сваіх гасцей, роўных яму недаверкаў, сказаў: «Ці ведаеце, што было ў лісце?»

вернуться

22

Атрымаў (балазе) (лац.)