Выбрать главу

І пачаў пяяць, а вярней — спешна й рытмічна дэклямаваць свой гімн у гонар Венус пры водгаласе дзвёх лютняў. Ані голас, хоць крыху мутны, ані верш не быў благі, дык бедную Лігію пачало зноў турбаваць сумленне, гімн бо, паміма велічання нячыстае паганскае Венеры, выдаваўся аж надта прыгожым; дый сам цэзар з сваім лаўровым вянком на галаве і ўзнесенымі вачыма выглядаў менш страшным і агідным, а дастайнейшым, чым на пачатку банкету.

Бяседнікі адазваліся громам воплескаў. Водгукі «О нябесны голасе!» разлягаліся навакол. Некаторыя з жанчын застывалі ў позе з паднятымі рукамі на знак захаплення нат пасля спеву, іншыя выціралі слёзы. Ва ўсёй залі загуло, бы ў вуллі. Папея, накланіўшы сваю залатавалосую галоўку, прытуліла да вуснаў руку Нэрона і трымала яе доўга маўкліва. А малады грэк Піфагор, цуднае красы юнак, з якім пазней паўпрытомны ўжо Нэрон загадаў фламінам даць сабе вянец, цэрыманіяльна ўпаў перад ім на калені. Але Нэрон непарушна глядзеў на Пятронія, пахвала якога перадусім была жаданай, дык той азваўся: — Арфей жаўцее з зайздрасці горш, чым прысутны тут музыка Люкан, а што да верша, дык шкада, што не горшыя, бо можа б льго было тады знайсці на іх пахвалу прыдатнейшыя словы.

Люкан ані думаў за гэта гневацца, наадварот, кінуў вокам на Пятронія з удзячнасцю і, нібыта нахмурыўшыся, пачаў мармытаць: — Праклятая доля судзіла мне жыць адначасна з такім паэтам, астаўся б чалавек у людзей у памяці ды на Парнасе, а так знікне, бы тая газоўка пры сонцы.

Пятроні, аднак, які меў годную подзіву памяць, пачаў паўтараць уступы з гімну, цытаваць асобныя вершы, адзначаць ды разбіраць удалейшыя сказы. Люкан, быццам забыўшыся аб зайздрасці з прычыны чару паэзіі, патураў ягоным словам ды захапленням. Воблік Нэрона заяснеў адчуццём пустое ды глупае раскошы. Сам падсуляў ім вершы быццам прыгажэйшыя, а ўрэшце паддаваў пацехі й адвагі быццам сумнаму Люкану, бо хоць чалавек тым астаецца, кім уродзіцца, то аднакава ж чэсць, аддаваная праз людзей Ёвішу, не выключае чэсці й іншым багом.

Потым устаў, каб адвесці Папею, якая сапраўды недамагала й хацела адыйсці. Бяседнікам усё ж дазволіў садзіцца, пацяшаючы, што неўзабавак вернецца. І праўда, цераз момант вярнуўся, каб у адураючым кадзідламі дыме любавацца далейшымі відовішчамі, якія ён сам, Пятроні або Тыгэлін прыгатавалі на банкет.

Зноў чыталі вершы, слухалі дыялогаў, у якіх пустая чаўпня заступала разумны гумар. Пасля слаўны мімік Парыс прадстаўляў прыгоды Іёны, Інахавай дачкі. Гасцям, асабліва Лігіі, не прывыкшым да гэных відовішчаў, здавалася ўсё цудамі ды чарамі. Парыс рухам цела й рук вытвараў такія рэчы, якія, казаў бы, у танцу выказаць было немагчыма. Далоні ягоныя замуцілі паветра, наганяючы быццам святлістую хмару, жывую, поўную дрыготаў, любошчаў, ахапляючую, млеючы, дзявочы стан уздрыганы спазмамі раскошы. Гэна быў жывы абраз, не танец, абраз ясны, адсланяючы тайніцы кахання, чароўны бессаромны абраз. А калі на канцы яго ўвайшлі карыбанты й пачалі пад музыку цытраў, флейтаў, цымбалаў ды бубянцоў з сірыйскімі малодухнамі бахічны танец, поўны дзікага вераску й дзічэйшае шчэ распусты — Лігіі здалося, што паліць яе жывы агонь, што пярун зара ўдарыць у гэны дом, або скляпенне заваліцца на галовы банкетнікаў… Але з залатога неваду, распятага пад скляпеннем, падалі толькі ружы, а паўп’яны Вініць шаптаў ёй: — Спаткаў я цябе ў Аўлаў пры вадаліве й пакахаў. Світала раніцаю, і ты думала: ніхто не бачыць. Я, аднак, цябе бачыў… І бачу цябе такою дасяння, хоць закрывае мне цябе гэты пеплюм. Скінь пеплюм, як Крыспініла. Бачыш! Багі й людзі шукаюць кахання. Няма апроч яго на свеце нічога! Прытулі галоўку мне да грудзей ды заплюшч вочанькі.

А ёй сэрца аж выскаквала. Здавалася ёй, ляціць у нейкую пропасць, а той Вініць, што нядаўна выдаваўся ёй так блізкім і пэўным, замест ратаваць, цягне яе туды. Парваў жаль на яго. Пачала зноў баяцца і таго банкету, і сябе самое. Нейкі голас, моў Пампоніі, чула ў душы: «Лігія, ратуйся!» — але штось падказвала ёй адначасна, што быццам ужо запозна, ды каго авеела падобнае полымя, хто ўсе дзеі падобнага банкету бачыў, у кім сэрца так скакала, як у ёй, слухаючы словы Вініція, ды каго праймалі такія дрыготы, як праймалі яе падчас прытуляння — той ужо прапаў, той ужо без ратунку. Пачало ёй рабіцца млосна. Часамі здавалася ёй, што абамлее, і пасля станецца нешта страшнае. Ведала, што нікому не можна ўстаць, пакуль не падымецца цэзар, але без яго яна ўжо ўстаць не ўздужае.