Выбрать главу

Тым часам да канца банкету было яшчэ далёка. Нявольнікі падносілі ўсцяж новыя стравы, напаўнялі кружы віном, а перад сталом, устаўленым у форме падковы, з’явіліся два сілачы, каб пацешыць гасцей баруканнем.

І ўміг пачалі барукацца. Магутныя, блішчастыя ад алівы мускулы склубіліся ў вадну брылу, аж косці пачалі трашчаць ды скрыгітаць сківіцы. Час ад часу чутны былі глухія ўдары іхніх ступоў аб прытрэсеную шафранам падлогу, то зноў застывалі ў заядлай скамянеласці, моў выкананая з каменя мастацкая група. Вочы рымлян з любасцю слядзілі йгру напружаных хрыбтоў, лыдак і плечукоў. Ды не доўга трывала змаганне, бо настаўнік школы гладыятараў Кратон нездарма лічыўся наймацнейшым у дзяржаве чалавекам. Праціўнік ягоны хутка зазяхаўся, пачаў храпці, потым счарнеў на твары, урэшце хлыснуў праз рот крывёю і абвіс.

Громы воплескаў укаранавалі змаганне, а Кратон, паставіўшы ступу на плячах пакананага ды ўзяўшыся пад бокі з відам трыўмфатара, вадзіў вокам па залі.

Увайшлі пасля гэтага прадстаўляцелі звярат і галасоў іхніх, балаўнікі й блазны, але на іх мала ўжо звярталі ўвагу, віно бо ўжо марочыла вочы глядзельнікаў. Банкет паступова ператвараўся ў прайдацкую папойку. Сірыйскія баханткі палезлі за сталы. Музыка змянілася ў бязладны дзікі бразг цытраў, лютняў, армянскіх цымбалаў, егіпскіх цытраў ды труб, а хто жадаў пачаць гутарку, дык выў на музыкантаў, каб ішлі прэч. Паветра, перасычанае пахам кветак, водарам алівы, якою прыгожыя дзетанькі скраплялі бяседнікам ногі, бо паветра, насычанае людскім потам і шафранам, пачынала аж душыць. Прыцьміліся лямпы, пакрывіліся вянкі на галовах, твары пабляднелі ды папацелі.

Вітэлі пакаціўся пад стол. Нігідыя, абнажыўшыся да паясніцы, прытуліла сваю дзяцінаватую галаву да грудзей Люкана, а той, не менш п’яны, пачаў здзьмухваць з ейных валасоў залатую пудру, вывернуўшы з уцешлівасці вочы ўгару. Вестын упорыста паўтараў дзесяты мо ўжо раз адказ Мопса на праконсулаў ліст, а Тулій, бязбожнік, трызніў, чхаючы: — Бо калі сфэра Ксэнафонэса круглая, дык такога бога, ведаеш, можна каціць перад сабой нагою, моў бочку.

На гэта Даміцый, стары шэльма і даношчык, абурыўся і з абурэння на такую чаўпню абліў сабе туніку фалернам. Ён заўсёды ў багоў верыў. Людзі кажуць: Рым згіне, ды ёсць нат такія, якія перакананы, што ўжо гіне. Пэўна!.. Але таму так дзеецца, што моладзь не мае веры, а без веры няма й цноты. Забываюць таксама й пра даўнейшыя суровыя звычаі, а нікому й у голаў не прыйдзе, што эпікурэізм не ў змозе будзе проціставіцца барбарству. Дарэмная гутарка! Ён жа каецца, што дажыў такіх часаў ды што лякарства ад маркотлівасці змушаны вось шукаць у банкетах.

Гэта вымавіўшы, прыгарнуў да сябе сірыйскую бахантку і бяззубымі губамі пачаў цалаваць яе шыю й плечы. Бачачы гэта, консул Рэгул пачаў рагатаць і, начупырыўшы прыхарошаную ў вянок лысіну, пытае: — Хто кажа, што Рым гіне?.. Дрэнь!.. Я, консул, найлепш ведаю… Videant consules!..[24] Трыццаць легіяў старожыць нашую pax romana!..[25] Тут падняў кулак ды давай крычаць на цэлую залю: — Трыццаць легіяў!.. Трыццаць легіяў!.. Ад Брытаніі да граніцы партаў!..

Але раптоўна апамятаўся і, уставіўшы ў лоб палец, паправіў: — А бадай што й трыццаць дзве… І асунуўся пад стол ды пачаў аддаваць назад языкі фламінгаў, печаныя рыжкі, марожаныя грыбы, жамяру на мёдзе, рыбу, мяса і ўсё, што еў ці піў.

Даміцыя, аднак, не супакоіла колькасць легіяў, гарантуючых рымскі мір: — Не, не! Рым прападзе, бо згінула вера й суровыя звычаі! Згіне Рым, а шкада! Жыццё бо ёсць, аднак, прыемнае, цэзар ласкавы, віно добрае… Ой, шкада, шкада!..

І, утуліўшы голаў у лапаткі сірыйскае баханткі, расплакаўся: — Што там жыццё загробнае!.. Ахілес праўду казаў, што лепш быць парабкам у падсонечным свеце, чым панаваць у кімэрыйскіх прасторах. Дый то пытанне, ці існуюць якія багі, бо ж бязвер’е губіць моладзь.

Люкан тым часам раздзьмухаў увесь пыл з валасоў Нігідыі, якая ад п’янасці заснула. Пасля зняў перавяслы зялёнае поўсці з вазаў вобак ды абкруціў імі заснуўшую, а даканаўшы гэта, рассмяяным ды пытаючым вокам вадзіў па прысутных. Потым і сам убраўся ў зелень, прыгадваючы быццам з перакананнем: — Ці ж я чалавек? Я фаўн… Пятроні не быў п’яны, затое Нэрон, які спачатку мала піў, шкадуючы свайго «нябеснага» галаска, пад канец перакідаў чару за чарай, пакуль не ўпіўся. Хацеў нат далей пяяць свае вершы, гэтым разам грэцкія, ды, на жаль, забыў іх і праз памылку запяяў песеньку Анакрэонта. Акампаніяваў яму Піфагор, Дыядор і Тэрпнас, але кінулі, бо не ўдавалася. Нэрон замест таго пачаў захапляцца, як знаўца і эстэта, чароўнаю ўрадлівасцю Піфагора ды цалаваць ягоныя рукі. Так пекныя рукі ён бачыў толькі калісь… у… некага… І, прылажыўшы далонь да мокрага чала, пачаў сабе прыпамінаць. Нараз жахнуўся: — Ага! У маці! У Агрыпіны!..

вернуться

24

Хай консулы пільнуюць!.. (лац.).

вернуться

25

Мір рымлянам!.. (лац.).