— Чаму?
І пачала прыглядацца Лігіі, як бы хацела знайсці адказ на ейным разаспаным твары. Глядзела на яе нявіннае чало, на пагодны лук броваў, на цёмныя вейкі, на расхіленыя вусны, на хвалюючыя спакойным зяханнем дзявочыя грудкі дый зноў падумала: — Якая яна іншая за мяне!
Лігія паказалася ёй цудам, нейкаю боскаю зданню, нейкай пясчункай багоў, стораз прыгажэйшай ад усіх кветак у вагародзе цэзара ды ад усіх статуяў у ягоным палацы. Але ў сэрцы грэчанкі не было зайздрасці. Наадварот, на ўспамін аб небяспеках, якія пагражалі дзяўчаці, агарнула яе літасць. Збудзілася ў ёй нейкае пачуццё маці; Лігія паказалася ёй не толькі красуняй, як сон, але адначасна й надта любай, дык, прыткнуўшы вусны да ейных цёмных валасоў, пачала іх цалаваць.
А Лігія спала спакойна, як бы дома, пад апекай Пампоніі Грэцыны, і спала даволі доўга. Мінула ўжо паўдня, калі адкрыла свае блакітныя вочанькі ды пачала здзіўлена разглядацца па кубікулюме.
Відаць, дзівілася, што не ў доме Аўлаў.
— Гэта ты, Актэ? — спытала ўрэшце, дагледзеўшы ў прыцемку твар грэчанкі.
— Я, Лігійка.
— Ці то ўжо вечар?
— Не, каток, але паўдня ўжо мінула.
— А Урсус не вярнуўся?
— Урсус не казаў, што вернецца, толькі вечарам будзе з хрысціянамі цікаваць на лектыку.
— Праўда.
Па чым выйшлі з кубікулюма і пайшлі ў лазню, дзе Актэ, выкупаўшы Лігію, завяла яе на снеданне, а пасля ў палацавы парк, дзе ніякай небяспекі не трэ было спадзявацца, бо цэзар і ягоныя бліжэйшыя прыдворнікі яшчэ спалі.
Лігія першы раз у жыцці бачыла гэны раскошны парк, поўны цыпрысаў, пініяў, дубоў, алівак і міртаў, сярод якіх бялеўся цэлы натаўп статуяў, блішчэлі спакойныя люстраныя сажалкі, квяціліся цэлыя хмызнякі ружаў, зрошаных пылам фантанаў, дзе ўвойсце ў чароўныя гроты абвіваў блюшч або вінаград, дзе на водах плавалі сярэбраныя лебедзі, а сярод статуяў і дрэваў хадзілі асвоеныя газэлі з афрыканскіх пустыняў ды рознапёрае птаства з розных старон свету.
Парк быў пусты; там-сям толькі працавалі з рыдлёўкамі ў руках нявольнікі, пяючы паўголасам песні; іншыя, якім далі хвіліну адпачынку, сядзелі над сажалкамі або ў цяні дубоў у мігатлівых касулях сонца, прадзіраючагася праз лістоту, іншыя ўрэшце зрашалі ружы ці бледналіловыя кветкі шафрану. Актэ з Лігіяй шпацыравалі даволі доўга, любуючыся чарамі агароду, і хоць думкі Лігіі былі крыху звязаныя, не магла, як дзіця, устрымацца ад цікавасці й подзіву. Прыходзіла ёй нат думка, мо калі б цэзар быў добры, то ў такіх палацах ды такім райскім парку мог бы шчаслівым быць.
Урэшце, крыху прымучаныя, селі на атуленай зеленню цыпрысаў лаўцы ды пачалі гутарыць аб тым, што найбольш ім ляжала на сэрцы: аб уцёках Лігіі.
Актэ далёка менш верыла, чым Лігія, што гэта ўдасца. Часамі здавалася ёй нат, што гэта шалёны намер, які не можа ўдацца. Чула штораз большую літасць над Лігіяй. Здавалася ёй, што ўштораз беспячней было б спрабаваць прасіць Вініція. І пачала выпытваць, як даўно знае Вініція, ды ці не думае, што даўся б мо ўпрасіць і вярнуў бы яе Пампоніі.
Але Лігія сумна запярэчыла галавою.
— Не. У Аўлаў Вініць быў іншы, вельмі добры, а ад учарашняга банкету я баюся яго і хутчэй хачу ўцячы ад яго да лігаў.
Актэ пыталася яе далей: — Аднак у Аўлаў ён быў табе мілым?
— Так, — адказала Лігія, пацвярджаючы галавою.
— Ты ўсё ж ткі ня ёсць нявольніцай, як была я, — сказала, надумаўшыся, Актэ. — Цябе Вініць мог бы ўзяць замуж. Ты ж закладніца й дачка князя лігаў. Аўлы кахаюць цябе, як родную, і я пэўная, што гатовы цябе прыняць за дачку. А Вініць мог бы цябе ўзяць, Лігія.
А Лігія ціха ды шчэ сумней адказала: — Лепш уцякаць да лігаў.
— Хочаш, Лігія, зараз пайду да Вініція, збуджу яго, калі спіць, ды скажу яму тое, што кажу табе цяпер? Так, мая дарагая, пайду да яго й скажу: «Вініць, гэта князёўна і дарагое дзіця слаўнага Аўла; калі кахаеш яе, вярні яе Аўлам, а пасля вазьмі яе замуж з іхняга дому».
А дзяўчына адказала голасам так ужо ціхім, што Актэ ледзь дачула: — Лепш да лігаў… І дзве слязіны павіслі на ейных спушчаных зрэнках. Далейшую гутарку перарваў шорах збліжаючыхся крокаў, і Актэ не паспела глянуць, хто йдзе, як перад лаўкаю паказалася Сабіна Папея з невялікім карагодам нявольніц.
Дзве з іх трымалі над ейнаю галавою пучкі страўсавых перынаў, асаджаных на залатых прутках, ды матлялі імі лягонька, засланяючы ад гарачага йшчэ вясенняга сонца сваю спадарыню, а перад ёю чорная, бы гебан, этыёпка з напучанымі грудзьмі нясла на руках дзіця, атуленае пурпураю з залатымі фрэндзлямі. Актэ й Лігія ўсталі, думалі бо, што Папея пройдзе вобак лаўкі, не звярнуўшы на іх увагі, але яна затрымалася перад імі й сказала: — Актэ, званочкі, што прышыла ікункулі[26], дрэнна прышытыя; дзіця адарвала адзін ды ўзяло ў рот; шчасце, што Ліліт упору агледзела.