Выбрать главу

Вініць ува ўсім трымаўся слоў Пятронія, які раіў яму не йсці па Лігію, толькі паслаць з цэзаравым дазволам Атацына, а самому спаткаць яе дома і прыняць з чулай міласпагаднасцяй, а нат з жэстам асаблівае чэсці.

— Учора быў ты п’яны, — вяшчаў яму. — Я бачыў цябе: абходзіўся з ёю, як камяняр з Альбанскіх гор. Не будзь лішне нахабны ды памятай: добрае віно трэба піць паволі. Ведай таксама й тое, што салодка пажадаць, але шчэ саладзей быць пажаданым.

Хрызатэміс мела на гэта свой, крыху інакшы пагляд, але Пятроні, называючы яе сваёю вясталкаю й галубкаю, пачаў ёй уталкоўваць, якая можа быць розніца між выпрактыкаваным цыркавым яздуном а хлапчанём, што першы раз садзіцца ў квадрыгу. Пасля, звярнуўшыся да Вініція, гутарыў далей: — Здабудзь ейны давер, развесялі яе, будзь для яе міласпагадным. Я не хацеў бы глядзець на сумную бяседу. Закляніся ёй Гадэсам, што аддасі яе Пампоніі, а ўжо твая справа, каб назаўтра сама хацела застацца, не вяртацца.

Пры гэтым, цыкнуўшы на Хрызатэміс, дасказаў: — Я пяты вось ужо год штодзень паступаў у такі больш-менш спосаб з гэнай палахлівай птушынай і не магу наракаць на ейную строгасць.

Хрызатэміс шлёпнула за гэта яго па плячы павіным вахляром і сказала: — Або ж не працівілася, ты, сатыр!

— З увагі на майго папярэдніка… — Або ж не прыпадаў да маіх ног?

— Каб на іх пальцы накладаць пярсцёнкі.

Хрызатэміс мімахоць зірканула на свае стопы, на пальцах бо сапраўды іскрылася каштоўнае бліскоцце, і абое з Пятроніем пачалі рагатаць. Але Вініць не слухаў іхняе спрэчкі. Сэрца яго неспакойна хвалявалася пад узорыстай шатай сірыйскага святара, у якую выстраіўся на спатканне Лігіі.

— Ужо ж хіба павінны былі выйсці з палацу, — адазваўся як бы сам да сябе.

— Павінны былі, — пацвердзіў Пятроні. — Можа, табе тым часам расказаць аб варажбе Апалонія з Тыяны або тую гісторыю Руфіна, якое не скончыў я, не помню чаму?

Але Вініція мала цікавіў Апалон з Тыяны, як і гісторыя Руфіна. Думка ягоная не адступала ад Лігіі, і хоць чуў, што прыгажэй было спаткаць яе дома, чым ісці ў ролі хапуна да палацу, а ўсё ж каяўся, што не пайшоў, хоць бы й для таго толькі, каб хутчэй пабачыцца з ёю ды сядзець пры ёй у цяні лектыкі.

Нявольнікі тым часам унеслі трыножнік, упрыгожаны галоўем трыкаў, а на ім — бронзавыя місы з вугалём, на якое пачалі пасыпаць малыя сцібуркі мырры й нарду.

— Ужо падыходзяць да Карынаў, — гарачыцца зноў Вініць.

— Ён не вытрымае, выскачыць насустрач і гатоў яшчэ з імі размінуцца, — адазвалася Хрызатэміс.

Вініць ухмыльнуўся й бязмысна адказвае: — Вытрымаю.

Але пачаў варушыць ноздрамі ды сапці. Гледзячы на гэта, Пятроні дзівіцца: — Няма ў ім філёзафа ні на адну сыстэрцыю, ніколі мусі не зраблю з гэтага сына Марса чалавека.

Вініць не вядзе нат і вухам: — Ужо на Карынах!..

А яны сапраўды завярталіся ўжо да Карынаў. Нявольнікі, так званыя лямпадарыі, ішлі наперадзе, іншыя — педысеквы — абапал лектыкі. Атацын — за лектыкай, не спушчаючы з вока паход.

Але йшлі паволі, бо лятарні ў руках нявольнікаў не надта паказвалі дарогу ў неасветленым горадзе. Дый вуліцы поблізу палацу былі бязлюдныя, рэдка сямтам з лятарняю прасоўваўся хто, але далей былі поўныя руху. З кожнага, бадай, завулка выходзіла па трох-чатырох, усе без святла, усе ў цёмным акрыцці. Некаторыя ступалі поспал з паходам, мяшаючыся з нявольнікамі, іншыя большымі грамадамі заходзілі насупраць. Некаторыя сланяліся, моў п’яныя. Часамі паход натыкаўся на такое замінішча, што лямпадарыі мусілі пакрыкваць: — Праход для крывічэснага трыбуна Марка Вініція!

Лігія бачыла праз адхіленыя фіранкі гэныя цёмныя грамады і аж калацілася. Агортвала яе то надзея, то трывога. «Гэта ён! Гэта Урсус і хрысціяне?

Станецца тое ўжо хутка, — шаптала дрыжачымі вуснамі. — О Хрысце, дапамажы! Хрысце, ратуй!»

Але Атацын, які спачатку не надта зважаў на абыдны вулічны рух, цяпер насцярожыўся. Тут было нешта нейкае. Лямпадарыі мусілі штораз часцей пакрыкваць: «Дарогу для лектыкі крывічэснага трыбуна!» З бакоў невядомыя прахадзімцы так напіралі на лектыку, што Атацын загадаў адганяць іх кіем.