Выбрать главу

Нараз падняўся наперадзе крык, светачы воміг патухлі. Каля лектыкі зрабілася сумятня і бойка. Атацын скеміў: гэта быў напад.

І, уцяміўшы гэта, атрупеў. Усе ведалі, што цэзар часта для гульні буяніць з аўгустыянамі і на Субуры, і ў іншых кварталах гораду. Ведама было, што часамі нат прыносіў з тых начных гульняў сінякі й гузы, але хто бараніўся, ішоў на смерць, хоць бы й сенатар. Дом вартаўнікоў, абавязкам якіх быў нагляд над горадам, быў не надта далёка, але старожа ў гэткіх выпадках старалася нічога не чуць і не бачыць. Ля лектыкі тым часам кіпела. Людзі пачалі змагацца, біцца, валяць ды таптаць адзін другога. Атацыну бліснула ў галаве думка: ратаваць перад усім Лігію й сябе, а рэшту пакінуць к ліхой долі. Дык, выцягнуўшы яе з лектыкі, схапіў на рукі й давай уцякаць упоцемкі.

Але Лігія пачала клікаць: — Урсус! Урсус!

Была ў белае апранута, дык лёгка было яе дагледзець. Атацын пачаў другою вольнаю рукою накідаць на яе свой плашч, як тут страшэнныя абцугі схапілі ягоны карак, а зверху нешта цяжкае грымнула па галаве.

І ён упаў, бы вол, удараны абухам перад алтаром Ёвіша.

Нявольнікі большай часткай ляжалі на зямлі або бараніліся, гопаючыся ў поцемках аб заломы муроў. На мейсцы асталася толькі пахрабустаная ў шчэпкі лектыка. Урсус імчаў Лігію ў бок Субуры, спадручнікі ягоныя беглі за ім, паволі рассыпаючыся па дарозе.

Нявольнікі пачалі збірацца ля дому Вініція й раіцца. Не смелі ўвайсці.

Пасля кароткай нарады вярнуліся на мейсца нападу, знайшлі там некалькі забітых, а між імі Атацына. Ён яшчэ сцепваўся ў смяротных канвульсіях, раптам у апошняй сільнейшай канвульсіі спруцянеў і так застыў.

Тады забралі яго і, вярнуўшыся, затрымаліся зноў перад брамаю. Трэ было, аднак, паведаміць гаспадара, што сталася.

— Гул хай паведаміць, — шапталі некалькі галасоў. — Кроў у яго плыве па твары, як і нам, дый гаспадар яго любіць. Гулу зручней, чым каму.

А германін Гул, стары нявольнік, які выняньчыў Вініція, а трапіў да яго ў спадчыне ад маткі, Пятроніевай сястры, кажа: — Я далажу, але пойдзем усе. Хай гнеў ягоны не спадзе на мяне аднаго.

Вініць зусім знецярплівіўся. Пятроні й Хрызатэміс пасміхаліся з яго, а ён бегаў сюды-туды па атрыюме, паўтараючы: — Ужо ж павінны былі быць!.. Ужо ж павінны быць! — і рваўся йсці, але гэныя абое ўстрымоўвалі яго. Нараз у сенях пачуліся крокі, і да атрыюма гуртам убеглі нявольнікі. Пасталі борзда пад сцяною, паднялі рукі ўгару ды пачалі трывожліва енчыць: — Аааа!..Аа!

Вініць прыскочыў да іх: — Дзе Лігія? — завыў страшным змененым голасам.

— Аааа!..

Тады Гул выйшаў з пакрываўленай галавою, адзываючыся хутка й жаласліва: — Во кроў, спадару! Баранілі! Во кроў, спадару, бачыце, кроў!..

Але не паспеў дакончыць, Вініць схапіў бронзавы ліхтар і адным ударам раскалоў чэрап нявольніка ды, дзеручы валасы на галаве, хроп са злосці: — Me miserum! Me miserum!

Аж счарнеў, вырачыў вочы, аж пена выступіла на вуснах.

— Розаг!!! — крыкнуў нялюдскім голасам.

— Спадару! Аааа!.. Злітуйся! — скавыталі нявольнікі.

Устаў сканфужаны Пятроні.

— Хадзем, Хрызатэміс, — кажа. — Калі хочаш глядзець на мяса, загадай адбіць краму разніка на Карынах.

І выйшаў з атрыюма, а ўва ўсім доме, расхарошаным зеленню й вырыхтаваным да банкету, пачалі незабаўна свістаць розгі ды разлягацца енкі, якія трывалі амаль да самага рання.

XI

Гэтае ночы Вініць зусім не клаўся спаць. Цераз нейкі час пасля адыходу Пятронія, калі енкі катаваных нявольнікаў не маглі суняць ані ягонага болю, ані закатнасці, сабраў грамаду іншых слугаў і на чале іх, позна ўжо ноччу, кінуўся на пошукі Лігіі. Аббегаў квартал Эсквілінскі, пасля Субуру, Вікус Сцэлератус ды ўсе прымежныя завулкі. Потым абыйшоў Капітоль, праз мост Фабрыцыя лучыў на абток ды перабегаў частку гораду затыбранскую. Але беганіна гэтая была бязмэтная, сам бо не меў надзеі знайсці Лігію, і калі шукаў яе, дык таму толькі, каб чым-небудзь запоўніць страшную ноч. І вярнуўся дамоў аж на світанні, калі ў горадзе пачалі з’яўляцца вазы і мулы гандляроў агароднінай, ды пекары адчынялі ўжо крамы. Вярнуўшыся, загадаў пахаваць цела Гула, якога ніхто не смеў дагэтуль крануць, пасля тых нявольнікаў, у якіх адабрана Лігія, загадаў выслаць на вёску да эргастулаў, дзе праца на плантацыях была карай, страшнейшай за смерць, бадай. У канцы кінуўся на пасланую лаву ў атрыюме ды пачаў хаатычна раздумоўваць, якім чынам знойдзе ды забярэ Лігію.