Ну а такія разыходжанні ў напісанні назваў, як Гішпанія — Іспанія, сцыты — скіфы і г. д., выкліканы папросту суб’ектывізмам кожнага народу ў асэнсаванні пэўных гукавых спалучэнняў ды яшчэ ў рознай графічнай афарбоўцы, дзе адзінства апрыёры не можа быць. Варта зазначыць хіба, што ў выбары адпаведных варыянтаў з гэтага шырокага спектру П. Татарыновіч спыніўся на тых, якія найбольш блізка адпавядаюць фанетыцы беларускай мовы.
Такім чынам, перад чытачом кніга, якая з’яўляецца скарбам шматкротна памножанай каштоўнасці: яна бо знаёміць з скарбам сусветнай літаратуры, дэманструе моц творчай скарбонкі нашай нацыянальнай дыяспары ў свеце, пашырае скарбніцу нашага гістарычнага светаўяўлення і фармуе гэта сродкамі, якія ўзбагачаюць наш нацыянальны моўны скарб. Беларусы разам з усім светам святкуюць юбілеі гэтага скарбу — дзесяцігоддзі, стагоддзі, тысячагоддзі… але далучаюцца да яго ўпершыню шырокай аўдыторыяй. Дык далучаймася!
Вітаўт МАРТЫНЕНКА
Генрык Сянкевіч
Quo Vadis
Памяці дарагіх братоў у Хрысце і змагароў-мучанікаў за родна-рэлігійнае адраджэнне Бацькаўшчыны прысвячаю.
Henryk Sienkiewicz
Пераклад з польскай мовы ксяндза Пятра Татарыновіча
Транслітарацыя лацінічнага тэксту ў кірылічны і рэдагаванне Вітаўта Мартыненкі
I
Пятроні прачнуўся аж каля паўдня і, як заўсёды, надта знябыты. Надоечы быў на банкеце ў Нэрона, які працягнуўся аж да позняе ночы.
Апошнім часам ягонае здароўе пачало падупадаць. Сам казаў, што прачынаўся раніцамі нейкі адранцвелы, з лянівымі думкамі. Але ранняя купель і масажы спраўных нявольнікаў разбуджалі быстрэйшую цыркуляцыю крыві, разбурхвалі яго, чуцілі, вярталі сілы так, што з олеотокіюм, г. зн. з апошняга купальнага аддзелу, выходзіў шчэ як бы ўскрослы, з вачыма, разыгранымі вясёласцю, адмаладзелы, жыццярадасны, стройны, недасціглы, што і сам Атон не мог бы з ім зраўняцца — існы, як яго звалі, «arbiter elegantiarum»[1].
У публічных лазнях бываў рэдка, хіба здарыўся які годны подзіву рэтор, акрычаны ў горадзе, або сенсацыйныя баруканні ў эфебах. Дый меў у сваёй «інсулі»[2] собскія купальні, якія слаўны супольнік Сявера, Цэлер, расшырыў яму, перабудаваў і ўладзіў з такім незвычайным смакам, што сам Нэрон прызнаваў іх лепшыню над цэзаравымі, хоць гэныя былі абшырнейшыя ды непараўнальна пышней уладжаныя.
Пасля гэнага вось банкету, на якім, знудзіўшыся чаўпнёю Ватынія, удзельнічаў поспал з Нэронам, Люканам і Сэнэцыем у дыятрыбе: «Ці жанчына мае душу» — позна ўстаўшы, раскашаваўся, як абыдна, купеллю. Два велізарныя бальнеатары разлажылі яго на цыпрысавай «мэнсе»[3], накрытай снежным егіпскім быссам, і намочанымі ў аліве далонямі пачалі націраць яго стройнае цела, а ён, заплюшчыўшы вочы, чакаў, пакуль цяпло ляконікум ды цяпло іхніх рук увойдзе ў яго ды разжане немарасць. Незабаўна пачаў гутарыць, расплюшчыў вочы і давай распытваць аб пагодзе, аб гэммах, якія залатар Ідумен абяцаў яму прыслаць на сяння да агляду. Аказалася, што пагода харошая з лёгкім подыхам ад Альбанскіх гор, а гэммы не прыйшлі.
Пятроні зноў зачыніў вочы і выдаў загад перанясціся ў тэпідарыюм, аж тут з па-за котары выхіляецца «nomenclator»[4] і звяшчае, што малады Марк Вініць, прыбылы нядаўна з Малой Азіі, прыйшоў яго адведаць.
Пятроні загадаў прасіць гасця ў тэпідарыюм, куды й сам перанёсся. Вініць быў сынам ягонай старэйшай сястры, што выйшла за Марка Вініція, консула з часаў Тыбэрыевых. Маладзён служыў цяпер пад камандай Карбулона проці Партаў і па вайне вяртаўся ось дамоў. Пятроні чуў да яго пэўную слабасць, ледзь не прывязанасць. Бо Марк быў прыстойны і атлетычны юнак ды меў пэўную эстэтычную меру ў балаўстве, што Пятроні надусё цаніў.
— Прывет Пятронію, — адазваўся малады ваяк, уваходзячы бадзёра ў тэпідарыюм, — ды спагад багоў, злашча Асклепіёса і Кіпрыды, пад апекай якіх нічога благога табе не станецца.
— Вітаю цябе ў Рыме, хай жа супачынак па вайне салодкім табе будзе, — адказаў Пятроні, выцягаючы рукі з-пад мяккае карбасовае тканіны, якою быў ахінуты, — што чуваць у Арменіі, ды ці, будучы ў Азіі, не заязджаў у Бітынію?