Выбрать главу

Зрачыся яе, страціць, не бачыць яе болей здавалася яму немагчымым, і на самы ўспамін аб гэтым ахапляла яго шалёнасць. Самавольная натура маладога ваяра першы раз магла суцяміць, як гэта можа быць, каб хто смеў станавіцца ўпоперак ягонай жады. Хай бы лепш свет і горад разваліліся ў друзы, чым жаданні ягоныя не маглі збыцца. Адхапілі яму чару раскошы амаль з вуснаў, дык здавалася яму, што сталася нешта незвычайнае, выклікаючае помсту права боскага й людскога.

Не хацеў ды не мог пагадзіцца з горкаю доляй, ніколі бо нічога так не пажадаў, як Лігіі. Немагчыма, здавалася, без яе жыць. Не ўмеў сабе ўявіць, што страціў бы без яе ўзаўтра, як мог бы перажыць наступныя дні. Часамі ахапляў яго на яе шалёны гнеў. Жадаў бы мець яе на тое, каб яе біць, валачыць за валасы па кубікулюме і зганяць на ёй злосць; то зноў парывала яго страшэнная туга да ейнага голасу, постаці, вачэй, і гатоў, здэцца, быў упасці да ейных ног. Клікаў яе, грыз пальцы, абнімаў рукамі голаў. Натужваўся з усіх сіл думаць спакойна аб пошуках яе і не мог. Прыходзілі ў голаў тысячы ўсялякіх спосабаў, але ўсё шалёныя. У канцы ўлезла яму ў голаў думка, што ніхто іншы не мог яе адабраць, толькі Аўлюс, а прынамсі Аўл мусіў ведаць, дзе яна.

І схапіўся бегчы да Аўлаў. Калі не аддадуць яе, калі не пабаяцца пагрозаў, пойдзе да цэзара і пажаліцца на старога ваяводу непаслухмянага ды здабудзе на іх прысуд смерці, але перад гэным усім выдабудзе ад іх звестку, дзе Лігія. Нават калі б аддалі яе дабрахоць, дык усё адно помсціўся б. Прынялі, праўда, яго ў свой дом і даглядалі хворага, але гэта нічога. Гэтай адной крыўдай звольнілі яго ад усякай удзячнасці. Тут мсцівая і заўзятая душа ягоная пачала любавацца думкай пра роспач Пампоніі Грэцыны, як старому Аўлу прынясе цэнтурыён смяротны прысуд. А быў амаль пэўны, што яго здабудзе. Дапаможа яму ў гэтым Пятроні. Дый сам цэзар не шкадуе нічога просячым аўгустыянам, хіба змушае да гэтага асабістая нехаць або жадоба.

Сэрца ў ім замерла ад іншых думак і гадак. Ануж сам цэзар адбіў Лігію?

Усе ведалі, што цэзар часта шукаў у начным буянстве забаўкі сярод нуды.

Нат Пятроні ўдзельнічаў у гэткіх забавах. Галоўнай мэтай іх было, праўда, хапанне жанчын і падкіданне іх на ваяцкім плашчы аж да непрытомнасці. Аднак жа сам Нэрон часамі называў такія буянствы лоўляю перлаў: здаралася бо, што ў нетры ўбогіх кварталаў вылоўлівалі перлу сапраўднай маладой красы.

Тады sagatio, як называлася падкіданне на ваяцкай гуні, рабілася сапраўдным хапунствам, і перлу адсылалі або на Палатын, або да каторае з многіх віллаў цэзара, або ў канцы Нэрон аддаваў яе катораму таварышу. Так магло здарыцца і з Лігіяй. Цэзар углядаўся на яе падчас банкету, і Вініць ані на момант не сумняваўся, што мусіла яму выдавацца найпрыгажэйшаю з жанчын, якіх дагэтуль бачыў. Як жа інакш магло быць? Праўда, Нэрон меў яе на Палатыне і мог проста затрымаць, але, як казаў Пятроні, цэзар не меў адвагі ў злачынствах і, могучы дзеяць адкрыта, дзеяў заўсёды таемна. Гэтым разам магло яго да гэтага схіліць пабойванне Папеі. Вініцію прыйшло цяпер у голаў, што Аўлюсы, можа, б і не смелі гвалтам адбіраць падараванай яму дзяўчыны. Дый хто ж бы адважыўся? Няўжо той вялігурны ліг з блакітнымі вачыма, які, аднак, адважыўся ўвайсці да трыклініюма ды вынесці яе на руках з банкету? Але дзе ж бы ён з ёю схаваўся, куды б яе мог занесці? Не, нявольнік не адважыўся б на гэта. Дык зрабіў гэта ніхто іншы, як цэзар.

На ўспамін аб гэтым Вініцію аж пацямнела ўваччу, і пот на ілбе выступіў.

Лігію, знача, страціў назаўсёды. Можна было яе вырваць з усялякіх іншых рук, але не з такіх. Цяпер жаласней, чым дагэтуль, мог бедаваць: Vae misero mihi![27] Уява прадстаўляла яму Лігію ў лапах Нэрона, і першы раз у жыцці зразумеў, што ёсць думкі, якіх чалавек не можа папросту перажыць. Толькі цяпер адчуў, як моцна пакахаў яе. Як тапельцу маланкавым становіцца ўсё жыццё, так яму стала ўваччу Лігія. Відзеў яе і чуў кожнае ейнае слова. Бачыў яе пры вадаліве, бачыў яе ў Аўлаў ды на банкеце. Адчуваў яе зноў блізка, чуў пах ейных валасоў, цеплыню цела, раскошу цалункаў, якімі на банкеце расціскаў ейныя нявінныя вусны. Выдавалася яму ў сто разоў прыгажэйшай, жаданай, салодшай, у сто разоў больш незвычайнай адзінай выбранкай спаміж іншых смяротнікаў ды бостваў, чым калісь. І як падумаў, што гэта ўсё, што так ушчапілася ў ягонае сэрца, сталася крывёй і жыццём, мог згарнуць Нэрон, хапіў яго боль зусім фізычны, так страшны, што гатовы быў галавою біць аб сцены атрыюма, пакуль не расквасіць яе. Адчуваў, што хіба ашалее, дый ашалеў бы, каб не жада помсты. Як раней выдавалася яму, што немагчыма жыць, калі не здабудзе Лігіі, гэтак цяпер — што немагчыма памерці, пакуль не адпомсціць за яе. Гэтая адзіная думка давала яму нейкую польгу. Буду тваім Касыем Харэем! — гаварыў сабе, думаючы пра Нэрона. Па хвіліне, хапіўшы з кветачных вазаў, акружаючых імплювіюм, зямлі, закляўся страшнай прысягай помсты перад Эрэбам, Гэкатаю ды ўласнымі дамавымі лярамі.

вернуться

27

«Гора мне, няшчаснаму!» (лац.).