Выбрать главу

— Хацеў адвярнуць ад сябе падазрэнне. Калі б не ведаў, што сталася з Лігіяй, прыйшоў бы да мяне шукаць яе.

— Пакінуў мне некалькі слоў на таблічцы, з якіх убачыш, што ён сяння рана быў у цябе, спадзяваўся бо там знайсці забраную на тваё і Пятроніева жаданне праз цэзара Лігію, там яму сказалі, што сталася.

Сказаўшы гэта, пайшла ў кубікулюм і праз момант вярнулася з таблічкаю Аўла.

Вініць прачытаў і анямеў. Актэ як бы чытала ягоныя думкі ў насупленым твары, бо зараз адазвалася: — Не, Марк. Сталася тое, чаго жадала сама Лігія.

— Ты ведала, што яна манілася ўцякаць! — загарэўся Вініць. А яна глянула на яго сваімі ймглістымі вачыма амаль сурова: — Я ведала, што не хоча быць тваёй наложніцай.

— А ты кім была ўсё жыццё?!

— Я была перад тым нявольніцай.

Але Вініць не перастаў бурыцца. Цэзар падараваў яму Лігію, дык ён не патрабуе пытаць, кім была яна перад тым. Знойдзе яе хоць бы пад зямлёю і зробіць тое, што яму спадабаецца. Так! Яна будзе ягонай наложніцай. Загадае сцёбаць яе, пакуль яму не надакучыць. Калі яму спрыкрыцца, аддасць яе апошняму з сваіх нявольнікаў або паставіць яе круціць жорны ў сваіх гаспадарках у Афрыцы. Будзе яе цяперака шукаць толькі на тое, каб зганьбіць, стаптаць ды ўпакорыць.

І, запаляючыся штораз гарачэй, губіў усякую меру да таго, што нат Актэ пазнала, што казаў больш, чым здольны быў бы выканаць, і тое гаварылі ў ім гнеў і пакута. Над пакутай мела б літасць, але перабраная мера парвала ейную цярплівасць так, што ўрэшце спытала яго, чаго да яе прыйшоў.

Вініць не мог адразу знайсці адказу. Прыйшоў да яе, бо так хацеў, бо спадзяваўся выдабыць ад яе якія звесткі, але, фактычна, прыйшоў толькі да цэзара, а, не могучы з ім пабачыцца, зайшоў да яе. Лігія, уцякаючы, спрацівілася волі цэзара, дык ён упросіць яго, каб загадаў шукаць яе ўва ўсім горадзе ды дзяржаве, хоць бы прыйшлося спатрэбіць да гэтага ўсе легіі ды ператрэсці па чарзе кажны дом. Пятроні дапаможа яму, і пошукі пачнуцца ад сянняшняга дня.

На гэта Актэ кажа: — Глядзі, каб не страціў яе назаўсёды тады, як з цэзаравага загаду яе знойдуць.

Вініць нахмурыў бровы: — Што гэта значыць? — спытаў.

— Слухай, Марк, мяне! Учора былі мы з Лігіяй у тутэйшым парку і спаткалі Папею, а з ёю і малую аўгусту, якую несла негрынка Ліліт. Увечар дзіця захварэла, а Ліліт кажа, быццам яго ўраклі, і што ўракла яго тая чужаземка, якую ў парку спаткалі. Калі выздаравее, забудуць пра гэта, але пад прычыну Папея асудзіць Лігію за чараўніцтва, а тады, дзе б яе ні знайшлі, не будзе для яе ратунку.

Настала хвіліна маўчання, пасля Вініць адзываецца: — А можа, і ўракла яе. І мяне ўракла.

— Ліліт кажа, што дзіцянё зараз заплакала, як яго пранеслі каля нас. І сапраўды! Заплакала. Няйначай, вынеслі яго ў парк ужо хворае. Марк, шукай яе сам, дзе хочаш, але пакуль малая аўгуста не выздаравее, не гутар аб ёй з цэзарам, бо сцягнеш на яе помсту Папеі. Даволі ўжо наплакалася яна праз цябе, дык хай багі сцерагуць яе беднае галованькі.

— Ты любіш яе, Актэ? — спытаў панурыста Вініць.

Уваччу вызвольніцы заблішчэлі слёзы.

— Так. Я надта палюбіла яе.

— Бо табе не адплаціла нянавісцю так, як мне.

Актэ паглядзела на яго праз хвіліну, як бы сумнявалася ці манілася даследзіць шчырасць ягоных слоў, пасля адказала: — Чалавеча сляпы й заўзяты! Яна цябе кахала.

Вініць схапіўся пад уплывам гэных слоў, як удараны. Няпраўда! Ненавідзела яго. Скуль Актэ можа ведаць?! Ці пасля аднадзённага знаёмства Лігія выспавядалася перад ёю? Што гэта за каханне, якое прагне безгалоўя, бяздолля, няпэўнай будучыні, а можа і смерці замест узялененага дому, дзе чакае з пачосткаю каханы? Не чуць бы яму такіх рэчаў, а то гатовы ашалець. Не аддаў бы ён гэнай дзяўчыны за ўсе скарбы гэтага палацу, а яна ўцякла. Што гэта за каханне, якое баіцца раскошы, а плодзіць боль? Хто гэта здолее ўцяміць? Хто зможа зразумець? Калі б не надзея, што знойдзе яе, пырнуў бы ў грудзі сабе мячом. Любоў аддае, не адбірае. Былі моманты ў Аўлаў, што ён сам верыў у блізкае шчасце, але цяпер ведае, што яго ненавідзела, ненавідзіць ды памрэ з нянавісцю ў сэрцы.

Актэ, звычайна баязлівая й лагодная, абурылася ў сваю чаргу. Як жа ён хацеў яе здабыць? Замест пакланіцца пра яе Аўлюсу й Пампоніі, адабраў яе бацьком падступна. Маніўся зрабіць не жонкай, а палюбоўніцай яе, гадаванку годнага дому, князёўну! І ўцягнуў яе ў гэты дом бессаромнасці й распусты, зняважыў ейныя нявінныя вочы відовішчам распуснага банкету, паступаў з ёю, як з лёгкадумнаю дзяўчынай. Няўжо забыў, чым ёсць радня Аўлаў, і кім Пампонія Грэцына, якая ўзгадавала Лігію? Няўжо не мае даволі розуму, каб даўмецца, што гэта іншыя жанчыны, чым Нігідыя, Кальвія Крыспініла, Папея ды ўсе тыя, якіх спаткае ў доме цэзара? Няўжо, спаткаўшы Лігію, не даўмеўся адразу, што гэтае нявіннае дзяўчо, якое пажадае хутчэй смерці, чым ганьбы, увасабленнем ёсць чысціні? Скуль жа ён ведае, якім яна багом верыць, і ці не чысцейшым, не лепшым, як распусная Венус або Ізыс, якім аддаюць шанаванне распусныя рымлянкі? Не! Лігія не спавядалася перад ёю, казала ёй, што чакае ратунку ад Вініція, спадзявалася, што ён выпрасіць для яе ад цэзара дазвол вярнуцца дамоў ды аддасць яе Пампоніі. Гэта кажучы, чырванела, бы дзяўчо, якое кахае й спадзяецца. І ейнае сэрца кахала яго, але ён сам нагнаў пуд, знеахвоціў, пакрыўдзіў, і хай жа цяпер яе шукае з цэзаравай паліцыяй, але хай ведае таксама, што калі дзіцянё Папеі памрэ, дык западозраць яе, і згуба ейная тады немінучая.