Выбрать главу

Гнеў і боль Вініція пачалі паволі змякчацца. Думка аб тым, што Лігія кахае яго, устрасянула ягонай душою да глыбіні. Прыпомніў яе сабе ў парку ў Аўлаў, слухаючую ягоных слоў з пачырванелым тварам ды бліскучымі вачыма.

Выдавалася, што тады іставетна пачынала яго кахаць, і нагла агарнула яго пры гэным успаміне пачуццё нейкага шчасця, сто разоў большага, чым тое, якога жадаў. Падумаў — сапраўды мог мець яе паслухмяную ды кахаючую.

Апрала б дзверы ягоныя ды намасціла б іх воўчым тукам, а пасля засела б, як жонка, на воўне авечага руна пры ягоным агменю. Пачуў бы з ейных вуснаў сакраментальнае: «Дзе ты, Кай, там і я, Кая», і была б ягонай назаўсёды.

Чаму ён так не зрабіў? Быў жа гатовы. А цяпер няма яе, і можа не знайсці, а калі б і знайшоў, можа згубіць, дый хоць не згубіў бы, не захочуць яго ні Аўлы, ні яна. Тут гнеў пачаў яму зноў падымаць на галаве валасы, але цяпер гневаўся не на Аўлаў ды Лігію, толькі на Пятронія. Ён усяму вінаваты. Каб не ён, Лігія не патрабавала б хавацца, была б ягонай сужаніцай, і ніякая небяспека не вісела б над ейнай галавою. А цяпер сталася, і позна папраўляць бяду, яна не дасца направіць.

— Запозна!

Здавалася яму, процьма адкрылася пад ягонымі нагамі. Сам не ведаў, што рабіць, як паступаць, куды падацца. Актэ паўтарыла, бы рэха, слова «запозна», яно ў чужых вуснах загучала яму, як прысуд смерці. Разумеў толькі адну рэч, што трэба яму знайсці Лігію, бо йнакш станецца з ім нешта дрэннае.

І, закруціўшыся машынальна ў тогу, думаў адыйсці, не развітваючыся з Актэ, аж тут заслона, дзелячая сені ад атрыюма, адхіляецца, і бачыць воміг перад сабою асобу Пампоніі Грэцыны.

І яна, мабыць, даведалася ўжо аб прапажы Лігіі і, спадзеючыся, што ёй схадней будзе, чым Аўлу, спаткацца з Актэ, прыйшла да яе па весткі.

Прыкмеціўшы Вініція, звярнулася да яго і сказала: — Марк, хай Бог табе даруе крыўду, якую ты зрабіў нам і Лігіі.

А ён стаяў, звесіўшы голаў, з пачуццём няшчасця й віны, не разумеючы, які Бог меўся ды мог яму дараваць, і чаму Пампонія гаварыла аб дараванні тады, калі павінна была б казаць аб помсце.

І ўрэшце выйшаў з галавою бязраднай, поўнай цяжкіх думак, турботы й недаўмення.

На дзядзінцы і пад галярэяй стаялі неспакойныя грамады людзей. Між палацавымі нявольнікамі відны былі рыцары й сенатары, што прыйшлі даведацца пра здароўе малое аўгусты, а адначасна паказацца ў палацы ды даць доказ свае спагаднасці хоць бы й перад нявольнікамі цэзара. Вестка аб хваробе «багіні», відаць, разыйшлася борзда, бо ў браме з’яўляліся штораз новыя асобы, а праз атворыну луку бачны быў цэлы натаўп. Некаторыя з прыйшоўшых, бачачы Вініція, выходзячага з палацу, пыталі яго пра навіны, але ён, нічога не адказваючы, ішоў уперад, пакуль Пятроні, прыспеўшы таксама ўжо па навіны, амаль не здырыўся з ім грудзьмі ды не затрымаў.

Вініць быў бы няйначай загарэўся, убачыўшы яго, ды дапусціўся б якога бяспраўя ў палацы цэзара, каб не тое, што ад Актэ выйшаў, як зламаны, так зняможаны ды прыгнечаны, што на пару аціхла ў ім гарачая жорсць. Адапхнуў, аднак, Пятронія й хацеў прайсці, але той затрымаў яго амаль сілком.

— Як маецца боская? — спытаў.

Гэтае наставанне зноў раздражніла Вініція ды ўзбурыла яго ў адной хвіліне.

— Хай процьма глыне яе разам з усім гэтым домам! — выцадзіў праз зубы.

— Маўчы, самагубца! — перасцерагае Пятроні і, агледзеўшыся навокал, хуценька дасказвае: — Хочаш даведацца што аб Лігіі, дык хадзі са мною. Не! Тут не скажу нічога! Хадзі са мною, падзялюся сваімі здагадкамі аб лектыцы.

І, абняўшы юнака, вывеў яго як мага хутчэй з палацу.

Пра гэта яму галоўна расходзілася, бо навін ніякіх не меў. Будучы дасцейлівым чалавекам і маючы, паміма ўчарашняга абурэння, шмат спагады да Вініція дый пачуваючыся да адказнасці за ўсё, што сталася, быў ужо нешта надумаў і, як селі ў лектыку, кажа: — Паставіў я маіх нявольнікаў цікаваць пры кожнай браме, даўшы ім дакладную характарыстыку выгляду дзяўчыны й таго вялігура, што вынес яе ад цэзара з банкету, няма бо сумніваў, што гэта ён яе адабраў. Слухай мяне! Быць можа, Аўлюсы маняцца схаваць яе ў каторай сваёй вёсцы, а тады будзем ведаць, у які бок з ёю пададуцца. Калі пры брамах яе не ўбачаць, дык, знача, засталася ў горадзе, і сяння яшчэ й тут распачнем пошукі.