— Аўлюсы не ведаюць, дзе яна, — адказаў Вініць.
— Ты пэўны, што так ёсць?
— Бачыўся я з Пампоніяй. Яны шукаюць яе таксама.
— Учора не магла выйсці з места, бо ноччу замкнёныя брамы… Двух маіх вартаўнікоў сочаць ля кажнае брамы. Адзін маецца йсці ўслед за Лігіяй і асілкам, другі зараз мне падасць вестку. Калі яна ў горадзе, знойдзем яе, бо таго ліга лёгка пазнаць па росце й плечуках. Шчасце тваё, што не схапіў яе цэзар, а магу цябе ўпэўніць, што не, бо на Палатыне няма для мяне тайніц.
Вініція шчэ больш ахапіў жаль, чым гнеў, і дрыготным голасам пачаў расказваць Пятронію, што гаварыла яму Актэ і якія новыя небяспекі навіслі над Лігіяй, так страшныя, што трэ будзе, знайшоўшы яе, укрываць ад Папеі. Пасля пачаў горка наракаць на рады Пятроніевы. Каб не ён, усё было б інакш. Лігія жыла б у Аўлюса, а ён, Вініць, мог бы з ёю спатыкацца штодзень і быў бы шчаслівейшы за цэзара. І чым больш гаварыў, тым больш абураўся, аж пачалі крапаць з вачэй слёзы жальбы ды злосці.
А Пятроні, які проста не спадзяваўся, каб малады юнак мог пажадаць і кахаць да такой ступені, бачачы гэныя слёзы роспачы, казаў сабе, у душы дзівячыся: — О, магутная валадарыня Цыпру, ты адна пануеш над багамі й людзьмі!
XII
Калі выселі перад домам Пятронія, загадчык атрыюма далажыў, што ніводзін нявольнік з высланых яшчэ не вярнуўся. Атрыенсіс загадаў аднесці ім харчу ды новы загад, каб пад пагрозай розаг пільнавалі ўсіх выходзячых з гораду.
— Бачыш, — кажа Пятроні, — без сумнення, яны дасюль яшчэ ў горадзе, дык знойдзем іх. Загадай, аднак, і сваім людзям вартаваць пры брамах, лепш тым, якіх пасылаў па Лігію, бо яны лёгка яе распазнаюць.
— Я паразганяў іх на вёскі ў эргастулы, — адказвае Вініць, — але зараз адклічу, хай ідуць да брамаў.
І, напісаўшы некалькі слоў на васкаванай таблічцы, аддаў яе Пятронію, які даручыў яе воміг аднесці да дому Вініція.
Ды перайшлі да нутранога портыку і, пасеўшы на мармуровай лаве, пачалі гутарку.
Залатавалосая Эўніка й Ірас падсунулі ім пад ногі бронзавыя столячкі ды, прыставіўшы да лаўкі столік, пачалі ім наліваць у чашы віно з прыгожых вузкашыястых збанкоў, вырабленых у Валатэры й Цэрэ.
— Ці ведае хто з тваіх людзей таго вялізарнага ліга? — пытае Пятроні.
— Ведалі яго Атацын і Гул. Але Атацын забіты ўчора пры лектыцы, а Гула забіў я.
— Шкада мне яго, — бедаваў Пятроні. — Ён насіў на руках не толькі цябе, але й мяне.
— Я маніўся яго нат вызваліць, — тлумачыцца Вініць, — але досыць таго.
Гаворам аб Лігіі. Рым — гэта мора… — Перлы ловяць менавіта ў моры… Пэўна, не знойдзем яе сяння або заўтра, але знойдзем немінуча. Ты цяпер вінаваціш мяне, што падсунуў табе гэты спосаб. Дык спосаб сам па сабе быў не дрэнны, ён стаўся пахібным толькі тады, калі быў кепска выкіраваны. Ты ж чуў ад самога Аўла, што маніцца з усёй сям’ёй пераносіцца на Сіцылію. Такім чынам, дзяўчына і так была б ад цябе далёка.
— Паехаў бы за імі, — адказвае Вініць, — а прынамсі была б бяспечная, а цяпер, як тое дзіцянё памрэ, Папея й сама ўверыць ды ўталкуе цэзару, што гэта сталася з віны Лігіі.
— Так. Гэта турбуе таксама й мяне. Але гэна байстручанё, можа, яшчэ ачуняе. А калі б і памерла, знойдзем і тады нейкі выхад.
Тут Пятроні задумаўся на хвіліну дый кажа: — Папея нібыта жыдоўскае рэлігіі і верыць у злыя духі. Цэзар забабонны… Дык, калі распусцім вестку, што Лігію схапілі нячыстыя, павераць, тым больш, што калі не адабраў яе ані цэзар, ані Плаўт, знікла сапраўды таемным чынам. Ліг сам адзін не адолеў бы гэнага зрабіць, мусіў бы мець падмогу, а скуль бы нявольнік у адзін дзень мог бы сабраць столькі людзей?
— Нявольнікі дапамагаюць сабе ўзаемна ў цэлым Рыме.
— Які кроўю калісь за гэта заплаціць. Так, успамагаюцца, але не адзін супраць другога, а тут ведама было, што на тваіх спадзе адказнасць і кара.
Калі падсунеш сваім гадку аб злых духах, пацвердзяць адразу, што на ўласныя вочы бачылі, бо гэта іх адразу перад табою апраўдае… Паспрабуй спытай каторага, ці не бачыў, як неслі ў паветры Лігію, дык на эгіду Зэўса бажыцімецца зараз, што так і было.