Выбрать главу

Вініць, які таксама быў забабонны, зірнуў на Пятронія з наглай трывожлівасцю.

— Калі Урсус не мог мець памагатараў ды сам адзін не мог яе схапіць, дык хто яе схапіў?

Пятроні пачаў смяяцца.

— Бачыш, — кажа, — увераць, калі і ты ўжо верыш. Такі ўжо наш свет, які кпіць з багоў. Павераць і не будуць яе шукаць недзе далёка ад гораду ў якойнебудзь сваёй або тваёй вілле.

— Аднак жа, хто мог ёй дапамагчы?

— Ейныя сувернікі, — адказаў Пятроні.

— Якія? Якому ж боству яна аддае шанаванне? Я ж бы аб гэтым ведаў лепш за цябе.

— Кожная амаль жанчына ў Рыме паважае іншае боства. Няма сумніву, што Пампонія ўзгадавала яе ў веры таму боству, у якое верыць сама, а што там за боства, не ведаю. Адно ёсць пэўным, што ніхто яе не бачыў, каб у якой-небудзь з нашых святыняў яна давала ахвяры нашым багом. Абвінавачвалі яе нат, што яна хрысціянка, але гэта рэч непраўдападобная. Дамовы суд ачысціў яе ад гэтага закіду. Пра хрысціян гавораць, што не толькі аддаюць шанаванне аслячай галаве, але яны непрыяцелі роду чалавечага і дапушчаюцца найагіднейшых злачынстваў. Дык Пампонія не можа быць хрысціянкай, бо цнота яе добра ведамая, а непрыяцелька людскога роду не абходзілася б так з нявольнікамі, як яна абходзіцца.

— Нідзе так з імі не абходзяцца, як у Аўлаў, — дадаў Вініць.

— Дык бачыш. Пампонія згадвала мне аб нейкім Богу, што ёсць адзіны, усёмагутны й міласэрны. Дзе падзела ўсіх іншых, гэта ейная справа; даволі таго, што гэты ейны Логас не быў бы хіба надта ўсёмагутным, інакш кажучы, мусіў быць надта сціплым Богам, каб меў толькі дзве паклонніцы, Пампонію і Лігію, з прыдаткам іхняга Урсуса. Павінна быць іх больш, тых паклоннікаў, і тыя далі помач Лігіі.

— Гэная вера навучае прабачаць, — сказаў Вініць. — Спаткаў я ў Актэ Пампонію, якая сказала мне: «Хай табе Бог даруе крыўду, якую ты зрабіў Лігіі й нам».

— Відаць, іхні Бог — гэта нейкі куратар вельмі спагадлівы. Адыж хай табе даруе ды на знак прабачэння хай верне табе дзяўчыну.

— Ахвяраваў бы яму заўтра гекатомбу. Не хачу есці, ні купелі, ні сну.

Вазьму цёмную адзежыну ды пайду бадзяцца па горадзе. Можа, гэтак знайду яе хутчэй. Я хворы.

Пятроні паглядзеў на яго спагадліва. Праўда, вочы ў Вініція былі падсінелыя, біла з іх гарачка, твар зарослы, неабголены, знябыты, валасы скалмочаныя, выглядаў, як хворы. Ірас і залатавалосая Эўніка глядзелі на яго таксама спачувальна, але ён як бы й не бачыў іх, дый абодва з Пятроніем не звярталі ўвагі на прысутнасць нявольніц, як і на сутарлівых сабак.

— Гарачка цябе разбірае, — адазваўся Пятроні.

— Але.

— Дык паслухай мяне… Не ведаю, што параіў бы табе лекар, але ведаю, як на тваім мейсцы паступіў бы я. От, пакуль знойдзецца тая, пашукаў бы ў іншае таго, чаго табе разам з тамтою не хапае. Я бачыў у тваёй вілле стройных маладзіц. Не пярэч мне. Ведаю каханне, разумею нехаць да іншых, калі пажадаецца адной. Але ў прыгожай нявольніцы можна знайсці хоць хвілінную патолю… — Не хочу! — адрэзаў Вініць.

Але Пятроні, які сапраўды любіў яго ды хацеў асаладзіць ягонае гора, пачаў думаць-гадаць, як бы гэта зрабіць.

— Можа, твае не маюць для цябе чару свежасці, — сказаў, пачакаўшы, — дык прыгледзься вось гэтай харытцы (тут пачаў кідаць вачыма то на Ірас, то на Эўніку, гладзячы стройны стан залатавалосае грэчанкі). Некалькі дзён таму малады Фантэй Капітон даваў мне за яе трое цудных хлапчанят з Клазамен, прыгажэйшага бо цела хіба й Скопас не стварыў. Сам не ведаю, чаму дасюль абыякавы да яе, не ўстрымаў жа мяне ўспамін аб Хрызатэміс! Вось жа дару табе яе, вазьмі!

Залатавалосая Эўніка, пачуўшы гэта, збялела ў адзін момант, як палатно, і, гледзячы палахлівымі вачыма на Вініція, як бы замёршая, чакала адказу ягонага.

Але ён сарваўся на ногі ды, схапіўшыся за голаў, пачаў хутка гаварыць, як чалавек у гарачцы, не хочучы слухаць аб нічым: — Не! Не!.. Што мне з яе! Што мне яна!.. Дзякую табе, але не хочу! Іду шукаць тамтое па горадзе. Дай гальскую люцэрну з каптуром. Пайду за Тыбар… Мо хоць Урсуса спаткаю!..

І выйшаў, спяшаючыся. А Пятроні, бачачы, што сапраўды не можа ўседзець, не спрабаваў яго сутрымоўваць. Уважаючы, аднак, адмову Вініція за часовую нехаць да кожнай жанчыны, што не была Лігіяй, ды не хочучы марнаваць сваёй спрыяльнасці, звярнуўся да нявольніцы й кажа: — Эўніка, выкупаешся ды прыбярэшся, а пасля пойдзеш да Вініція.

А яна ўпала перад ім на калені ды, згарнуўшы рукі, пачала яго маліць, каб не выпускаў яе з дому. Яна не пойдзе да Вініція. Лепей тут дровы насіць у гіпакаўстум, чым там быць першай слугою. Не хоча!.. Не можа!.. І моліць яго, каб злітаваўся над ёю. Хай загадае сячы яе розгамі штодзень, абы толькі не высылаў яе з дому.