— А! — адзываецца Пятроні. — Што гэта за чалавек?
— Не ведаю яго, спадару, але тое думаў, што трэ было вам аб гэтым паведаміць.
— Добра. Хай гэны чалавек чакае ўзаўтра ў маім доме на прыбыццё трыбуна, якога папросіш узаўтра ад майго імя, каб ранкам мяне адведаў.
Атрыенсіс пакланіўся ды выйшаў.
А Пятроні пачаў мімаволі думаць пра Эўніку. Спачатку здавалася яму ясным, што маладая нявольніца жадае, каб Вініць знайшоў Лігію дзеля таго толькі, каб не мусіла заступаць яе ў ягоным доме. Але пасля прыйшло яму ў голаў, што той чалаавек, якога суліць Эўніка, можа быць ейным каханкам, і гэна думка, нараз, яму здавалася прыкрай. Быў, зрэшты, просты спосаб даведацца праўды, варта толькі паклікаць Эўніку, але было ўжо позна, а Пятроні чуўся знябытым пасля доўгіх адведзінаў у Хрызатэміс, і хацелася яму спаць.
Аднак жа, ідучы да кубікулюма, прыгадаў сабе няведама чаму, што ля вачэй Хрызатэміс прыкмеціў сяння зморшчынкі. Падумалася яму, што краса ейная была больш слаўнай у Рыме, чым сапраўднай, і што Фантэй Капітон, які даваў яму трое падлеткаў з Клазамен за Эўніку, маніўся купіць яе затанна.
XIII
Назаўтра Пятроні канчае туалету ў унктуарыюме, прыходзіць пакліканы праз Тэйрэзыя Вініць. Ён ужо ведаў, што ніякіх навін ад брамаў няма, і вестка гэная замест яго абрадаваць, бо, знача, Лігія ў горадзе, замаркоціла яго яшчэ больш, бо здавалася яму, што Урсус вывеў яе адразу, калі яшчэ нявольнікі Пятроніевы не стаялі пры брамах.
Праўда, восенню, калі дні становяцца карацейшымі, брамы замыкалі даволі рана, але большым грамадам выязджаючым адчынялі іх. Дый за муры можна было выдабыцца й іншымі спосабамі, аб якіх нявольнікам, часамі ўцякаючым, было добра ведама. Праўда, Вініць парассылаў людзей і за горад да вігілаў меншых мястэчак з аглашэннямі, як уцёкшая пара выглядае, ды з загадам перахапіць яе за абяцаную ўзнагароду. Было, аднак, сумніўным, ці гэны спосаб іх дасягне, а калі б і дасяг, ці тамтэйшыя ўлады будуць пачувацца ўпраўненымі затрымаць іх на прыватнае жаданне Вініція, не пасведчанае прэторам. Вось жа на падобнае пасведчанне не было часу. З свайго боку Вініць праз увесь учарашні дзень шукаў Лігіі, пераапрануўшыся за нявольніка, па ўсіх завулках гораду, не здолеў, аднак, знайсці найменшага следу, ні тропу. Спаткаў, праўда, людзей Аўла, але тыя таксама нечага шукалі, і гэта ўзбудзіла здагадку, што не Аўл яе схапіў, і што ён не ведае таксама, дзе яна.
Дык калі Тэйрэзый далажыў, што ёсць чалавек, які падручаецца яе знайсці, чым хутчэй паспяшыў да Пятронія і, ледзь прывітаўшыся, пачаў аб ім распытвацца.
— Зараз убачым яго, — сказаў Пятроні. — Гэта знаёмы Эўнікі, якая зараз прыйдзе ўкладаць мне тогу ды дасць нам бліжэйшыя аб ім звесткі.
— Тая, што ўчора хацеў мне падараваць?
— Але, якую ты ўчора адапхнуў, за што я табе, між іншым, удзячны, бо гэта найздальнейшая вестыпліка на ўвесь горад.
І вось вестыпліка прыходзіць на канец гэтых слоў і, узяўшы тогу з крэсла, інкруставанага слановай косцяй, разгарнула яе, каб закінуць на плечы Пятронію. Твар мела ясны, ціхі, уваччу радасць.
Пятроні глянуў на яе, паказалася яму надта прыгожай. Пасля, калі, атуліўшы яго тогай, пачала ўкладаць хванды, часамі схіляючыся для выдаўжання іх, прыкмеціў, што рукі ейныя белыя, моў белыя ружы, а грудзі й плечукі маюць водблескі алябастру.
— Эўніка, — адзываецца, — ці ёсць той чалавек, аб якім учора ты казала Тэйрэзыю?
— Ёсць, спадару.
— Як завецца?
— Хілон Хіланідэс, спадару.
— Хто ён такі?
— Лекар, мудрэц і варажбіт, які ўмее адгадваць людскую долю ды прадказваць будучыню.
— Ці табе прадказаў будучыню?
Эўніка пачырванела па самыя вушы.
— Так, спадару.
— Што ж ён табе вываражыў?
— Што спаткае мяне боль і шчасце.
— Боль спаткаў цябе ўчора з рукі Тэйрэзыя, дык цяпер трэ чакаць толькі шчасця.
— Ужо спаткала, спадару.
— Якое?
Яна ціха шапнула: — Засталася.
Пятроні пачаў гладзіць яе залатую галоўку.
— Добра ўлажыла сяння хванды, і рад я з цябе, Эўніка.
А ёй ад гэтага прытыку ў адной хвіліне вочы памутнелі ад шчасця, і пачалі хвалявацца грудзі.
Пятроні з Вініціем перайшлі ў атрыюм, дзе чакаў іх Хілон Хіланідэс, які спаткаў іх нізкім паклонам. Пятронію на ўспамін аб учарашняй ягонай здагадцы, што мо гэта каханак Эўнікі, стала смяхотна. Чалавек, які стаяў перад імі, не мог быць нічыім каханкам. У гэнай дзівоснай фігуры было нешта і агіднае, і смяхотнае. Яшчэ не быў стары: у ягонай няўхлюйнай барадзе ды кучаравай чупрыне ледзь сям-там бліскаў сівы волас. Жывот меў апалы, плечы згорбленыя, так што на першы пагляд выглядаў гарбатым, а над гэным гарбом вытыркала вялікая галава з лысаватым ды малпаватым ажаўцелым тварам, упярэшчаным вуграмі. Нос сігналізаваў поцяг да бутэлькі. Лахманнё, акрываючае яго, складалася з цёмнае ваўнянае тунікі й такога ж дзіравага плашча. Яно сымбалізавала сапраўдную ці крывадушную бядноту. Пятронію ўзбег на думку Тэрзыт Гомэра, дык, падняўшы на прывітанне руку, адазваўся: — Вітаю, боскі Тэрзыт! Як жа маюцца твае гузы, што панабіваў табе пад Трояй Уліс, ды што сам парабляе на Элізэйскіх прасторах?