— Шляхотны спадару, — адказаў Хілон Хіланідэс, — наймудрэйшы з памерлых, Уліс, перасылае праз мяне наймудрэйшаму з жывых, Пятронію, прывітанне і просьбу, каб акрыў новым плашчом мае гузы.
— На Гекату Трыформіс! — адазваўся Пятроні. — Адказ варты плашча.
Але далейшую гутарку перарваў нецярплівы Вініць, які спытаў: — Ці добра ведаеш, чаго падручаешся?
— Калі дзве «фаміліі» ў двух дастойных дамох не гутараць аб нічым іншым, а за імі паўтарае палова Рыму, не цяжка ведаць, — адказвае Хілон. — Учарашняе ночы адабраная дзяўчына, выгадаваная ў доме Аўла Плаўцыя, Лігія або Каліна, якую твае, спадару, нявольнікі пераносілі з цэзаравага палацу ў тваю «інсулю», а я падручаюся адшукаць яе ў горадзе, або калі — гэта мала праўдападобна — знайшлася за горадам, паказаць табе, шляхотны трыбуне, куды ўцякла і дзе схавалася.
— Добра! — кажа Вініць, якому звязласць адказу надта падабалася. — Якія маеш на гэта спосабы?
Хілон хітра ўхмыльнуўся: — Спосабы ты маеш, спадару, я маю толькі розум.
Пятроні таксама ўсміхнуўся, бо быў задаволены з свайго госця.
«Гэты чалавек можа знайсці дзяўчыну», — падумаў.
Тым часам Вініць нахмурыў свае зрослыя бровы дый кажа: — Калі зводзіш мяне, бадзяка, дзеля нажывы, загадаю затаўчы цябе кіямі.
— Я філязоф, спадару, а філязоф не можа быць ласы на зыск, злашча на такі, які абяцаеш.
— Ах, ты філязоф? — спытаў Пятроні. — Эўніка казала мне, што ты лекар і варажбіт. Скуль ведаеш Эўніку?
— Прыходзіла да мяне па раду, бо слава мая ацерлася аб ейныя вушы.
— Якое ж яна хацела рады?
— На каханне, спадару. Хацела вылечыцца з безузаемнага кахання.
— І вылечыў ты яе?
— Больш таго, спадару, я даў ёй амулет, які запэўнівае ўзаемнасць. У Пафосе, на Цыпры, ёсць святыня, у якой прахоўваецца Венерын паясок. Я даў дзве ніткі з гэнага паяска, уложаныя ў мігдаловую лушпіну.
— І загадаў сабе солана заплаціць?
— За ўзаемнасць ніколі нельга заплаціць даволі, а я, не маючы двух пальцаў на правай руцэ, збіраю грошы на нявольніка-скрыбу, які б спісваў мае думкі ды прахаваў маю навуку для свету.
— Да якой жа, мудрэц, належыш школы?
— Я цынік, доміне, бо маю ось дзіравы плашч; я і стоік, бо цярпліва зношу гора; я таксама й парыпатэтык, бо, не маючы лектыкі, хаджу пехатою ад вінярні да вінярні, навучаючы па дарозе тых, што абяцаюць заплаціць за збан.
— Дык пры збанку робішся рэторам?
— Гераклід казаў: «Усё плыве», а ці можаш запярэчыць, спадару, што віно ня ёсць плыняй?
— Ён і агонь называў боствам, і вось боства гэнае паланіцца на тваім носе.
— А боскі Дыягенэс з Апалоніі настаўляў, што сутнасцяй рэчы ёсць паветра, а чым паветра цяплейшае, тым дасканалейшыя творыць істоты, а з найцяплейшага творацца ўжо душы мудрацоў. А што восенню прыходзяць халады, ergo сапраўдны мудрэц павінен абаграваць душу віном… Бо таксама не можаш запярэчыць, спадару, каб збан цымусу з-пад Капуі ці Тэлезыі не разносіў цеплыні па касцях гаротнага цела людскога.
— Хілон Хіланід, дзе твая бацькаўшчына?
— Над Понтам Эўксынам. Я родам з Мезэмбрыі.
— Дык ты, Хілон, вялікі чалавек!
— А заняхаены! — дадаў меланхалічна мудрэц.
Вініцію не цярпелася зноў. Пры надзеі, што засвітала, хацеў бы, каб Хілон зараз жа пайшоў на пошукі, і ўся гутарка выдавалася яму непатрэбнай патратай часу, за якую сердаваў на Пятронія.
— Калі пачнеш пошукі? — сказаў, звяртаючыся да грэка.
— Я ўжо пачаў іх, — адказвае Хілон. — І як я тут, як адказваю на гэныя ветлівыя пытанні, дык ужо шукаю. Вер толькі мне, чэсны трыбуне, і ведай: калі б згінула завязка ад абутку, я патрапіў бы адшукаць яе або таго, хто яе на вуліцы падняў.
— Ці быў калі затруднены гэткімі пошукамі? — спытаў Пятроні.
Грэк падняў угару вочы.
— Занадта нізка цэняць сяння сумленнасць і мудрасць, каб філязоф не быў змушаны шукаць іншых да жыцця спосабаў.
— Якія ж твае?