— На Зэўса-Хмараўлада! — не вытрымаў Марк. — Які тут у цябе кветнік!
— Лепшы выбар, чым лік, — адказаў Пятроні. — Уся мая фамілія ў Рыме маець не больш як чатырыста галоў, і, думаю, да асабістае прыслугі дарабковічы хіба патрабавалі б болей.
— Прыгажэйшых русалак хіба й Рудабароды не мае, — казаў, раздымаючы ноздры, Вініць.
На гэта Пятроні з прыязнаю абыякавасцю адказвае:
— Ты мой сваяк, а я не такі няўжытак, як Басс, ані такі педант, як Аўл Плаўт… Але Вініць, пачуўшы гэтае апошняе імя, забыў на хвіліну пра русалкі з Кос і, сцяпянуўшы галавою, спытаў: — Скуль табе прыйшоў у голаў Аўл Плаўт? Ці ведаеш, я, выбіўшы руку пад горадам, прабыў колькінаццаць дзён у іхнім доме. Здарылася, што Плаўт праязджаў у момант прыпадку і, убачыўшы маё цярпенне, забраў мяне да сябе, а там ягоны нявольнік, лекар Мірміён, вылячыў мяне. Аб гэтым хацеў з табою гутарыць.
— Чаму? Ці не закахаўся прыпадкам у Пампонію? Тады шкада было б цябе: не маладая дый цнатлівая! Не ўмею сабе ўявіць горшага, чым гэта спалучэнне. Брр!
— Не ў Пампонію, эгэў! — перабівае Вініць.
— Ну, то ў каго ж?
— Каб жа я сам ведаў, у каго. Атожбо нат добра не ведаю, як імя? Лігія ці Каліна? Дома завуць яе Лігіяй, родам бо з народу лігаў, а ейнае барбарскае імя Каліна. Дзіўны сапраўды дом гэтых Плаўтаў: роіцца ў ім, а ціха, як у гаёх Субякума. Праз колькінаццаць дзён не ведаў я, што жыве ў ім боства. Аж раз на світанні ўгледзеў яе, як мылася пры агародным вадаліве, і прысягаю табе на гэную пену, з якой паўстала Афрадыта, што касулі ранняе зараніцы прасвятлялі навылет ейнае цела. Здавалася, як сонца ўзойдзе, то яна расплывецца мне ў святле, як расплываецца зараніца. Ад той пары я бачыў яе двойчы, і ад тае пары я не знаю, што такое супакой, не знаю іншых пажаданняў, не хачу бачыць, што можа мне даць горад, не хачу жанчын, не хачу золата, не хачу медзі карынфскай, ні бурштыну, ні перлаў, ні віна, ні банкетаў, толькі жадаю Лігіі. Кажу табе шчыра, Пятроні, што тужу па ёй, як тужыў той Сон на мазаіцы ў тваім тэпідарыюм за Пейсытаю, тужу цэлымі днямі й начамі.
— Калі гэта нявольніца, то выкуп яе.
— Яна не ёсць нявольніцай.
— А кім жа ёсць? Вызвольніцаю Плаўта?
— Не будучы ніколі нявольніцай, не магла быць вызвалена.
— Дык?..
— Не ведаю: каралеўскаю дачкою ці нешта падобнае.
— Зацікаўляеш мяне, Вініць.
— Але калі хочаш мяне паслухаць, зараз заспакою тваю цікавасць. Гісторыя не надта даўгая. Ты мо асабіста знаў Ванія, караля Свеваў, каторы як згнаннік з краю доўгі час прабываў тут, у Рыме, а нат праславіўся шчасліваю йгрой у косці й лоўкаю яздою. Цэзар Друзус пасадзіў яго зноў на трон. Ваній, які іставетна быў моцным чалавекам, спачатку добра гаспадарыў і вёў шчаслівыя войны, пасля, аднак, зачаў надта абдзіраць не толькі суседзяў, але і ўласных свеваў. Тады Ванг і Сідо, сястрынцы ягоныя, а сыны Вібілія, караля Германдураў, пастанавілі змусіць яго, каб зноў паехаў у Рым… прабаваць шчасця ў гульні.
— Памятаю, гэта Клаўдыевы, нядаўныя часы.
— Але пачалася вайна. Ваній прызваў на падмогу языгаў, а ягоныя малыя сястрынцы — лігаў, якія, пачуўшы пра багацтвы Ванія ды звабленыя спадзевай нажывы, прыйшлі ў такім ліку, што сам цэзар Клаўдый не хацеў мяшацца ў войны барбараў, напісаў, аднак, Атэлію Гістэру, які камандаваў наддунайскай легіяй, каб сачыў ход вайны і не дазволіў парушыць наш супакой.
Гістэр зажадаў тады ад лігаў, каб прыраклі, што не парушаць граніцы, на гэта яны не толькі згадзіліся, але далі закладнікаў, між якіх былі жонка й дочанька іхняга князя-ваяводы… Табе ж ведама, што барбары йдуць на вайну з жонамі й дзяцьмі. Вось жа мая Лігія і ёсць дочанькай таго князя-караля.
— Скуль гэта ведаеш?
— Казаў мне гэта сам Аўл Плаўт. Лігі не перайшлі тады, праўда, граніцы, але барбары прыходзяць, моў бура, і ўцякаюць, моў бура. Так зніклі й лігі з сваімі рагамі тураў на галавах. Збілі Ваніевых свеваў і языгаў, але князь іхні быў забіты, тады адыйшлі з здабычамі, а закладнічкі засталіся ў руках Гістэра. Матка скора ўмярла, а дзіця Гістэр, не ведаючы, што з ім рабіць, адаслаў да загадчыка ўсяе Германіі, Пампонія. А той пасля вайны з каттамі вярнуўся ў Рым, дзе Клаўдый, як табе ведама, пазволіў зладзіць яму трыумф. Дзяўчына йшла тады за возам пераможцы, але пасля маніфестацыі й Пампоній таксама не ведаў, што з закладнічкаю рабіць, бо закладніцаў не можна было ўважаць за нявольніц, дык аддаў яе сваёй сястры Пампоніі Грэцыне, жонцы Плаўта. У гэным доме, дзе ўсё, пачаўшы ад гаспадароў, а канчаючы на птастве ў курніку, ёсць цнатлівае, вырасла на дзяўчыну, на жаль, так цнатлівую, як сама Грэцына, ды так прыгожую, што нат Папея выглядала б пры ёй, як вясенняя фіга пры гісперыйскім яблыку.