Выбрать главу

(Не паварочваючыся да яго.) Табе было сказана: пакладзі аўтамат на зямлю! (Бушцец сеў.) Дык што ж мне, грэшнаму, бог параіць, Мацвей?

Салянік маўчыць.

Правільна... Забі, але не думай, што гэта добра. Дык я і без бога ведаю, што гэта дрэнна… Ты колькі на фронце? А я забіваю з сорак першага! І з сорак першага знаю: не ў кожным немцу сядзіць Гітлер… Большасць з іх няшчасныя, простыя людзі… Але я буду страляць! І біць трапна! Да канца! Таму што ваюю супраць д’ябла! Праўда, ён у Берліне, але тут, у акопах, яго анёлы… Як там у вас: ці адракаешся ад д’ябла і анёлаў яго… Адракаюся!

Салянік. Ім таксама кажуць, што з імі бог… А мы д’яблы…

Дугін. Ма-аленькая розніца ёсць. Я не праліў ні кроплі нявіннай крыві…

Салянік. Загадаюць — пральеш…

Дугін. Не!!! Сустрэну партызан, дзяцей тых, хто паліў тваю Мар’ю, — я іх не зачаплю! Руку сабе да локця адсяку, але не зачаплю! Не ўбій!.. Яно ў яго было… (Паказаў на Дзерваеда.) Калі жонку з дзіцем на смерць аддаў, каб іншых не забілі… Ты думаеш, яму кара гасподня страшная? Ды ён ужо быў у пекле. Тут, на зямлі…

Дзерваед. Не трэба так, старшына…

Дугін. Трэба! (Да Саляніка.) Дай запалку. Патухла… (Зноў прыкурвае. Паўза.) Усё! Пагаварылі, і досыць… Зараз артпадрыхтоўка… Пойдзем далей… Раней сядзем — раней выйдзем… (Вельмі проста.) Бяры аўтамат, Мацвей…

Салянік стаіць нерухома.

Бяры...

Салянік маўчыць. Паўза. Дугін дастае з аўтамата дыск.

Хлопцы, у каго патронаў мала?

Дзерваед. У мяне…

Дугін. На, дзед… (Аддае дыск Дзерваеду, а пусты аўтамат Саляніку.) Ротны з зампалітам у суседнім будынку… Здай зброю і пра ўсё далажы… Мне некалі. Зараз атака… Малы, завядзі яго…

Бушцец (хрыпата). Я завяду.

Дугін. А, мабыць, і не трэба… Ты ж сам, Мацвей, дойдзеш? Праўда?

Салянік. Дайду… Не насі на мяне злосць…

Дугін. Будзь здароў.

Салянік пайшоў у пралом. Дугін падыходзіць да Бушцеца.

Устаць!

Бушцец. Што? (Падхапіўся.)

Дугін. Ты хто? Вярхоўны Галоўнакамандуючы? Пракурор? Суддзя, каб чалавека да сценкі ставіць?

Бушцец. Я — франтавік! Я маю права…

Дугін. Тады ў каменданцкі ўзвод шуруй! А ў маім аддзяленні ніхто перад носам зброяй махаць не будзе! Усёк?

Прарэзлівы посвіст. Усе падаюць на падлогу. Бліскавіца на ўвесь пралом. Выбух. Пыл. Цішыня. Байцы падымаюць галовы.

Адуванчык. Нічога сабе дзеўбанула… (Падымаецца, падыходзіць да Дугіна.) Старшына, ну на які д’ябал трэба было яго з абозу браць?..

Дугін. Людзей не было. Вышыню браць трэба… і маўчы!

Адуванчык. Я маўчу.

У праломе, без каскі, шэры ад пылу, скурчыўшыся, з’яўляецца Салянік.

Дугін. У каго ёсць пакет? Дайце пакет!

Дзерваед. Зараз!

Салянік. Не трэба, хлопцы… Нічога не трэба… Даруйце мяне…

Дугін (да Адуванчыка). Збегай за Лідкай… Яна на КП… (Адуванчык знікае ў праломе.)

Салянік (да Бушцеца). Даруй, Сяргей… Праўда твая… Толькі ты спыніся… калі можаш… Падыдзі, Пятрок…

Дзерваед падыходзіць.

Дзерваед. Што, Мацвей? Што?

Салянік. Адпусці мне грахі мае…

Дзерваед. Што ты! Не веру я… Не веру…

Салянік. У бога можна не верыць, трэба жыць па ім…

Дзерваед. Ты не бойся, Мацвей, не бойся…

Салянік. Я не баюся… На ўсіх нас на зямлі адна душа… Тыя, хто мучае, забівае, — пройдуць па слядах пакутнікаў, па жыцці ахвяр сваіх… Пекла тут… На зямлі… І ачышчэнне чалавека… Госпадзі, што ж ты з намі робіш? Што ж ты робіш?

Прыбягаюць Адуванчык і Ліда.

Ліда. Зараз, зараз, дзядзька Мацвей… (Корпаецца ў сумцы.) Што гэта ты?

Салянік. Не трэба, дачушка… Пасядзі так. Памаўчы…

З кароткім шыпеннем над будынкам праносяцца снарады гвардзейскіх мінамётаў.

Дугін. Пачалося! Рыхтуемся, хлопцы… Чакайце чырвонай! Артналёт кароткі будзе… Адуванчык! Памажы тут…

Адуванчык. Што тут памагаць?

Дугін (злосна). Рабі, што сказана!!

Дугін, Дзерваед, Бушцец падбеглі да вокнаў, чакаюць.

Ліда. Дзядзька Мацвей, ну што мне зрабіць? Што мне зрабіць?