Выбрать главу

Дзерваед. Што ты такое кажаш?

Люська. Памаўчы, дзядзька… Хай гаворыць…

Жанчына. О-о, Гальку ты маю не бачыў! Бывала, з бані прыйдзем, яна такая распараная, чыстая, свежым малаком пахне… Як памыецца — заўсёды свежым малаком пахне… А валасы ў яе! У Антанёва яе Вадзяніцай звалі… Русалка, значыцца… Я яе на камень стаўлю… Ля парога ў нас камень ляжыць… Таму што валасы ніжэй пят… І як лён мяккія-мяккія… Пастаўлю і грабянцом іх, грабянцом… А яна аж свеціцца… Сонца вечаровае ў валасах… Аж свеціцца… Прыязджай, салдацік…

Дзерваед. Ты еш, еш…

Люська. Ты, дзядзька, не слухай… Нікога ў яе няма… Ні Антанёва, ні хаты, ні дачкі… У лагеры яны былі… Дачку ў дваццаты блок забралі… Блок такі ў лагеры быў… Яны там аперацыі вучыліся рабіць… І хваробы лячыць… Высокіх дзяўчат выбіралі… Мяне ў той блок забракавалі: ногі тонкія і грудзей няма… А ім трэба, каб усё было… Гальку ўзялі… Сапраўды прыгожая была… Дык во ходзіць цяпер і каго ні сустрэне — за сваю Гальку сватае…

Дзерваед (да жанчыны). Цябе як завуць?

Жанчына. Наста… Наста з Антанёва… А дачку маю — Галька… Прыязджай, салдацік…

Дзерваед. Я прыеду. Кончу вайну — і да вас у Антанёва…

Жанчына. А вёска ў нас чыстая, вясёлая… Каля кожнай хаты па крыніцы…

Дзерваед. То добра… Ты толькі больш нікому не расказвай пра Гальку. А я прыеду… Гітлера кончым, і прыеду…

Жанчына. Ага…

Дзерваед. Ешце… (Да Люські.) Ты хлебам, хлебам макай у згушчонку… Цяпер можна, калі жывот не забалеў… (Дастае яшчэ хлеба.) Гэта вам на дарожку… Нічога, дзеўкі! Нас не скруціш… І гэта перацерпім-перажывём… Нас б’юць, а мы жыта сеем…

Уваходзіць Бушцец, несучы ў руках некалькі банак кансерваў, хлеб, канцэнтраты. Узбуджаны, вясёлы. І раптам нібы натыкаецца на нябачную сцяну. Пасунуўся назад, прыціснуўся спіной да сцяны. Стаіць здранцвела.

Дзерваед (да Люські). А ў цябе хоць хто-небудзь застаўся?

Люська. Расстралялі ўсіх… Мы партызанам медыкаменты ў лес перапраўлялі… Як яны даведаліся?

Дзерваед. Значыць, нікога?

Люська. Нікога… Мужа ў армію з вяселля забралі… З папяровай кветачкай на грудзях… Забілі, мабыць… Як яны б’юць, дзядзька… Як яны б’юць…

Дзерваед. Яно нічога… Забываць трэба… Хутчэй забудзеш — лягчэй жыць будзе… А жыць трэба… Трэба жыць… А гэта… чый ён…

Бушцец нерухома стаіць каля сцяны.

Люська (правяла далоняй па жываце). Мой… Больш сказаць… няма чаго сказаць… Ён пачаў жыць без любві, пад страхам і бяссільнымі слязьмі… Але без граху, дзядзька… Без граху!

Жанчына. А вёска ў нас чыстая, вясёлая… (Есць.)

Дзерваед. А ты не плач… Бяды няма…

Люська. Можна праклінаць бога, вайну, Гітлера, увесь свет, а яго і мяне… за што ж?.. Нам і так дасталася… Што я толькі не рабіла! І ў халоднай вадзе сядзела, каб застудзіцца, і з лесвіцы знарок валілася, і… Што толькі не рабіла… А ён аднойчы сярод ночы пад сэрцам мяне пагладзіў… Знутры, па жываце… Як папрасіўся: не трэба, не вінаваты я, пусці мяне жыць… Я, я неяк супакоілася… Я ж са сваім нават не нацалавалася ўдосталь… З вяселля забралі… Толькі думала пра яго ды ў сне бачыла… У душы насіла… І гэта будзе яго дзіця… Яго. Душа мяне не асудзіць… Ні яго, ні мая… Людзі — хай. Душа не асудзіць…

Бушцец нерухома стаіць каля сцяны.

Дзерваед. Які там суд? Ён твой… І ты яго нікому не аддавай.

Люська. Не аддам…

Дзерваед. Зберажы ад усяго шалёнага свету…

Люська. Зберагу…

Дзерваед. Навучы дабру і любові…

Люська. Навучу… (Паўза.) Дзякуй табе, дзядзька… Прыязджай да нас у Крынічанск…

Дзерваед. Яно можна…

Жанчына. Крыніц у нас шмат… І Нёман вясной разліваецца шыро-о-ока…

Люська. Пойдзем, цётка Наста… (Да Дзерваеда.) Нас на зборным пункце чакаюць…

Дзерваед. На згушчонкі… Еш патрохі… Яно трэба…

Люська. Дзякуй табе, дзядзька… Хай цябе куля абміне… Хадзем, цётка…

Нізка пакланілася Дзерваеду. Жанчына таксама. Выходзяць. Бушцец як здранцвелы стаіць каля сцяны і не міргаючы глядзіць перад сабой. Дзерваед збірае рэшткі прадуктаў, заўважае Бушцеца.

Дзерваед. Сяргей, хто гэта ў нас у роце з Крынічанска быў? Гураў ці Варонін?