Бушцец (хрыпіць). Я…
Дзерваеда як ударыла. Павольна-павольна падымаецца. Падыходзіць да таварыша. Паўза.
Дзерваед (ціха). Яно ўсё так… але дагнаць трэба… Не наша з табой гэта вайна, Сяргей… Не мы яе вынеслі, а яны… Бабы нашы… На іх яна лягла… У іх слязах і ў іх крыві Гітлер пракляты захлынуўся… У іх душах праўда вечная… І любоў. Калі б мне Мар’ю вярнуць… Каб толькі можна вярнуць.
У праломе з’яўляецца Жанчына з дзіцем.
Я б перад ёй да магілы на каленях хадзіў… Не мы ім, а яны нам дараваць павінны… За жудасць, якую перажылі… За страх і слёзы нявінныя, за смерць і пакуты, якія мы на сябе ўзяць не змаглі… За тое, што мы забіваем, а яны нараджаюць… Яно дагнаць трэба… Дзіцё яно дзіцё… Нашае вады з крыніц пап’е, пад нашым сонцам пагрэецца, нашых песень наслухаецца — яно і нашым будзе… Нашы бабы добра спяваюць… Яно дагнаць трэба… Супакоіць…
Бушцец не зварухнуўся.
(Крычыць.) Дагані!!!
Бушцец (зрабіў рух, але, як падкошаны, апусціўся на падлогу). Не… магу… (Таксама крычыць.) Не магу!!!
Жанчына з дзіцем знікае.
Зацямненне.
Ізноў руіны нейкага будынка. Ноч. Скрыня з-пад снарадаў, на ёй газнічка, хлеб салдацкі, тры кружкі. Вакол скрыні сядзяць Дугін, Дзерваед і Бушцец. Ціха так сядзяць. Думаюць. І па ўсёй зямлі цішыня. Як вымерла ўсё. Дзерваед ціха-ціха спявае:
Дугін. Дап’ём?
Дзерваед. Можна…
Дугін. Давайце, хлопцы… За Перамогу… Цяпер можна… Сёння ці заўтра капітуляцыю падпішуць… Безагаворачную!! Будзьце жывы! (П’е.)
Дзерваед таксама выпівае. Бушцец сядзіць нерухома.
Чаго ты, Сяргей?
Бушцец. Га?
Дугін. Пі…
Бушцец (бярэ кружку). Ціха… Як у магіле… Аж мутарна. (Выпіў, ляпнуў кружкай па скрынцы. Раз! Другі! Трэці! Усё мацней, мацней, мацней.)
Дугін. Хопіць псіхаваць!
Бушцец (кінуў кружку, да Дугіна). Ты ў арміі застанешся?
Дугін. Не… Здароўя няма…
Бушцец. Дарэмна… З Зоркай пайшоў бы далёка… Куды дзявацца? Страляць умею… (Дастае з-за спіны корцік.) Біць пад левую лапатку — умею! (Спрытна ўваткнуў нож у скрыню.) Гранату з дваццаці метраў у вядро закінуць змагу… Усё жыццё буду ўспамінаць вайну… Толькі вайну ўспамінаць…
Дзерваед. Усё міне… Абы жыць…
Бушцец. Нічога не мінае… (Дражніць.) «Абы жыць…» Капітан, хочаш, корцік падару? Пад Ленінградам здабыў… Ён на мяне замахнуўся, а я думаю: «Ого, які прыгожы!» Ды за руку! Ды сапёрнай лапаткай па шыі! Хочаш падару?
Дугін. Давай… (Бярэ корцік.)
Дзерваед. Малы пісьмо прыслаў…
Бушцец. Што піша?
Дзерваед. Медаль далі… Ну і прывет усім…
Бушцец. Калі ж наступную чакаць?
Дзерваед. Што?
Бушцец. Вайну… Калі новы Гітлер народзіцца? І чаму так? Чаму ім вераць? Чым больш чокнуты, тым яму больш вераць…
Дугін. Хацеў, сволач, каб усе жылі, як яму хочацца… Як ён гэта бачыць… А не хочаш — трэба прымусіць! Страхам, агнём, куляй, канцлагерам… І народ за ім пайшоў…
Дзерваед. Некалі людзі зразумеюць, што чужым хлебам заўсёды падавішся… Чужое сілай возьмеш — разлічышся… Не ты, дык твае дзеці, не дзеці, дык унукі… Гітлер во разлічыўся… Здох!
Бушцец. Госпадзі, як ціха! Ёсць яшчэ гарэлка?
Дугін. Няма. Хопіць.
Дзерваед. Сеяць трэба…
Бушцец. Што?
Дзерваед. Нічога…
Бушцец раптам засмяяўся.
Дугін. Чаго ты?
Бушцец. Бачыш, колькі друзу? Колькі спаленага? Пабітага? Зруйнаванага па ўсёй зямлі?
Дугін. Ну…
Бушцец. А калі і ў нашых душах тое ж… Га?
Дзерваед. Адбудуем. Не прывыкаць. Абы трохі ціхага часу далі… Добраму чалавеку нічога не трэба… Абы ціхі час… Ён і хлебам накорміць усіх, і дзяцей вырасціць, і песню добрую складзе, і зямлю кветкамі засее… Дайце яму гэтую часіну! Не чапайце вы яго! Не дадумаліся людзі яшчэ, што на зямлі на ўсіх нас адна душа… Што пачынаць ваяваць — супраць сябе ж ваяваць, што пачынаць забіваць — сябе ж забіваць… Адна ж душа…
Бушцец. Гэта і ў цябе, і ў Гітлера, і ў тваёй Мар’і?