У праломе з’яўляюцца яшчэ два байцы. Хударлявы, з бледным тварам Салянік вядзе Адуванчыка з перабінтаванай галавой. Гэта зусім хлапчук. І сапраўды падобны на адуванчыка. Галава ў белых кучаравінках, толькі ў адным месцы над левай скроняй валасы не растуць. Плача. Салянік адпусціў таварыша, зняў каску, зняў з пляча аўтамат, перахрысціўся.
Бушцец. Што, Адуванчык, атрымаў на абаранкі?
Адуванчык. Балі-іць…
Бушцец. Ідзі ў санбат… (Да Саляніка.) Апостал, завядзі яго…
Адуванчык (хныча). Вуха, паскуда, адгрыз… Счапіліся ў траншэі… У яго цясак, а ў мяне аўтамат… Адзін аднаго за рукі — і танцуем… Ён мяне нагой ззаду, я яго нагой ззаду… Худы, стары, а жылісты… І так я яго, і так… Як абцугамі за рукі схапіў! А потым хавальнік свой раскрыў, зубы жоўтыя, рэдкія, і за нос мяне — цап! Я морду ўбок, а ён за вуха, барбос паганы! І грызе… Я крычу, а ён грызе…
Бушцец. Ты б яму яшчэ што-небудзь падставіў…
Адуванчык. Ну як я буду без вуха? З аднаго боку падсмалены, а з другога без вуха!
Бушцец. У цырк пойдзеш… Людзей смяшыць…
Адуванчык. Дзякуй, Мішка Гальчанскі падаспеў… Закалоў гада, а то ён бы мяне саўсім загрыз…
Бушцец. А дзе Гальчанскі?
Адуванчык. Адкуль я ведаю? Ён далей пабег…
Салянік. Супакоіўся Мішка… Каля брамы ляжыць… Крокі тры да сцяны не дабег…
Бушцец. Мо параніла?
Салянік (паківаў галавой). Я яму вочы закрываў…
Бушцец (уздыхнуў). Значыць, закурым яго табачок… (Пакорпаўся ў кішэнях, дастаў замусолены пачак «Казбеку». Да Дзерваеда.) Бяры, партызан… Казаў, калі што-якое — на памінкі вам пакідаю. А да Берліна дойдзем — перад Гітлерам выкуру, а акурак у яго на лбе затушу…
Дзерваед (бярэ папяросу). Не затушыў…
Адуванчык. Дай і мне…
Бушцец. Кашляць будзеш…
Адуванчык (злосна). Дай мне!!
Бушцец. Чаго крычыш? У мяне вушы цэлыя… (Да Саляніка.) Мацвей, пацягнеш сатанінскага зелля? Бяры, бяры… Памяні Мішку Гальчанскага…
Салянік. Я памяну… (Папяросу не бярэ.)
Кураць. Паўза.
Бушцец (задуменна глядзіць на дымок ад папяросы). Ну, вось і ўсё, Мішка… Старыя твае і дзеткі малыя ў Ленінградзе з голаду памерлі ў блакаду, жонку на фронце забіла, сам ты пяць разоў быў паранены і два разы кантужаны і лёг касцьмі на чужой зямлі перад канцом вайны… (Нервова затушыў папяросу аб уласную далонь.) Два гады пад адным шыняльком спалі, з аднаго кацялка елі, па чарзе наркомаўскую пілі! Мне б зараз выць, валасы на сабе рваць, а я куру яго папяроску, і хоць бы… Нават рады, сволач, што не мяне сёння, а яго паклалі…
Салянік. Ужо і плакаць не можаш?..
Бушцец. Чым плакаць?! Калі б па адной слязінцы на кожную смерць, на ўсё, што бачыў, ды я б па кропельцы распляскаўся ад Ржэва да Германіі…
Салянік. Цяжка табе будзе… Калі ўсё высахла.
Бушцец. Ідзі ты!
Паўза.
Адуванчык (падышоў да Дзерваеда). Дзед, а мне нашыўку дадуць?
Дзерваед. Што?
Адуванчык. Нашыўку, кажу, дадуць за вуха ці не? Ну, як у Гальчанскага былі… Раненне ўсё-ткі… Лёгкае…
Бушцец. Нашыўкі за раненне ад кулі даюць, а не ад гнілых зубоў.
Адуванчык. Дык мне ж яго не пацукі адгрызлі, а фашыст! Якая розніца, куляй ці зубамі? Вайна во-во скончыцца, а на гімнасцёрцы адны гузікі… Хоць бы нашыўку якую…
Салянік (ціха). Госпадзі, дай нам сілы…
Бушцец. Каму ты молішся, ахламон? Гэта ж касцёл!
Салянік. Бог адзін…
Бушцец. Тут, можа, Гебельса хрысцілі, а ён моліцца, прыдурак. Адуванчык, папрасі, хай ён табе нашыўку вымаліць…
Дзерваед. Не чапай чалавека… (Да Адуванчыка.) А ты за нашыўкамі не ганіся… Хопіць з цябе нашывак і на сэрцы… Жывым трэба застацца…
Адуванчык. А мяне не заб’юць… Я яшчэ маленькі быў, матцы цыганка гадала на мяне… Па жылках… У мяне тады на твары жылкі такія сіненькія былі… Кажа, хай вады баіцца. Ад агню, ад кулі і ад сухот на ім закляцце ляжыць… А вады хай баіцца. Во! Агонь мяне і не ўзяў… Нас палілі… Прыходзяць, каля печы рукі пагрэлі, пытаюцца: «Матка, яйка, млеко, шпек партызант даваль?» Не, кажа, няма, не ведаем… «Шлехт, кажуць, плёхо, капут». Да печкі тварамі паставілі. У маткі сястрычка маленькая на руках. Матка просіць: «Паночкі, каб жа толькі не больна дзеткам было… Не страляйце больна…» А Зоська на вуха шэпча: «А гэта не шчакотна… калі страляюць?» Шчыкоткі баялася. Шчыкотна ж не было. І больна не было… Яны нас абушком па галаве кожнага… Каб не мучаліся, значыць… (Да Саляніка.) Слухай, Мацвей, а я тады бога трызніў… Гэта не грэх, бога трызніць?