Паўза.
Дугін. А потым?
Дзерваед. А потым хату запалілі… Я сівець пачаў… Мар’ю не вывелі… І стрэлу чуваць не было… Не ведаю, што з ёй зрабілі… З хаты не выводзілі…
Паўза.
Дугін. Гавары, яшчэ гавары…
Дзерваед. Васілька (захліпнуўся паветрам)… Не магу!!! Разоў дваццаць спрабаваў расказваць… не магу…
Дугін (жорстка). Гавары!
Дзерваед. Аддыхаюся… Перад хатай антонаўка старая расла… За кашульку на сучок зачапіў, самі адышліся… горача стала… Хата гарыць, Васілька ад крыку на яблыньцы заходзіцца, я зямлю зубамі грызу… Пачуў, як па валасах холад пайшоў… І ўсё. У атрад хлопцы прынеслі… Яблыкі на антонаўцы печанымі сталі… Мар’я з Васількам за мной ходзіць… Вінаваты я…
Дугін. Чым ты вінаваты? Што ты мог зрабіць?
Дзерваед. Зрабіць я, канечне, нічога не мог… Мне трэба было з імі разам… А я ў жыце ляжаў… Сівеў і ляжаў… Да гэтага часу перад сваёй душой апраўдваюся: выскачыў бы — хлопцаў засыпаў, а разведка важная была… План карацельнай экспедыцыі неслі… Брыгаду ўратавалі… Цэлую брыгаду… Што там Мар’я з Васількам? Праўда?
Дугін. Тут не па арыфметыцы трэба…
Дзерваед. А па чым?
Дугін. Не ведаю… Можа, калі-небудзь хто-небудзь разбярэцца…
Дзерваед. Да шаптухі хадзіў… Ведаеш, што сказала? Кроў трэба нявінную праліць за Мар’ю і Васілька… Тады іх душы супакояцца… А я ўчора кансервы свае аддаў… Дзіцёнак змораны, залатушны, нават не плача, стогне толькі… Якая там кроў?..
Дугін. Ведзьма нейкая сказала гэта табе.
Дзерваед. Не трэба… Гэту ведзьму два разы расстрэльвалі…
Дугін. Каску ў атаках усё ж адзявай…
Дзерваед. Не заб’юць… Мяне ўжо забілі… У жыце… Звечарэла мая душа…
Дугін. Пойдзем, партызан! Вінца трафейнага цяпнем… Памянём тваю Мар’ю і сына…
Пастаялі. Паслухалі салаўя.
Чуеш? Спявае, гад…
Дзерваед. То добра…
Пайшлі ўглыб. Салавей спявае. Паўза. Потым збоку шпарка выходзіць санінструктар Ліда. За ёй, трымаючыся за шчаку, выбягае Бушцец.
Бушцец. Ты што, звіхнулася?
Ліда. Я табе казала — не трэба!
Бушцец. Усе спачатку кажуць «не трэба». Нашто па мордзе лупіць?
Ліда. Я не спачатку, я ў канцы, Сярожа… Не чапай мяне, калі ласка…
Бушцец (падыходзіць). Ды ладна…
Ліда (жорстка). Сяргей!
Бушцец (таксама жорстка). Так бы адразу і сказала! Нашто рукамі махаць?!
Ліда. Балюча?
Бушцец. Балюча… (Пасля паўзы.) Што, знайшла з зорачкамі на плячах?
Ліда. З зорачкамі… Толькі ў вачах.
Бушцец. Ух ты! Гэта вясна з нямецкім салаўём на цябе дзейнічае… (Паўза.) Ну, а са мной і без зорачак не блага было? Пагрэлася і ў кусты?
Ліда. Я не грэлася… Я цябе адагрэць хацела…
Бушцец. Слаба нешта грэла. Плакала больш…
Ліда. Хацела, каб і ты заплакаў…
Бушцец. Ну-ну… І шмат для каго ты цёпленькай была? Толькі без рук!
Ліда (нечакана проста). Шмат… Даруй, Сярожа… Холадна мне з табой і страшна…
Бушцец. Чаго прыйшла?
Ліда. Пакліч Дувянца…
Бушцец. Каго-о-о?! Адуванчыка?
Ліда. Мне перавязку трэба зрабіць…
Бушцец. Ноччу?
Ліда. Пакліч…
Бушцец. Ну, Лідэс! Ну, драпежніца! Ты ведаеш, колькі яму гадоў?
Ліда (нервова). А колькі мне?! Ты ведаеш?! Што, рукі не тыя? А колькі вашай крыві на гэтыя рукі вылілася, ты ведаеш? Грудзі не тыя? А колькі я прапаўзла на гэтых грудзях, ты ведаеш?