Выбрать главу

і зялёны карапуз. Сядзіш ля яго і думаеш, што, можа, не зменіш сусвет, не злётаеш у космас, але вырасціў жывую зялёную казяўку.

***

У мяне актывізаваўся нейкі паляшуцкі ген, які штодня па дваццаць чатыры гадзіны нудзіць: што яшчэ пасеяць? Зямля прападае дарэмна. Што яшчэ пасадзіць? Купіць карову. Купіць казу. Не, лепей дзве каровы. І казу. Тры. І трактар. І зямлю яшчэ.

***

Пасеяў трыста трыццаць тры сланечнікі. Зімой прыеду ў Мінск ля метро семкі прадаваць.

***

Радзіва «Прудок». Навіны замежжа.

— Абама прыжаў Меркель, і яна не можа прыехаць у Маскву павіншаваць Пуціна.

У цягніку гавораць палескія бабулі. Нашто мне тэлевізар? Я ўсё ведаю і так.

***

Да маіх бацькоў прыехалі госці з Расіі. І я тут гасцюю разам з Варварай. Дай мне, божа, цярпення. Мая тонкая душэўная арганізацыя псуецца ад украінафобій. Вярнуся дадому — напʼюся крапівы.

***

А ў мяне лён павылазіў з зямлі. Гэта нешта такое сакральнае беларускае. Кожны мусіць пасеяць лён, каб адчуць урачыстасць моманту.

***

У пошуках бабулі, якая робіць вышыванку, званю сваёй маці.

— Ма, — кажу, — а мо ты ведаеш такую?

— Ведаю, — адказвае, — гэта я.

Тое ды сёе, кажа, што ейны бацька быў апошнім вясковым майстрам, хто рабіў пасталы.

— І я пару разоў пастолікі насіла, — кажа маці.

А яе дзед апошні ў вёсцы насіў вышываную кашулю.

— Я вышывала, а дзед надзяваў і ганарысты такі хадзіў па вуліцы.

Сёння ў нашай хаце свята. Калі ласка ў нашу хату. Будзем сядзець, хто хоча, хоць да ночы, бо мяне электрыфікавалі.

Болей не давядзецца зараджаць тэлефон у калгасе імя Ф. Э. Дзяржынскага. Я так і казаў:

— Рома, ты за гаспадара, а я пайшоў да Фелікса Эдмундавіча.

***

У Каленкавічах дагэтуль прынята хадзіць па вуліцы з музыкай. Раней шпана цягала з сабой магнітолы на батарэйках. Цяпер — мабільныя тэлефоны. Тэлефона не бачна, таму ідзе такі хлопец — музычная скарбонка, а з яго льецца блатняк.

Мне пашчасціла ўбачыць каленкавіцкую бабулю, з глыбіні якой цурчыць акардэон.

***

Колісь, калі жанчына не хацела мець дзяцей, яна замыкала замок і кідала яго ў студню. Чысцілі маю студню і на дне знайшлі стары замкнуты замок. Цікава, гэта замок-замок ці замок-кантрацэпцыя? Ці, можа, ён там ляжаў з іншай нагоды, трапіў на дно праз невядомы мне рытуал? Ці проста ўпаў, калі баба Дуся набірала ваду?

***

Радзіва «Прудок». Навуковая перадача пра металалом.

Палешукі вельмі сквапныя на жалеза. Мо праз генетычную памяць пра жалезную руду, якую колісь сям-там на Палессі здабывалі.

Мае бацькі жывуць крыху вышэй па Прыпяці. У іх быў сусед, ужо нябожчык, меў мянушку Жалезны. Тую мянушку атрымаў менавіта праз схільнасць цягнуць у свой двор усё жалезнае.

Ёсць патрэба абрасці жалезам і ў мяне.

Пакуль вычышчаў двор ад хламу, назбіраў кучу металалому: нейкія зубчатыя колы, дэталі ад прыстасаванняў, імя якім і сто гадоў таму ўжо не помнілі. На першы погляд, непатрэбшчына, але зрабіў у двары закуток («жалезная покуць») для гэтага хламу — хай будзе. Супраціўляцца генам не дам рады.

Коля кажа:

— Аддай жалеза, а я табе ўсё смецце вывезу.

— Не аддам.

— Нашто яно табе?

— А табе?

— А я люблю такое, мне нада.

— І мне нада, і я люблю.

Не аддаў. Але перахаваю. Бо ўкрадуць.

***

Радзіва «Прудок». Начны эфір. Страшны.

Стаўлю я ў сне тычкі на фасолю, а яны падаюць. Нейкія фільмы жахаў паказваюць у гэтых вашых прудкаўскіх снах.

***

Не даюць мне сёння спаць. Рома туды-сюды праз акно носіцца. Сам не ведае, дзе хоча быць. Нехта жарэ маю сцяну. Па руцэ паўзе жук-насарог. Эпіцэнтр падзей, а не ціхае вясковае жыццё.

***

Болей за ўсё палешукі баяцца ўроку. Калі ўсё добра, пра гэта нельга нікому казаць. Лепей і не думаць. Таму тут не працуюць, а гаруюць. Свойская жывёліна заўсёды — худобіна.

Цётка Дуня пытаецца:

— Што ты тут пасадзіў?

— Тое ды сёе.

— Дажджу не будзе, нічога не вырасце. Я падумаў: «От жа каза якая!»

Потым мне патлумачылі, што так пажадалі добрага ўраджаю. Я мусіў у адказ паскардзіцца на надворʼе, нікчэмную зямлю і на тое, што няма гожых дзевак у радыусе дваццаці кіламетраў.

Я ўсё яшчэ актыўны аптыміст, таму не самы сапраўдны паляшук. Я выпраўлюся, абяцаю.

***

Або беларусы такія цярплівыя таму, што шмат стагоддзяў запар вырошчвалі і палолі лён, або беларусы шмат стагоддзяў запар вырошчвалі і палолі лён таму, што такія цярплівыя. Мае харвацкія гены пужліва глядзяць, як мае беларускія гены цярпліва полюць.