Выбрать главу

Чэрвень

***

Радзіва «Прудок». Перадача пра птушак Палесся.

Раніцой адна скочыла мне на галаву, другая пасялілася на маім капелюшы. Маю хату атакавалі сітаўкі. Мо так і трэба?

***

Гляджу я на свае кабачкі, града з якімі хіба што ўкраінскай мяжы не дасягае, і думаю, што я псіх. Сквапны палескі псіх.

***

Усё як мае быць: і кабачкі, і сонца, і чыстае неба над галавой. А трэба трохі дажджу. Агарод гарыць. Цётка Воля звоніць з Каленкавіч, кажа:

– Сынок, як ты там?

— Гару, цётка, гару.

— І я гару.

— Прыехаць памагчы?

— Прыедзь памажы.

***

Палескія жанчыны ўмеюць адной рукой трымаць стырно машыны, другой — без промаху лавіць мух. На хуткасці 120 км/г. Сяджу побач і здымаю капялюш.

***

Сёння я правёў дзень са сваёй цёткай. Яна не глядзіць тэлевізар, належыць да «Сведкаў Іеговы» і баіцца гадзюк. Тыдзень таму цётка Воля няўдала павярнулася ў ложку і атрымала пералом ключыцы.

— Папалась я дык папалась, як цыган у калхоз.

Прачнуліся мы ў чатыры раніцы, прайшлі восем кіламетраў, пабачылі сем маленькіх чорненькіх гадзючак. Цётка кажа, што, каб забіць гада, яго трэба праткнуць наскрозь галінкай. Калі не праткнуць, іншыя гады выцягнуць яго з іншасвету. Яна ў гэта верыць. Я ў гэта веру.

***

Пра Палессе кажуць так: «Тут палку кінь — і тая папаўзе».

***

Вярнуўся ў Прудок. Прадаўчыха кажа, што ў маю адсутнасць дажджу не было.

***

Дажджу няма, а інтэрнэт е. Не трэба больш бегаць з ноўтбукам па хаце ў пошуках адзінай маленькай хвалі. Не трэба збіраць часткі мадэма, разбітага аб сцяну (бо я псіх). Velcom — гэта ўсё ж такі не МТС (дзе забраць ганарар за рэкламу?).

УУУУУУУЎЎЎЎЎЎЎЎЁЁЁЁЁЁЁЁ!!!!!!!!!!!

Мне трэба было сорак хвілін бегаць па хаце, каб прачытаць паведамленне ў фэйсбуку. Болей за ўсё злавала, калі паведамленне было кароткае — якоесь «ок».

Не, гэта часам было весела, але годзе.

***

Яшчэ сто мільёнаў гадоў, і калодзежны зруб будзе гатовы.

А вы кажаце: кабачкі, апошні рамантык, тонкая душэўная арганізацыя і філосаф.

***

Радзіва «Прудок». Начны эфір.

На Палессі жыве таямнічы Той, які пра ўсё ведае. Даўно мусіць быць выдадзены «Кішэнны шматтомнік афарызмаў Тоя», бо там-сям на ўзбярэжжах Прыпяці фіксуюцца выпадкі махлярства. Напрыклад, калі паляшук хоча, каб яго словы мелі большую вартасць, ён лёгка прыпісвае іх Тою: «Як Той кажа», «Як Той казаў». Праз недастатковую вывучанасць зʼявы цяжка вызначыць, якія афарызмы належаць непасрэдна Тою, а якія былі прыдуманы хітраватым мясцовым насельніцтвам.

Канец начнога эфіру. Гімн. Ідзіце ўжо спаць, не дурыце галаву ні мне, ні людзям.

***

Мае стасункі з жывымі людзьмі за чатыры дні. Серада. Пяць хвілін — з прадаўчыхай.

Чацвер. З жывымі людзьмі не размаўляў.

Пятніца. Адну хвіліну — з Алесяй, у якой бяру малако. Дзве хвіліны — з чалавекам, які лічыць, што ён мой сусед, хоць я яго ніколі не бачыў. Тры хвіліны — з прадаўчыхай.

Субота. З жывымі людзьмі не размаўляў. 0,1909722222222222% часу я быў онлайн.

***

Да абвесткі «Калі ласка, прыедзьце і забярыце ад мяне гэтыя кабачкі» засталіся лічаныя дні.

***

Мой агарод перарэзаны роўнай лініяй. Падобна на след ад лісапеды, але штосьці лягчэйшае, бо расліны не паламаныя і след неглыбокі. З аднаго боку лініі праз кожны метр — яміна, бы варонка якая. Слядоў чалавека ці жывёлы няма.

Прабацька беларусаў Той, гэта ты? То спі, я больш не буду. Ці палка прапаўзла?

***

Я бы тая зязюля. Хаджу па Прудку і падкідваю прыстойным людзям кабачкі. Пакуль прадаўчыха ў краме, я ёй на лісапеду пакет з сённяшнім вывадкам павесіў. І збег абходнымі сцежкамі. Адбіткаў пальцаў не пакінуў. Падазроных асобаў з біноклямі ў вокнах не бачыў. Бадзяюся па двары з выразам на твары «гэта не я».

***

Я зразумеў, што адзін у полі не воін, і прашу дапамогі: збіраю ў сябе талаку на будаўнічыя працы. Ну як талаку — маленькую талаконьку, чалавек на пяць. Асаблівых уменняў не трэба (у мяне іх таксама няма). Галоўнае, каб былі рукі, пачуццё гумару (якое спатрэбіцца, каб з рыдлёўкай наведваць лясную прыбіральню), уменне спаць на падлозе ці ў намётах у двары і любоў да кабачкоў. Фармат — палескі, мова — беларуская, ежа — вясковая.

Будзе наладжана экскурсія ў мясцовую краму, дэфіле калгасных кароў, піццё крапівы і свойскага малака. Клімат — субкантынентальны, блізкі да трапічнага. Ёсць лісапеда. Што яшчэ? Чым яшчэ прывабіць?