Выбрать главу

***

У мяне ёсць мухі. Самую надакучлівую муху завуць Наташа. Я люблю ўвечары легчы, выключыць святло і сказаць уголас:

— Наташа, адчапіся. Не сёння.

***

З усіх маіх унутраных асобаў крыху пакіраваць целам захацелася хіпстару.

Ён сказаў: «Не хачу будаваць хату — хачу маленькія бутэлечкі, як у модных мінскіх кавярнях». Унутраны этнограф не стаў пярэчыць, бо коркі з бярозавай губы выраблялі даўно-даўно. Унутраны пісьменнік вырашыў пра гэта напісаць. Унутраны гаспадар парадаваўся, што будзе чым затыкаць бутэлькі.

Усе мы тут рады. Усім нам тут добра. І Наташа ўсміхаецца.

Ліпень

***

Месяц таму мы з цёткай Воляй заўзята дзяліліся агародніцкімі поспехамі: я от гэта пасадзіў, а я гэта. Мы не слухалі адно аднаго, увесь час перабівалі, каб паспець пераказаць паболей дасягненняў.

Цяпер правілы змяніліся. У размовах мы жалімся на надворʼе і яго наступствы: у мяне гэта пагарэла, а ў мяне яно ўвогуле не вырасла, бе-бебе. Перамагае той, хто больш пацярпеў ад сонца.

***

Неспадзеўкі на Прудок напаўзла чорная хмара. Усе мы ціхенька сядзім пад вокнамі і молімся: толькі б хмара не збочыла, толькі б пайшоў дождж, толькі б сёння не Юравічам, а нам. Ужо няма розніцы, каму маліцца. Усё навокал заціхла ў спадзяванні. Усё навокал прасякнута спужаным няверʼем.

Дождж пайшоў. Выдых. Палёгка. Шчасце.

Апасля скажуць: то не дождж быў — то хлеб быў. Апасля маці запытаецца: «Ну што, павесялелі градкі?». Мы тут вельмі залежым ад дажджу.

Мы тут вельмі весялеем ад дажджу.

***

Мой дваюрадны дзед зачарпнуў вады з лужыны твар памыць. Раз зачарпнуў. Другі зачарпнуў. А дзе вада? А няма вады. Глядзіць, а з таго месца вясёлка пачынаецца.

— От ты вер ці не вер, а так і было.

— Веру.

***

Ягор дапамог зразумець магічную палескую фразу «Тут палку кінь — і тая папаўзе». Калі Тая — жонка Тоя, то гэта просты спосаб выклікаць Таю. Цяпер мы ведаем, што Той — тутэйшы аўтарытэт і што Тая можа паўзці.

Хм.

***

Эўрыка! «Неспадзеўкі на Прудок напаўзла чорная хмара». Тая — гэта хмара. Тут палку кінь — і Тая папаўзе. Гэта старадаўні магічны спосаб выклікаць дождж. Апошні раз я кідаў палку ў сне, калі тычкі на фасолю ставіў, а яны падалі.

Хочаце дажджу — кідайце палку ў агарод.

***

Купіў у бабулі сала для заўтрашніх талакоўцаў. Сам я, хто не ведае, даўно не ем ні сала, ні мяса. Старанна схаваў шматок у пограб. Пяць хвілін я і сала неяк абыякава ставіліся адзін да аднаго. Што было потым, я не памятаю. Памяць вярнулася да мяне, калі на талерцы засталіся толькі недаедзеныя кавалкі цыбулі.

***

Жыць на Палессі — гэта легчы спаць і пакутаваць, пакутаваць, пакутаваць. Потым а палове першай ізноў дастаць сала.

Чым я буду талакоўцаў карміць?

***

Калі мой унук пацікавіцца, хто ж зрабіў такі ладненькі брыль над ганкам і дах над сенцамі з каморай, я раскажу яму пра першых талакоўцаў: Віталіка, які, апроч таго што добра дапамагаў ва ўсім, пацешыў вершыкам пра ката, у якога яйцы «блішчаць у лучыках фанарыка», Сашу, які любую працу пачынаў словамі: «Гэта дурная работа», а потым яго няможна было за вушы адцягнуць ад той работы, Сержука, які распілаваў нажоўкай мо сто кубаметраў бэлек, а яшчэ заўзята ратаваў маю нагу, каторай я стаў на цвік, і Янку, якая бегала ў краму, каб даведацца ў прадаўчыхі, як гатуюць халаднік, і карміла нас як на ўбой.

Я абяцаю, што ніколі не забуду гэтыя тры дні. Што буду спаць у двары і заўсёды чакаць вас у госці.

Дзякуй.

Палескае сафары

Прыйшлі мы з сябрам Арцёмам у Боруск да дзеда Косціка і бабы Гашы, а іх сын, дзядзька Валодзя, кажа:

— За хатай сляды ваўка. Шура ўгледзеў.

— Мо то сабака? — дзед Косцік не хацеў верыць.

— Не, бацька, воўк. Барсук усю ноч брахаў. Вечарэла марудна.

— Ну і ціш. Лісток не шалахнецца, — штораз паўтараў дзед Косцік.

Дзядзька Валодзя курыў на лаўцы ля хаты. Ён чакаў ночы. Ваўка трэба застрэліць. Курыць болей не хацелася, і ён павёў нас да суседа Шуры, які ўгледзеў ваўка. Той быў п’яны, сварыўся са сваім сабакам.

— Што ты Палкана ганяеш? Ён на Вову брэша, каб не лазіў ля цябе. Шура пачаў блытана распавядаць, як выйшаў на воўчае кубло за грэбляй. З сабой меў ружжо.

— Ваўчыца — во такая малая. Воўк здаравенны — кабанё! Ён і ходзіць. А там тры штучкі. Шчаня-я-яткі. Яна — ваўчыца — паглядзела на мяне. Дык я кажу: да ідзіце вы! Жывіце вы, кажу.

Ён пераказаў гісторыю некалькі разоў. Пакрысе ружжо ператварылася ў гранатамёт. Бжжжжжж! — страляў з уяўнага гранатамёта Шура ў сваім аповедзе.

полную версию книги