Выбрать главу

Я дворнік!

***

Першы працоўны дзень. Працаваў у малінавых джынсах, бо тэатральныя порткі былі такія вялізныя, што туды можна ўсунуць дзесяць мяне.

У малінавых джынсах і з зялёнай мятлою я самы модны дворнік!

***

Раней я думаў, што галоўныя людзі ў тэатры — рэжысёры і акцёры. Але не. Папраўдзе самая галоўная тут аканомка Іосіфаўна. Яна бландзінка, падобная да Мэрылін Манро. Але, ну, такая — беларуская Манро. Добрая і клапатлівая. Месцамі нават занадта.

***

Электрык папрасіў паказаць яму рукі. Я паказаў.

— І ты з такімі рукамі прыйшоў працаваць дворнікам?! Ідзі, хлопча, займіся чым-небудзь іншым. Не смяшы мае дыёды.

***

Нядаўна ехаў у метро і глядзеў на твары людзей з вышэйшай адукацыяй. Кожны другі — пляменнік Бога. Астатнія — такое ўражанне — увесь час бегаюць, збіраюць паперкі, каб пацвердзіць, што і яны ягоныя пляменнікі. У тым самым метро сядзелі два просценькія мужыкі. Яны былі шчаслівыя, бо весела і шчыра варушылі сваімі вусамі. І калі вышэйшая адукацыя пазбаўляе права весела варушыць вусамі — ну яе к чорту.

У майго бацькі таксама ёсць вусы. Ён, палкоўнік, калі мне было пятнаццаць і я ганарыўся сваймі дасягненнямі ў раённай газеце, казаў мне:

— Будзь прасцейшым, і да цябе пацягнуцца людзі.

***

Самае складанае ў дворнікавым жыцці — прачынацца тады, калі вельмі зручна класціся спаць.

снежань

***

Калі выпадае першы снег, у дворнікаў выпростваюцца спіны. Гэтыя ўвесь год незаўважныя людзі цяпер глядзяць не долу, як учора, а ў самыя вочы кожнаму стрэчнаму.

Акрамя сваёй патрэбнасці, у гэты дзень я адчуў мышцы недзе паміж плячыма і грудзьмі. Яны так балелі, што я ледзьве змог зняць куртку з вешалкі ў сваёй каморы.

Дадому вяртаўся знявечаны. У метро на пытанне міліцыянта:

— Дзе працуеш? Адказаў:

— У Купалаўскім тэатры. І ён адчапіўся.

Напэўна, да смерці будзе думаць, што купалаўцы выглядаюць так.

***

Сёння электрык ізноў папрасіў паказаць яму рукі.

— Во, гэта ўжо рукі дворніка! Віншую!

А я гляджу на іх і не ведаю, ці то радавацца, ці то плакаць. Такімі рукамі ўжо непрыстойна дакранацца да жанчыны — толькі да рыдлёўкі.

Толькі да рыдлёўкі.

***

Маці па тэлефоне расказала чарговую сямейную сенсацыю: быццам вобраз Ганны Чарнушкі з «Людзей на балоце» Мележ спісаў са Сцепы — сястры маёй прабабкі Ёўгі.

От табе, прабабка, і Юр’еў дзень! А я цалаваўся з ёю ў сне. Гэта ж псіхалагічная траўма! Трэба схадзіць да Леры. Лера любіць слухаць мае эратычныя сны.

***

Учора прачытаў у Адама Багдановіча: «Если несущiй воду встрѣчаетъ кого нибудь идущаго по дѣлу, то высказываетъ нѣчто въ родѣ привѣтствiя: «съ поунымъ цябе!» и ему отвѣчаютъ: «дзякуй», т.е. благодарю».

А сёння (праз сто дваццаць гадоў!) іду сабе па тэатры з вядром солі, а насустрач шпацыруюць дзве прыбіральшчыцы.

Адна другой:

— З поўным цябе!

— Дзякуй.

***

На батарэі сохнуць мае шкарпэткі, якія я памыў пасля працы. Я ўяўляю сабе ўвесь такі акадэмічны тэатр, дзе ставяць «Паўлінку» і «Пінскую шляхту». Тэатр, які назвалі ў гонар не кагосьці там, а самога Янкі Купалы. І шкарпэткі, купленыя ў ЦУМе за дванаццаць тысяч рублёў. Тэатр Купалы — мае шкарпэткі. Тэатр — шкарпэткі. Гэтая думка мяне непакоіць.

Ідуць такія кітайскія турысты. А экскурсавод кажа:

— А цяпер у тэатры ў сто чатырнаццатым пакоі на батарэі сохнуць шкарпэткі дворніка Горвата.

А яны такія (па-кітайску, вядома):

— Нічога сабе!

***

Атрымаў першы заробак — 773 200 рублёў!

Гэта сапраўднае багацце, бо кожны рубель зароблены мазалямі і сваркамі з прэзідэнцкімі дворнічыхамі.

***

Пасля працы звычайна заходжу ў букіністычны аддзел «Белкнігі», палюю на «Караля Стаха». Сёння таго «Стаха» ізноў не было, затое патрымаў у руках часопіс «Вясёлка» за 1990 год.

Уявіце, у 1990 годзе наклад «Вясёлкі» быў 180 000 асобнікаў. 180 000 асобнікаў часопіса для дзяцей на беларускай мове! Як усё змянілася ўсяго за дваццаць тры гады!

Я памятаю іншы часопіс — студзеньскі нумар «Вожыка» за 1988 год. Мне тады толькі споўнілася пяць гадоў. На вуліцы вельмі сцюдзёна, мама хварэе. Я на падлозе гартаю часопіс. Ведаю ўсе літары, але чытаць не ўмею: не магу зразумець прынцып чытання. І раптам бачу два словы:

«каляндар вожыка». Не літары, а словы цалкам!

Гэта першыя два словы, якія я прачытаў сам!

***

А сёння амаль пяць гадоў маёй дачцэ.

— Тата, дзе мой асёл?

— Які асёл?

— Ну асёл. Такая фея.

— Фея-асёл?