***
АААА! Мая дачка сказала першае слова па-беларуску — «дзякуй». Я ёй: «Спі, я цябе люблю». А яна такая: «Дзякуй».
***
Сёння напісаў тры звароты ў дзяржаўныя ўстановы наконт зменаў у законы «Аб мовах» і «Аб назвах геаграфічных аб’ектаў». Мне гэты працэс спадабаўся. Таму я падумаў і напісаў яшчэ ліст з падзякай фабрыцы «Сонца» за пральны парашок «Мара».
Цяпер я дакладна не баюся старэць: я ведаю, як бавіць час на пенсіі, калі буду дзедам.
***
Свайго дзеда я ніколі не бачыў, ніколі не сядзеў у яго на каленях.
У 1931 годзе, у чатырнаццацігадовым узросце, ён быў «признан виновным в том, что являлся участником контрреволюционной повстанческой организации».
А я ў трыццаць адзін прыбіраю смецце. От як!
сакавік
***
Хто-небудзь мо збіраецца неўзабаве ехаць у бок Палесся і потым вярнуцца ў Мінск? Патрэбна жменя роднай зямлі.
***
Для мяне тэлефонныя размовы з мамай — гэта як чытаць «Беларусь у фантастычных апавяданнях», толькі тыя гісторыі, якія Баршчэўскі не паспеў сабраць.
Сёння пачуў гісторыю, як мая баба Ганна пасварылася са сваёй свякрухай — маёй прабабкай Ёўгай. І прабабка зашаптала бабуліну карову. Карова перастала даваць малако. Мая бабуля паехала да сваёй цёткі ў Боруск, тая зрабіла процітруту: зашаптала хлеб для каровы і наказала бабулі адзін дзень нікому нічога не даваць, хто б ні прасіў.
Як толькі карова атрымала антыдот, бабу Ёўгу пачало круціць — месца сабе не знаходзіла.
Прыйшла да маёй бабкі:
— Ганно, дай хлеба.
— Не дам. Карову лячу, нікому нічога сёння не даю.
— Ат, што ты ўздумала! Мы ж амаль у адной хаце жывем, — і сама ўзяла хлебную лусту.
Карова ноччу здохла.
красавік
***
Усё, я цалкам шчаслівы, бо ў мяне ёсць паўкіло палескай зямлі. Яна пахне хвоямі. Калі я хачу дадому, я высыпаю зямлю на газетку і станаўлюся на яе басанож. Заплюшчваю вочы і чую Прыпяць.
Зямлю мне перадала маці. Каб патлумачыць, навошта яна мне, прыдумаў гісторыю пра тое, што маім сябрам-біёлагам трэба зрабіць аналіз палескай глебы.
***
З маёй чароўнай палескай зямлі ва ўсе бакі лезуць палескія казяўкі. Не паспяваю кідаць іх на клумбу. Цяпер не толькі я тут палеская навалач.
травень
***
Адных толькі заробкаў дворніка мне не хапае. Сёння быў мой першы працоўны дзень у жаночым манастыры.
***
Вельмі складана расказваць пра сваю новую працу, бо амаль немагчыма размежаваць, дзе шчырыя пачуцці, а з чаго можна кпіць.
От сёння ў суседнім кабінеце працяглы час адбываўся канфлікт, а мае каляжанкі запалілі свечкі і ціхенька маліліся, каб канфлікт хутка скончыўся. Я не разумею, як да гэтага ставіцца. Жыццё, дзе ёсць смецце і аканомка Іосіфаўна, нашмат прасцейшае. Заўтра а сёмай раніцы я буду сядзець у сваёй тэатральнай каморы на падлозе, піць кефір і думаць, як ставіцца да таго, што манашкі ў фоташопе апрацоўваюць выявы Хрыста. І ці правільна падчас працы слухаць беларускія аўдыякнігі, пакуль знаходзішся ў эпіцэнтры расійскай культуры.
***
У манастыры падчас малебну я разглядаў ногі каляжанкі Евы. Цудоўна, што ў манастыр дзяўчынам забараняецца надзяваць порткі. Прасці, Госпадзі.
***
Дзе ў Мінску набыць жывую лаванду? Ева любіць лаванду.
***
У галаве адна Ева. Сёння не захацеў ісці на працу. Я кажу:
— Іосіфаўна, у мяне тэмпература трыццаць восем, як у Турцыі. А яна мне:
— Ну і мужыкі пайшлі! З тэмпературай трыццаць восем не могуць выйсці на працу!
Бляха, ну і аканомкі пайшлі! Усё, мне не сорамна за гэты падман пра тэмпературу. І гэта не завод — гэта тэатр, дзе тонкая душэўная арганізацыя ёсць нават у швабры.
Манастырская дырэктарка на просьбу не выходзіць сёння адказала:
— Задзёўб ужо, Андрушка.
Усіх я задзёўб.
***
Ева расчулілася ад лаванды. Цікава, як яна адрэагуе на тое, што з раніцы я дворнік і корпаюся ў смецці? Дзяўчаты, як вы рэагуеце на тое, што вашыя хлопцы корпаюцца ў смецці?