снежань
***
«Гуляць дык гуляць», — падумаў я і купіў квіток на цягнік да Вільні.
2015 год
студзень
***
У Вільні ёсць традыцыя, калі суседзі і сябры сустракаюць Новы год у любімай кавярні — у такім амаль сямейным коле, дзе трыццаць першага вам скажуць:
— Выбачайце, сёння мы зачыненыя, мы святкуем Новы год з нашымі суседзямі-сябрамі.
І нават калі ў вас будзе самая прыгожая сукенка ці самы тоўсты гаманец, трапіць туды немагчыма.
Нам з Кацяй пашчасціла. Можа, таму, што мы беларусы і гаспадыні захацелася падараваць нам асаблівыя ўспаміны пра Вільню.
— Што з вамі рабіць? Не пакідаць жа вас на дварэ? — сказала яна нам у тры гадзіны ночы.
У кавярні і папраўдзе былі толькі свае. Літоўская княгіня, мастак, хірург, яшчэ некалькі чалавек. Усе яны жывуць у дамах побач. Пазней зайшоў паліцыянт пасля начнога дзяжурства. Ён таксама мясцовы. Большасць з іх яшчэ дзецьмі гулялі разам, залазілі на муры ля вежы Гедыміна, кахалі адно аднаго, потым жаніліся, разыходзіліся.
І сустракалі Новы год разам. Нехта — усю ноч. Нехта толькі заходзіў павіншаваць, абняць.
Былі і замежныя госці. З тых тутэйшых, што зʼехалі, але вяртаюцца сустракаць Новы год дома. Яны прывозяць сваіх мужоў-жонак і далучаюць да яшчэ адной сямʼі — сямʼі суседзяў.
Кавярня расцягваецца, калі трэба, каб усім было ўтульна.
Альбо сціскаецца да маленькага пакойчыка, калі застаюцца толькі княгіня, мастак, паліцыянт, спячы хірург. І мы ўдвох — навалач-беларусы.
Княгіня запрасіла мяне на танец. Тое, што яна княгіня, было заўважна і без словаў. Я на развітанне сказаў:
— Мы никогда не встретимся, и мне очень жаль. А яна адказала:
— Мой милый, не жалей о том, что тебе не принадлежит. Береги то, что твоё по праву.
***
Скончыцца зіма, і я пераеду жыць у сваю хату.
Таму я люблю прыбіраць снег. Люблю прачынацца раней за самага спрытнага пеўня, есці вялікую талерку аўсянай кашы, бадзёра шпацыраваць упоцемках, калі ўсе прыстойныя людзі толькі пачынаюць ненавідзець свае будзільнікі. Люблю выносіць з тэатральнай каморкі рыдлёўку і рабіць на белай прасціне першую сцежку.
Люблю вяртацца дадому, дзе ёсць суп, гарачая ліпавая гарбата і цёплы Рома.
Скончыцца зіма, і я пераеду жыць у сваю хату. Таму я люблю прыбіраць снег: гэта як чысціць доўгую дарогу дадому.
***
Размаўляў з братам Шурыкам. Кажа, хата стаіць на месцы, а мяне возьмуць у Юравіцкую школу. З першага верасня я буду працаваць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Я ў дзяцінстве марыў пра гэта — стаць сельскім настаўнікам, але стаў журналістам. І тут раптам.
У гэтай школе навучаўся мой бацька. Ён хадзіў туды пешшу па пятнаццаць кіламетраў у адзін бок.
Люты
***
Праз адзін мільён восемсот чатырнаццаць тысяч чатырыста секунд я буду дома. А ўчора Іосіфаўна падпісала маю заяву на звальненне.
Куля зямная нахіляецца ў бок вясны.
***
Пабачыў новага дворніка Купалаўскага тэатра. Мы сутыкнуліся ў аддзеле кадраў. Як старае і новае, смерць і жыццё, зіма і вясна.
Але ў мяне засталіся тры апошнія дні. Тэатральныя рыдлёўкі і мётлы яшчэ тры дні падначалены мне. Каморка яшчэ тры дні мая.
А потым вазьму з сабой тэрмас, сяду ля фантана, буду піць гарбату ў сем раніцы і назіраць, як я не дворнік.
Абавязкова так зраблю.
Крыху падумаў і вырашыў замест гарбаты ўзяць каньяк.
***
Збіраю рэчы. Знайшоў свой дзіцячы вершык: Справа пижама.
Слева кровать. На кухне ножами Орудует мать.
***
У летапісах Купалаўскага тэатра цяпер два Горваты. Першы — маршалак шляхты Мінскай губерніі Атон Горват, які ахвяраваў 50 рублёў на будаўніцтва тэатра. І я, які сыграў ролю дворніка ў рэалістычнай працяглай дзеі. Ключ ад грымёркі здадзены, пячатка пастаўлена. Без авацый, без кветак і падзякаў, ціха, лёгка, незаўважна перацякаю ў новую ёмістасць. З галоўным набытым уменнем — не саромецца рабіць простыя рэчы.
Таксама нагадваю, што заўтра а сёмай адбудзецца ўрачысты алкаранішнік ля фантана і агледзіны новага дворніка. Усе ахвочыя могуць далучыцца.
***
Вельмі добра памятаю пачатак свайго сталічнага жыцця. Я называў кока-колу сокам, модна апранаўся на Жданах, вазіў з дому закаткі. Потым хутка пасталеў, стаў апранацца на Дынама, навучыўся казаць: «Мама, не нужны мне эці закаткі, што я буду с німі цягацца».